• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гомельскія філія ГА «БАЖ» спрычынілася да сустрэчы Нобелеўскай лаўрэаткі з аднакласнікамі

    Гомельская філія  ГА “БАЖ” разам з дэмакратычнымі структурамі арганізавала 12 жніўня сустрэчу пісьменніцы Святланы Алексіевіч з чытачамі абласнога  цэнтру, а 13 жніўня зладзіла паездку ў Капаткевіцкую сярэдняю школу Петрыкаўскага раёна, якую ў свой час скончыла лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў літаратуры.

    У Гомелі сустрэча праходзіла ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай. Гаварылі пра жыццё, літаратуру, стан грамадства.

    “У мяне няма адчування, — кажа Алексіевіч, — што я скончыла свае кнігі. Сыходзіць час тых 80‑х і 90‑х, і мы іначай жыццё адчуваем. Цяперашнія расчараванні накладваюцца на папярэдні досвед. Знікае ранейшы рамантызм. Нам той час ужо падаецца злачынным. З’яўляюцца ў нашым жыцці нейкія дзіўныя фігуры. У ранейшы час нават у страшным сне немагчыма было ўявіць, што Пуцін ці Лукашэнка будуць пры ўладзе. Там дзейнічала машына, трэба было расці, прайсці цэлую “школу жыцця”, каб кіраваць, а не пачынаць «рабіць сябе», калі ты ўжо пры ўладзе, “рабіць сябе”, калі ўсё рассыпана, усе сядзяць на абломках”.

    На думку Нобелеўскай лаўрэаткі, цывілізацыя ідзе на паніжэнне.

    З аднаго боку, машыны становяцца разумнейшымі, а чалавек як бы дурнейшы. Ён разумнейшы ў нейкіх навуковых рэчах, ён рухаецца, але як гуманітарны чалавек — ён, канечне, драбнее, скурчваецца. Свет ускладняецца, а людзі спрошчваюцца. Перамагае сярэдні чалавек”.

    Адказваючы на пытанне сяброўкі БАЖ Марыі Шыманоўскай пра пошук беларусамі нацыянальнай ідэнтычнасці, Алексіевіч заўважыла:

    “У нас нацыянальнай ідэяй можа быць толькі пабудова сваёй нацыянальнай дзяржавы, дзе была б наша нацыянальная мова. Я пэўны час меркавала, што ўлада пасля Крыму перахопіць у апазіцыі гэтую нацыянальную ідэю. Не можа быць нейкай паветранай нацыянальнай ідэі. Для нас, беларусаў, яна вельмі канкрэтная. У нас няма сваёй дзяржавы, бо мовы няма, школы не на беларускай мове размаўляюць, у беларускай літаратуры мізэрныя наклады. Гэта вельмі сур’ёзная праблема”.

    Ад Беларускай асацыяцыі журналістаў і ад землякоў старшыня Гомельскай філіі ГА «БАЖ» Анатоль Гатоўчыц паднёс пісьменніцы неглюбскі ручнік. Такі ж ручнік падаравала Алексіевіч і паэтка Ларыса Раманава з Веткі, а бардаўка Вольга Цярэшчанка праспявала пад гітару некалькі песень на беларускай і ўкраінскай мовах, чым вельмі расчуліла Алексіевіч.

    І зусім па-іншаму сталі ўспрымацца словы пісменніцы: “Я рада, што вырасла ў вёсцы сярод сталых людзей, жанчын, якіх у паваенныя гады было больш за ўсё. Памятаю іх цяжкую працу — рукі, лён. Мужчын дадалося пазней. На Гомельшчыне ў вёсцы Прысно мая першая настаўніца жыла. Бацька з вёскі Камаровічы, што на Петрыкаўшчыне. Ува мне моцная беларуская якасць. Калі я займалася “чырвонаю ідэяй”, то ідэя гэтая размаўляла на расейскай мове. Героі жылі па ўсёй вялікай краіне. Утопія размаўляла на рускай мове, таму ў мяне няма добрай беларускай мовы. Але ёсць фізічнае адчуванне свету — як у тых людзей, сярод якіх я вырасла”.

    13 жніўня Святлана Алексіевіч у суправаджэнні сяброў БАЖ наведала Капаткевіцкую сярэднюю школу, дзе сустракалася з аднакласнікамі і настаўнікамі.

    На больш шырокую чытацкую сустрэчу Петрыкаўскі райвыканкам патрабаваў падаваць заяўку як на арганізацыю масавага мерапрыемства.

    Будучая нобелеўская лаўрэатка скончыла Капаткевіцкую СШ у 1965‑м, на год раней, чым усе яе равеснікі. Бацькі аддалі Святлану ў школу не ў сем, як тады патрабавалася, а ў шэсць гадоў, бо самі былі настаўнікамі.

    У Капаткевічах Алексіевіч вучылася чатыры гады — з  8 па 11 клас.

    “Да таго, што завецца славаю, трэба яшчэ моцнае здароўе. Гэта вельмі цяжка. Я рада, што атрымалася, што прыехала. Многае я не пазнаю. Пазнаю толькі лес, палеткі, назвы. Паўстагоддзя мінула. Шмат што змянілася, і асабліва ў наш час, калі такія зломы адбыліся: сацыялізм, капіталізм — гэта розныя такія жыцці. Усё здорава змянілася, і мы ў тым ліку. Я жыла ў Івашкавічах, з Капаткевічамі я была не так збліжана. Але гэта мая родная школа, я яе скончыла, і я пра гэта заўжды памятаю”, — сказала Алексіевіч.

    Пісменніца выявіла сябе шчаслівым чалавекам: “Не ў сэнсе Нобелеўскай прэміі і яшчэ  дзесятака розных прэмій, а ў сэнсе таго, што  займалася тым, што мне было цікава — журналістыка, потым літаратура. Я мела такую магчымасць, мела магчымасць заставацца сама сабою”.

    Святлана Аляксандраўна прыгадала, што была на вайне, што яе судзілі за кнігу. І з працы за кнігі выганялі, у прыватнасьці, з часопісу “Неман”.

    “Тут сядзяць і маладыя дзяўчаткі, — звярнула ўвагу Алексіевіч на купку цяперашніх школьніц. — Каб чагосьці дасягнуць, трэба мець моцны характар, бо ў жыцці шмат спакусаў, расчараванняў, шмат матэрыяльных  памкненняў. Гэта ўсё рэчы, якія могуць лёгка змяць чалавека, збіць яго з шляху, не даць яму рэалізавацца на поўную сілу — не стаць роўным самому сабе. Трэба быць цалкам упэўненым ў тым, чаго вы хочаце, быць упэўненым, што менавіта гэта вам трэба. Трэба быць упэўненым, што гэта на баку дабра, што вы не служыце імгненнай міфалогіі, імгненнай аблудзе”.

    Пісменніца перакананая, што беларускі народ за дваццаць гадоў “мог бы зрабіць зусім іншую краіну, калі б была іншая праграма”.  Не вызначылася дзяржава нават з беларускай мовай: якую мову вывучаць — “наркамаўку” ці “ташашкевіцу”? Бракуе адпаведнай дзяржаўнай праграмы. Энтузіясты-адзіночкі не могуць зрабіць усё за дзяржаву.

    «Дзяржава Беларусь — гэта вечнае, а сённяшнія людзі, і тыя, што “наверсе”, і тыя, што “ўнізе” — яны часовыя”, — заявіла Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч падчас сустрэчы з аднакласнікамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці