Гомельскі мясакамбінат падаў у суд на “Сильные Новости” за матэрыял пра каўбасу
6 кастрычніка Эканамічны суд Гомельскай вобласці пачаў разгляд іску мясцовага мясакамбіната да сайта “Сильные новости”.
Прычынай судовага разбіральніцтва стала публікацыя “Фотофакт: “Поесть и животинку погладить”: на Гомельском мясокомбинате изготовили колбасу со шкурой и шерстью внутри”. Як тлумачаць у рэдакцыі, у ліпені адзін з чытачоў выклаў у суполцы “СН” у сацыяльнай сетцы “Вконтакте” здымак кавалка каўбасы, у якім бачна скура і поўсць.
Здымак ён падпісаў так: «Вот какую колбаску я купил… Кусок шкуры с шёрсткой внутри… Больше гомельскую никогда не покупаю и вам не советую».
Навіну паглядзелі звыш 20 тысяч наведнікаў сайта. Адрэагавала на яе і ААТ “Гомельскі мясакамбінат”. Прадстаўнік прадпрыемства патэлефанаваў у рэдакцыю і заявіў, што згаданы гатунак каўбасы не вырабляецца з 2015 года. Чытач таксама пацвердзіў, што здымак зроблены летась. Гэту акалічнасць дадалі ў паведамленне пра каўбасу. Аднак кіраўніцтва мясакамбіната гэта не задаволіла — у суд паступіў іск аб абароне дзелавой рэпутацыі.
Прадпрыемства патрабуе ад “Цэнтра рэгіянальнага развіцця ГДФ”, заснавальніка сайта “Сильные Новости”, абвергнуць звесткі, прынесці прабачэнне і кампенсаваць дзяржаўную пошліну ў суме 420 рублёў за разгляд справы ў судзе. Дырэктар цэнтра Пётр Кузняцоў паведаміў, што ніякіх згадак наконт таго, у чым менавіта выявілася шкода прадпрыемству, у іску няма, хоць пленум Вярхоўнага суда, аналізуючы падобную судовую практыку, указвае, што такое абгрунтаванне мусіць быць.
— Я схільны разглядаць гэтую справу хутчэй не як эканамічную, — заяўляе Кузняцоў.
— Мы сёння фактычна назіраем ланцуговую рэакцыю. Малаказавод “Мілкавіта” судзіцца з агенцтвам Associated Press, БТ пагражае судом сайту Kyky.org. Нядаўна скончылася падобнае разбіральніцтва ў Рагачове малочнага камбіната з грамадзянамі. Цяпер вось пазоў да нас. Гэта не выпадковае супадзенне. У свой час мы бачылі хвалю іскаў розных дзеячоў да незалежных выданняў, у выніку чаго, як мяркуюць многія, рэдакцыі пачалі схіляцца да самацэнзуры. Мяркую, што гэта можа быць часткай спланаванай вялікай кампаніі з мэтай навязаць самацэнзуру і інтэрнэт-СМІ”, — сказаў Пётр Кузняцоў прэс-службе ГА «БАЖ».