Юрась Карманаў пра суд з «Мілкавітай»: «Справа не ў малацэ, а ў свабодзе слова»
У чацвер суд Маскоўскага раёна задаволіў хадайніцтва абароны і пастанавіла перадаць іск “Мілкавіты” да Юрася Карманава ў Эканамічны суд горада Мінска. Там будуць прызначаныя новыя слуханні і журналіст АР спадзяецца, што суд справядліва і уважліва прааналізуе ўсе доказы.
«Мілкавіта» лічыць, што артыкул журналіста «нанёс шкоду дзелавой рэпутацыі кампаніі» і патрабуе абвергнуць звесткі не толькі на сайце ap.org, але і на шэрагу іншых сайтаў. У артыкуле гаворка ідзе пра фермера, які арганізаваў ферму ля знакаў «Стоп! Радыяцыя» і здае малако заводу «Мілкавіта» ў Хойніках.
Тэст паказаў, што колькасьць стронцыя перавышае норму ў 10 разоў. Прэс-служба ГА «БАЖ» паразмаўляла з Юрасем Карманавым пра сутнасьць канфлікта.
— Справа не ў малацэ, а ў хваравітай рэакцыі дзяржавы на маштабнае журналісцкае расследванне. Справа ў свабодзе слова.
У сваім расследванні мы паказалі сутнасць таго, што робіцца ў зоне. У самой зоне, у Палескім радыялагічным запаведку, за калючым дротам, існуе дзяржаўная гаспадарка, якая разводзіць коней. На момант падрыхтоўкі матэрыяла ў іх было больш за 250 коней. І 100 коней яны прадалі ў Мінск, у фірму, якая рэкламуе кумыс.
Каля радыялагічнага запаведніка мы знайшлі малочную ферму, дзе каровы пасвяцца у кіламетры ад знакаў «Стоп! Радыяцыя». І потым гэтае малако ідзе на завод «Мілкавіты» ў Хойніках. Тэст паказаў перавышэнне стронцыя ў 10 разоў!
Таксама мы паказалі, як руйнуюцца адселеныя радыёактыўныя вёскі і гэтыя землі разворваюцца і актыўна ўводзяцца ў сельгасабарот.
І, нарэшце, мы паказалі, што ў Беларусі ўвогуле не праводзіцца праверка на трансуранавыя элементы. Правяраюць на цэзій і стронцый. Але, паводле афіцыйнай статыстыкі, 2 % тэрыторыі Беларусі забруджаныя трансуранавымі элементамі. Усе спецыялісты кажуць пра небяспеку амерыцыя. Але ў нас няма нават тэстаў, каб вызначыць утрыманне амерыцыя ў прадуктах.
Вось у гэтым сутнасць нашага журналісцкага расследвання. І што мы бачым?
Пасля выхаду артыкула Дзяржаўны дэпартамент па справах Чарнобылю не зацікавілі ні радыёактыўныя коні ў зоне, ні амерыцый, ні прыватная ферма, якая месціцца ля знакаў «Стоп! Радыцыя». Дэпартамент праводзіць свае тэсты, якія паказваюць, што малако ў парадку. І на дзяржаўны дэпартамент спасылаецца ў сваім іску «Мілкавіта». Гэта і ёсць рэакцыя дзяржавы. І справа не ў малацэ, а ў свабодзе слова.
— А чаму дзяржава так востра рэагуе на гэтае расследванне?
Мы бачым, што на тэму Чарнобыля ў Беларусі накладзенае табу. Па-першае, малако стала для дзяржавы «белай нафтай», якая экспартуецца ў Расію. Завод «Мілкавіты» ў Хойніках 90 % сваёй прадукцыі пастаўляе ў Расію, у Маскву. І дзяржаве важна паказаць, што беларускае малако бяспечнае.
Па-другое, любыя спробы даследвання чарнобыльскай зоны натыкаюцца на хваравітую рэакцыю дзяржавы. Дзяржава закрыла тэму Чарнобыля. «Радыяцыі не бачна і ніхто з дзвюмя галавамі ў нас не нараджаецца», — казалі нам прадстаўнікі гаспадарак і жыхары зоны.
Разам з тым, узровень захворвання на рак шчытападобнай залозы ў дзяцей, поводле афіцыйнай статыстыкі, у 33 разы вышэй, чым да выбуху на ЧАЭС.
Ежа становіцца асноўнай крыніцай патрапляння радыяцыі ў арганізм чалавека. І гэта праблема тычыцца кожнага жыхара Беларусі. Гэта тэма ўяўляе грамадска-значны інтарэс. І пра гэтую тэму павінны казаць журналісты. Ніхто не можа пайсці ў краму і набыць крыху бяспечай ежы. І якраз справа дзяржавы нас бараніць.
— Чым матывуе свае прэтэнзіі «Мілкавіта»?
— Юрысты не зусім разумеюць сутнасць судовай позвы. У сваім матэрыяле мы спасылаемся на афіцыйнага прадстаўніка «Мілкавіты» Маю Феданчук, якая абвяргае інфармацыю пра 10-кратнае перавышэнне ўзроўню стронцыя. Яна кажа, што малако адпавядае санітарным патрабаваннем. Мы цытуем і словы, і лічбы «Мілкавіты».
Расследванне праведзенае паводле ўсіх канонаў гэтага журналісцкага жанру. І яно не можа ўплываць на дзелавую рэпутацыю «Мілкавіты» .Таму мы будзем падаваць хадайніцтва аб удакладненні сутнасці прэтэнзій.