Генпракуратура пакрыўдзілася на “пранкерства” Павука і пачала супраць блогера крымінальную справу
Упраўленне ўласнай бяспекі Генеральнай пракуратуры Беларусі адкрыла крымінальную справу “за аказанне садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці” ў дачыненні да блогера Андрэя Павука. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні ведамства.
Там нагадалі, што Андрэй Павук ужо знаходзіцца ў вышуку за “сістэматычнае ўчыненне злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці”. У дачыненні да эпатажнага блогера ўжо заведзеная справа паводле арт. 370 (знявага дзяржаўных сімвалаў), ч. 3 арт. 203–1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса.
Апошняе “свавольства” Андрэя Павука, як вызначыла Генпракуратура, датуецца 18 снежня. Удакладняецца, што ён размясціў у адным з “дэструктыўных” Telegram-каналаў публікацыю са спасылкай на відэаролік, у якім, называючы сябе суддзёй, тэлефанаваў пракурорскім работнікам і іх блізкім сваякам.
У гутарках з імі Андрэй Павук паведамляў “загадзя ілжывыя звесткі пра палітычнае становішча Рэспублікі Беларусь, распаўсюджваў паклёпніцкія звесткі ў адносінах да кіраўніка дзяржавы”.
Такія дзеянні кваліфікаваны на падставе ч. 1 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса. Санкцыя за “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да 4 гадоў ці пазбаўленне волі ад 2 да 6 гадоў.
Для арганізацыі папярэдняга расследавання акалічнасцяў правапарушэння крымінальная справа накіраваная ў Следчы камітэт, гаворыцца ў Telegram-канале Генпракуратуры.
Андрэй Павук родам з Нароўлі на Гомельшчыне, адзін з тысяч вымушаных чарнобыльскіх перасяленцаў. Ён папулярны блогер, аўтар YouTube-канала «Рудабельская паказуха». За грамадзянскую пазіцыю яго неаднаразова затрымлівалі, прыцягвалі да адказнасці ў райцэнтры Акцябрскім, дзе жыў да эміграцыі.
У кастрычніку 2020 года, ратуючыся ад пераследу, з’ехаў з сям’ёй у Вільню. На пачатку быў у камандзе сайта зняволенага калегі-блогера Сяргея Ціханоўскага «Страна для жизни», цяпер засяроджаны на дуэце «Красная зелень» — са спявачкай Маргарытай Ляўчук запісвае сатырычныя ролікі «на злобу дня».
Акрамя таго, Андрэй Павук рэгулярна троліць беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў. Не так даўно ў ягоныя “сеткі” патрапіў намеснік міністра ўнутраных спраў, экс-кіраўнік сумна вядомага карнага падраздзялення ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў.
Даведаўшыся, хто да яго датэлефанаваўся, міліцэйскі генерал абазваў блогера “жывёлай”, але больш не знайшоў слоў, каб прыдумаць, што з ім зробіць, калі знойдзе.
Чытайце яшчэ:
Блогер Андрей Паук: “Власть и ее сторонники беззащитны перед свободой слова, правдой и открытостью”
Расследаванні ў беларускіх рэаліях: лайфхакі як здабываць і правяраць інфармацыю
Бацька Луцкінай: «Дачка можа сустрэцца перад Новым годам з сынам…»