Бацька Луцкінай: «Дачка можа сустрэцца перад Новым годам з сынам…»
Бацька зняволенай журналісткі Ксеніі Луцкінай распавёў «Народнай Волі» некаторыя падрабязнасці пра яе стан здароўя.
Нагадаем: Ксенію Луцкіну, якая ў 2020 годзе працавала ў Белтэлерадыёкампаніі і заняла прынцыповую пазіцыю падчас пратэстных акцый, абвінавачвалі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Паводле версіі следства, яна ўвайшла «ў склад так званай «Каардынацыйнай рады» і «ўзначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ», займалася стварэннем «грамадскага беларускага інтэрактыўнага тэлебачання».
За час знаходжання за кратамі ў Ксеніі Луцкінай моцна пагоршылася здароўе: абвастрылася бранхіяльная астма, павялічваецца пухліна ў мозгу – у 2014 годзе жанчыне зрабілі аперацыю і выдалілі дзве пухліны ў галаве.
28 верасня Мінскі гарадскі суд прысудзіў журналістцы 8 гадоў зняволення.
– 27 снежня Вярхоўны суд будзе разглядаць апеляцыйную скаргу на рашэнне папярэдняй інстанцыі, – кажа Алег ЛУЦКІН, бацька журналісткі. – Зараз яна знаходзіццца ў бальнічнай камеры следчага ізалятара ў Гомелі, яе туды адправілі практычна адразу, як перавезлі з Мінска. У камеры – тры чалавекі, дазволена ляжаць. Нейкія лекі даюць, лечаць… Ксенія яшчэ і бранхіт падчапіла, таму рабілі рэнтген, УЗІ.
– А на МРТ не вазілі?
– Не вазілі, хаця галаўныя болі ў дачкі не праходзяць. Пухліна як была, так і засталася, яна ж нікуды не знікла.
Натуральна, урачы таксама нічога не могуць сказаць, бо, як ужо казаў, апошнім часам МРТ не рабілі. Таму даюць нейкія лекі – і на гэтым усё. А далей пабачым, як будзе развівацца сітуацыя, калі ўжо перавязуць у калонію.
– Сыну Ксенія лісты дасылае рэгулярна?
– Так, і мы спадзяёмся, што пасля разгляду апеляцыі ёй дазволяць спатканне са мной і сынам. Калі ўсё будзе добра, то гэта будзе найлепшы навагодні падарунак і для дачкі, і для яе сына. Але не хацелася б зараней загадваць…
Чытаць яшчэ:
«Человек с большой буквы». Памяти Олега Гулака
Расследаванні ў беларускіх рэаліях: лайфхакі як здабываць і правяраць інфармацыю
«Падпарадкавацца гэтаму страху — значыць, прайграць». Апошняе інтэрв’ю Аляксея Стрэльнікава