Філосаф Уладзімір Мацкевіч пасля аперацыі зноў пераведзены ў турму
На пачатку жніўня вядомаму філосафу, які знаходзіцца ў зняволенні, была зроблена планавая аперацыя. Некаторы час ён знаходзіўся ў шпіталі ў Калядзічах (Мінскі раён). Цяпер жа яго зноў перавялі ў турму, паведамляецца ў акаўнце Уладзіміра Мацкевіча ў Facebook.
Як стала вядома 7 жніўня, філосафа перавязлі ў Рэспубліканскі шпіталь для планавай аперацыі, пасля якой ён праходзіў аднаўленчы перыяд.
Сёння, 18 жніўня, з’явілася паведамленне, што палітзняволенага зноў перавялі ў турму №4 (Магілёў).
Уладзімір Мацкевіч — беларускі філосаф і метадолаг быў затрыманы 4 жніўня 2021 года. Яму выставілі абвінавачанне ў «арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК).
Канчатковае абвінавачанне было ўжо па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса. У выніку Уладзімір Мацкевіч быў асуджаны да пяці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Спярша філосаф адбываў пакаранне ў Шклоўскай ПК №17, але напачатку 2023 года яму змянілі рэжым утрымання на больш жорсткі і перавялі ў магілёўскую турму №4.
МУС уключыў Уладзіміра Мацкевіча у спіс асоб, якія датычныя да экстрэмісцкай дзейнасці.
Чытайце яшэ:
«Філёзафу месца ў палітыцы». Хто такі Уладзімер Мацкевіч, які пачаў галадоўку
Уладзімір Мацкевіч: Як не стацца марыянеткай спецслужбаў?
Жонка Уладзіміра Мацкевіча: «са здароўем ёсць пэўныя праблемы…»