Фатограф падаў на конкурс выяву, створаную штучным інтэлектам. І перамог
«Колькі з вас западозрылі, што яна згенеравана штучным інтэлектам?». Барыс Эльдагсэн зрабіў гэта, каб справакаваць «грамадскую дыскусію аб будучыні фатаграфіі як мастацтва».
Нямецкі фотамастак Барыс Эльдагсэн падаў заяву на міжнародны фотаконкурс Sony World Photography Award. Ён заявіў на конкурс фота, якое было створана штучным інтэлектам і, нечакана для сябе, перамог у намінацыі «Крэатыў».
Пра гэты выпадак 18 красавіка напісала агенцтва Бі-бі-сі.
На згенераваным фотаздымку пад назвай Pseudomnesia: The Electrician («Псеўдамнезія: Электрык»), які быў створаны ў чорна-белых колерах, на першы погляд, няма ніякіх рэчаў, якія сведчылі б пра тое, што ён зроблены штучным інтэлектам. На ім адлюстраваны две звычайныя жанчыны розных пакаленняў, адна з якіх абдымае другую за плечы.
Гэтая выява перамагла ў конкурсе, пасля чаго Эльдагсэн адразу ж прызнаўся, што яна несапраўдная.
«Дзякуй, што выбралі мой фотаздымак і зрабілі гэты момант гістарычным, паколькі гэта першая выява, створаная штучным інтэлектам, якая перамагла ў прэстыжным міжнародным фотаконкурсе. Колькі з вас ведалі ці падазравалі, што яна была згенеравана штучным інтэлектам? Ці не падаецца вам, што нешта тут не так?» — заявіў Барыс Эльдагсэн адразу ж пасля заканчэння конкурсу.
Пасля гэтага ён дадаў, што выкарыстаў гэтую несапраўдную выяву для таго, каб ацаніць ступень падрыхтоўкі прэстыжных міжнародных конкурсаў да з’яўлення штучных твораў і «пачаць грамадскую дыскусію аб будучыні фатаграфіі як мастацтва».
І таму Эльдагсэн вырашыў адразу ж адмовіцца ад атрыманай узнагароды.
«Фоты, зробленыя штучным інтэлектам, не павінны на роўных умовах канкураваць з сапраўднымі фатаграфіямі. ШІ — гэта не фота, гэта два асобныя кірункі. Я не магу прыняць ўзнагароду», — скончыў фотамастак.
Аднак у Сусветнай арганізацыі фатаграфіі афіцыйна заявілі ў адказ, што Эльдагсэн яшчэ да аб’яўлення імёнаў пераможцаў у конкурсе згадваў, што яго праца зроблена пры дапамозе штучнага інтэлекту.
Прэс-служба арганізацыі адзначыла, што вітае такія «эксперыментальныя падыходы да стварэння выяў», таму праца Эльдагсэна прайшла на конкурс і нават змагла перамагчы.
Нагадаем, што яшчэ ў канцы сакавіка па інтэрнэце сталі разыходзіцца нібыта рэальныя фатаграфіі Папы Рымскага ў пухавіку і Дональда Трампа, якога пераследуюць шмат паліцыянтаў.
Такія праўдападобныя фэйкі вымусілі сэрвісы па стварэнні выяў пры дапамозе штучнага інтэлекту значна абмежаваць іх вольнае выкарыстанне.
Чытайце яшчэ:
Остаться в профессии. Вся помощь журналистам и медиа по одной ссылке
Браты Сяргей і Аляксандр Сацукі адзначаюць юбілей. Першы — у калоніі, другі — у эміграцыі