Два вядучыя супрацоўнікі АНТ сышлі з канала і з’ехалі за мяжу
Як стала вядома «Нашай Ніве», дзяржаўны канал АНТ з пачатку года страціў двух вядучых супрацоўнікаў, якія ўцяклі за мяжу. Гэта былы кіраўнік інфармацыйнага вяшчання і еўрапейскага бюро АНТ Руслан Паддубскі, а таксама супрацоўніца пула Лукашэнкі Наталля Стэльмах.
Руслан Паддубскі некалі ўзначальваў усё інфармацыйнае вяшчанне АНТ, пасля чаго стаў шэфам еўрапейскага офіса канала.
Апошні час ён і не жыў у Беларусі, а працаваў з адной з еўрапейскіх краін, дзе вучацца яго дзеці.
Апошні сюжэт з ягоным удзелам на АНТ — 25 лютага. Ён расказваў пра рэакцыю еўрапейскіх палітыкаў на вайну, а таксама цытаваў маргінальных заходніх дзеячаў, якія праводзілі лінію «нам трэба зразумець і прыняць патрабаванні Расіі».
Пасля гэтага ніводнага сюжэта за ягоным прозвішчам на канале не выйшла. Як нам вядома, Паддубскі звольніўся з канала, не стаў вяртацца ў Беларусь і застаўся жыць у адной з краін ЕС.
Каментаваць сваё рашэнне «Нашай Ніве» не стаў.
«Каментароў даваць не буду, бо і каментаваць тут няма чаго», — адказаў ён на запыт у месенджары.
Наталля Стэльмах — адна з зорак лукашэнкаўскага пулу. На канале яна працавала больш за 10 гадоў, ёй было прыемна здымаць прапагандысцкія ролікі і круціцца ў колах лукашэнкаўскай наменклатуры.
Яна спрабавала рамантызаваць гэтых людзей у сваёй праграме «Двое із Дворца», казала Лукашэнку, што «грамадства чакае, калі вы ўжо прызнаеце Крым?».
Яна рыхтавала рэпартажы з выбараў-2020 і нядаўняга рэферэндуму. Але пасля 9 сакавіка на АНТ не выходзіла яе сюжэтаў.
Разам са сваім партнёрам яна пакінула Беларусь і перабралася ў Мексіку.
Пераезд журналісткі заўважыў канал «МотолькоПомогі». У сваім інстаграме Стэльмах апісвае жыццё ў Лацінскай Амерыцы.
Як нам вядома, у Беларусь яна вяртацца не збіраецца, а прычынай сыходу таксама лічыць далейшую немагчымасць апраўдання дзеянняў лукашэнкаўскага рэжыму і Расіі.
Стэльмах на пытанні «Нашай Нівы» адказваць не стала.
Чытайце яшчэ:
Беларускія і ўкраінскія праваабаронцы заклікалі ўлады Ўкраіны спрасьціць легалізацыю беларусаў
Партрэты палітзняволеных журналістаў з’явіліся ў Львоўскім музеі
Часть денег от «Яндекс.Такси» и Uber теперь будут забирать на госСМИ