Добрушскія прапагандысты распавядаюць пра тое, як кепска жыць у Польшчы
Сайт дзяржаўнай газеты «Добрушскі край» апублікаваў калонку галоўнага рэдактара пад назвай «Чаму ў Польшчы зноў загаварылі пра рэпарацыі ад Германіі і Расіі». Галоўны рэдактар выдання Сяргей Чайдак — паважаны сярод гомельскіх чыноўнікаў чалавек. У верасні, напярэдадні прапагандысцкага свята Дня народнага адзінства, атрымаў ад кіраўніка вобласці нават медаль. І цяпер распавядае пра тое, што Польшча стала аўтсайдарам.
Лейтматыў калонкі — Польшчы вельмі патрэбныя грошы, бо яе ліхаманіць ад крызісаў, таму яны і збіраюцца ацаніць суму кампенсацыі ад Расіі як спадчынніцы СССР.
У тэксце галоўны рэдактар не адмаўляецца ад выкарыстання мовы нянавісці. Напрыклад, на старонках афіцыйнага дзяржаўнага выдання выкарыстоўваецца слова “пшэкі”, “хадзіць па свеце з выцягнутай рукой”. Згадваюцца і словы Брэжнева, што “палякі грызліся з намі за кожную капейчыну”.
Сяргей Чайдак згадвае, як шмат грошай СССР выдаткоўваў на Польшчу. Нібыта з 1944 па 1960 гады СССР выдаў Польшчы цэлых 600 мільярдаў долараў.
Праўда, Сяргей Чайдак замоўчвае пра тое, што ў чэрвені 1956 года ў Познані рабочыя заводаў выйшлі пратэставаць супраць жабрацкіх заробкаў і нізкага ўзроўню жыцця, які быў ніжэйшы, чым да вайны. Аднак сярод эканамічных транспарантаў (“Мы хочам хлеба для нашых дзяцей”, “Хочам жыць нармальна”) былі і палітычныя: “Прэч з камуністамі”, “Свабоды”, “Прэч з няволяй, прэч з сямюдзесяццю гадамі няволі”, “Прэч з Ракасоўкім”, “Хочам Польшчы каталіцкай, а не бальшавіцкай”.
Напрыканцы прапагандысцкага тэксту Сяргей Чайдак робіць выснову: улады Польшчы будуць тлумачыць сваім грамадзянам, што ў краіне кепска жывуць, бо “рускія раскралі краіну і не заплацілі за нанесеную шкоду”. Між іншым, у Польшчы (паводле дадзеных ZUS, аналагу беларускага ФСАН, на сакавік 2023 года) толькі афіцыйна працуе 116 тысяч беларускіх грамадзян. Гэта як насельніцтва шасці Добрушаў.
Чытайце яшчэ:
Газета «Мінская праўда» — відаць, самае адыёзнае дзяржвыданне краіны апошніх гадоў. Расказваем, як і чаму яна ім стала
Выкрывайце правільна: аналіз і дэканструкцыя прапагандысцкіх наратываў
Провластные тролли в региональных пабликах: кто они?