Выкрывайце правільна: аналіз і дэканструкцыя прапагандысцкіх наратываў
Навучыцца эфектыўна выкрываць маніпулятыўныя наратывы, разбірацца ў складаных інфармацыйных патоках і абараняць сябе і іншых ад уплыву хлусні?
Пра метады аналізу і дэканструкцыі хітрасцей прапагандыстаў на вэбінары распавялі спецыялістка ў сферы камунікацыі Ірына Сідорская і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.
Мэта прапаганды — прымусіць аўдыторыю дзейнічаць пэўным чынам
Калі ў людзей ёсць крытычнае мысленне і яны карыстаюцца іншымі крыніцамі інфармацыі, тады ўплыў прапаганды меншы. Але ж яна ўладкавана так, што вынішчае ўсе астатнія крыніцы інфармацыі і імкнецца стаць манапалістам. А калі ў цябе ёсць манапалісты, хочаш ці не хочаш прыслухоўваешся да таго, што гэты манапаліст кажа.
Прапагандысцкія наратывы часта бываюць вельмі пераканаўчымі і могуць лёгка ўвесці ў зман людзей, якія не маюць дастатковага вопыту і ведаў для іх аналізу. Таму важна ўмець выкрываць прапаганду, каб не стаць ахвярай маніпуляцыі. І журналісты і журналісткі, іншыя стваральнікі і стваральніцы кантэнту могуць зрабіць шмат, каб мінімізаваць уплыў прапаганды.
Прапаганда — гэта распаўсюджванне інфармацыі, у тым ліку загадзя ілжывай для кантролю за мысленнем і паводзінамі мэтавай аўдыторыі праз уздзеянне на эмоцыі і розум людзей. У сучасным свеце прапаганда з’яўляецца адным з самых магутных інструментаў уздзеяння на грамадскую думку. Яна можа выкарыстоўвацца для прасоўвання любых ідэй — ад палітычных і эканамічных да сацыяльных і культурных.
Якія асаблівасці прапаганды робяць яе такой дастаткова эфектыўнай зброяй супраць грамадскай думкі? То-бок, што робіць прапаганда, чаго ніколі не робіць журналістыка:
- Прапаганда дзейнічае па прынцыпе «мэта апраўдвае сродкі». Гэта значыць выкарыстоўвае любыя сродкі для таго, каб дасягнуць пастаўленай мэты, не задумваючыся аб этычнасці выкарыстаных сродкаў.
- Прапаганда дапускае аднабаковую падачу і нават фальсіфікацыю інфармацыі. Калі ёсць пэўная мэта, тады прапагандысты бяруць толькі частку фактаў, нешта прыдумваюць і кажуць, што так і ёсць.
- Прапаганда падзяляе свет на сваіх і чужых. І гэтыя чужыя гэта не проста людзі, якія не падобныя да сваіх, гэта, па сутнасці, ворагі. Адпаведна, да ворагаў трэба ставіцца так, як ставяцца да ворагаў, то-бок яны практычна не людзі. Прапаганда расчалавечвае апанентаў, ператвараючы іх у ворагаў. Далей яна кажа, што гэтыя ворагі нават не людзі, яны пацукі, бацылы і гэтак далей.
- Прапаганда прапануе простыя рашэнні складаных праблем. Напрыклад, ёсць праблема з дэмаграфічнай бяспекай у Беларусі. Вядома, можна сказаць, што для гэтага трэба павышаць працягласць жыцця, ствараць інфраструктуру для маладых сем’яў, каб яны імкнуліся заводзіць дзяцей. Але зразумела, што ўсё гэта дастаткова складана. А можна сказаць (што прапаганда і робіць), што ва ўсім вінаватыя чайлдфры ці ЛГБТ-суполкі, такія заходнія святы, як Хэлоўін і гэтак далей. Маўляў, давайце іх забаронім і адразу праблема дэмаграфічнай бяспекі вырашыцца.
- Прапаганда ўключае нашы эмоцыі, а не розум. Аўдыторыя залучаецца і ёй хочацца як раз простых рашэнняў складаных праблем.
- Прапаганда не ўваходзіць у дыялог з аўдыторыяй, не адказвае на пытанні і не прымае пярэчанняў.
Мэта прапаганды — прымусіць аўдыторыю дзейнічаць пэўным чынам. То-бок прапаганда — гэта несумленная гульня. Адпаведна пытанне: як можна ўзаемадзейнічаць з прапагандысцкімі наратывамі, якім чынам можна з імі працаваць?
Хто крыніца? Якія мэты наратываў?
Першы крок да выкрыцця прапаганды — яе аналіз. Пры гэтым неабходна звярнуць увагу на наступныя моманты:
- Хто з’яўляецца крыніцай наратыву? Калі гэта арганізацыя альбо асоба, якая мае зацікаўленасць у распаўсюджванні пэўнай інфармацыі, то гэта можа быць прыкметай прапаганды.
- Якія мэты мае наратыў? Прапагандысцкія наратывы звычайна ствараюцца для таго, каб сфарміраваць у людзей пэўныя перакананні ці меркаванні.
- Якія метады выкарыстоўваюцца для распаўсюджвання наратыву? Прапаганда часта выкарыстоўвае эмацыйныя заклікі, стэрэатыпы і ілжывую інфармацыю.
Таксама ў прапагандысцкіх наратываў абавязкова прысутнічаюць павышаная эмацыйнасць, адсутнасць пункту гледжання іншага боку і нежаданне ўдзельнічаць у дыскусіі. Праўдзівасць інфармацыі прапаганда не гарантуе. Прычым гэта можа быць цалкам ілжывая інфармацыя – фэйк. Можа быць праўдзівай толькі частка інфармацыі. Сама інфармацыя можа быць праўдай, але ёй прыпісваецца іншая крыніца. Яшчэ варыянт, калі інфармацыя дакладная, але даецца ілжывая інтэрпрэтацыя.
Пры аналізы наратываў эксперты рэкамендуюць задаць сабе такія пытанні. Якое ўздзеянне наратыў закліканы аказаць на мэтавыя аўдыторыі? Якія эмоцыі закліканы выклікаць у аўдыторыі? Якія каштоўнасці альбо адмаўляе, альбо спрабуе падарваць? Якія кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя наступствы закліканы выклікаць? Што аўдыторыя зробіць ці не зробіць, пачуўшы гэты наратыў?
Навошта прапаганду трэба разбіраць на складнікі?
Пасля аналізу наратыву неабходна яго дэканструяваць, то-бок разабраць на складнікі. Гэта дапаможа выявіць яго слабыя месцы і абвергнуць аргументы. Пры дэканструкцыі прапагандысцкіх наратываў можна выкарыстоўваць наступныя метады:
- Праверка фактаў. Важна праверыць дакладнасць інфармацыі, на якой заснаваны наратыў. Для гэтага можна выкарыстоўваць розныя крыніцы, у тым ліку афіцыйныя дадзеныя, экспертныя ацэнкі.
- Раскрыццё мэтаў і матываў. Дзеля чаго ўвогуле прыдумалі гэты наратыў, чаму прапаганда яго ўвяла? Тут гаворка нават не пра тое, што парушылі стандарты, схлусілі. А навошта гэта зрабілі? Можа быць, сапраўды для таго, каб мы апусцілі рукі, каб сказалі, што ўсё так дрэнна, што трэба займацца толькі сваім асабістым жыццём, не лезці ў палітыку, у якой усё так жахліва і мы нічога не можам зрабіць.
- Дэканструкцыя прапагандысцкага наратыву. Неабходна абгрунтаваць іншы погляд на праблемы. Недастаткова проста раскласці прапагандысцкі наратыў і паказаць, што ён не праўдзівы і нічога з сябе не ўяўляе. Прырода пустэчы не прымае. Значыць замест прапагандысцкага наратыву неабходна прапанаваць нейкі іншы, які абапіраецца на праўдзівую аб’ектыўную інфармацыю, іншы погляд на праблему.
Алгарытм для дэканструкцыі прапагандысцкіх наратываў: па-першае, знайсці рэальную праблемную кропку, па-другое, адрозніваць праўду ад маніпуляцый, па-трэцяе, пакідаць тое, што можна пакінуць (праўду), па-чацвёртае, прапаноўваць іншы погляд на праблему.
Выкрыццё прапаганды — гэта важны навык, які дазваляе абараніць сябе ад маніпуляцыі і сфармуляваць меркаванне на аснове дакладнай інфармацыі. Пры гэтым важна памятаць, што прапаганда можа быць вельмі пераканаўчай, таму неабходна падыходзіць да яе аналізу і дэканструкцыі з усёй сур’ёзнасцю.
Чытайце яшчэ:
Чаму людзі ня вераць фактам? І што з гэтым можна зрабіць?
Праект «Пегас» — рэвалюцыя ў шпіянажы
Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў: «Рэдакцыі павінны клапаціцца пра бяспеку сваёй аўдыторыі»