Чарговы працэс над журналістам: судзяць рэдактара спецпраектаў газеты “Автобизнес”
Сёння пачынаецца судовы працэс у дачыненні да рэдактара спецпраектаў газеты “Автобизнес” (інтэрнэт-партал abw.by) Юрыя Гладчука. Яго разам з іншымі калегамі затрымалі сёлета ў чэрвені і вінавацяць у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Санкцыя крымінальнага артыкула прадугледжвае да трох гадоў зняволення.
Акрамя традыцыйнага ўжо “народнага артыкула” 342 Крымінальнага кодэкса, які аўтаматычна “чапляюць” на ўдзельнікаў масавых пратэстаў 2020 года, Юрыя Гладчука таксама вінавацяць у падпісцы на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.
Паводле папярэдняй інфармацыі, ягонай справай будзе займацца суд Фрунзенскага раёна Мінска. Увесь гэты час журналіста ўтрымліваюць у СІЗА №1.
16 чэрвеня сілавікі паведамілі пра затрыманне трох супрацоўнікаў аўтамабільнага партала “Автобизнес — abw.by”. Гэта галоўная рэдактарка выдання Юлія Мудрэўская, рэдактар рэкламных і спецыяльных праектаў Юрый Гладчук і выпускаючы рэдактар Вадзім Зянкевіч. Праваабарончая супольнасць прызнала іх палітычнымі вязнямі.
Як стала зразумела з «пакаяльных» відэа, растыражаваных блізкімі да праваахоўнікаў тэлеграм-каналамі, супраць Юрыя Гладчука і Юліі Мудрэўскай распачалі крымінальныя справы за “масавыя беспарадкі”, а Вадзіма Зянковіча пасля допыту адпусцілі з папярэджаннем паўторнага візіту ў выпадку фіксацыі “палітычнай актыўнасці”.
Пераследу журналістаў папярэднічаў хакерскі ўзлом праграмнай сістэмы партала. Так, 15 чэрвеня ў акаўнце на карпаратыўных сацыяльных сетках з’явілася правакацыйная публікацыя, што супрацоўнікі » Автобизнеса» нібыта ўчынялі «дзікунства і нагняталі сітуацыю ў краіне». Следам у працоўным чаце ўсплылі скрыны ўнутранага ліставання. Іншымі словамі, доступ да адміністравання атрымалі староннія асобы, а гэта можа значыць, рэсурс быў у “аператыўнай распрацоўцы”.
Пасля зняволення журналістаў сілавікі абвінавацілі іх не толькі ў “несанкцыянаваных мерапрыемствах” у жніўні-верасні 2020 года. Сярод іншага сцвярджалася, што рэдактарат з уласнай ініцыятывы не прапускаў на сайт «прадзяржаўныя навіны», а канкрэтна Юлія Мудрэўская ў карпаратыўных паведамленнях “заахвочвала падпалы машын журналістаў афіцыйных СМІ, а падчас пратэстаў кідала ў сілавікоў камяні і рушыла першай у калоне натоўпу з мэтай захопу аднаго з РУУС Мінска”. Зрэшты, на камеру сілавікоў рэдактарка пацвярджае толькі “ўдзел у акцыях з перакрыццём дарог», усе іншыя гвалтоўныя дзеянні адвяргае.
Рэдактар спецпраектаў Юрый Гладчук у выкладзеным відэа таксама кажа, што браў удзел у апазіцыйных мітынгах і быў падпісаны на тэлеграм-каналы, якія ўлады пазней прызналі “экстрэмісцкімі”.
На жаль, сваякі і калегі арыштаваных журналістаў не дзеляцца падрабязнасцямі іх лёсу.
Вядома, што суд над галоўнай рэдактаркай аўтапартала abw.by Юліяй Мудрэўскай пачаўся 19 верасня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. На разгляд справы прызначылі суддзю Алену Бушаву, якая зрабіла пасяджэнні закрытымі. Мудрэўскай, як і Юрыю Гладчуку, быў інкрымінаваны артыкул 342 Крымінальнага кодэкса — “арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх”.
Няма дакладнай інфармацыі, чым скончыўся працэс, але, паводле звестак абазнаных крыніц, у канцы верасня галоўнай рэдактарцы прысудзілі так званую “хатнюю хімію”, яна ўжо адбывае тэрмін. Каб не справакаваць больш жорсткае пакаранне, што апошнім часам шырока практыкуецца сілавікамі, родныя журналісткі вырашылі публічна не агучваць ніякую інфармацыю.
Акрамя таго, Юліі Мудрэўскай прысудзілі вялізны штраф на карысць прадпрыемства “Мінсктранс” за эканамічныя страты ў выніку “блакавання дарог” з боку пратэстоўцаў. Як паказвае досвед іншых працэсаў, у сярэднім сума кампенсацыі складае прыкладна 20 тысяч долараў у эквіваленце.
Чытайце яшчэ:
“Мы не хотим, чтобы Беларусь превратилась в черную информационную дыру”. О чем говорили на Форуме свободной журналистики
Снимки, полные боли. Агентство Reuters опубликовало главные новостные фотографии за 2022 год — показываем их
«На Катю оказывается моральное давление со стороны маргинальных личностей». Политзаключённая о Катерине Андреевой