• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Брестской газете» спаўняецца 20 год

    Незалежнае выданне “Брестская газета” 18 лістапада адзначае 20-гадовы юбілей. Як зазначае галоўны рэдактар Віктар Марчук, сёння пра папяровае выданне гаворкі няма, слова “газета” засталося толькі ў назве медыя. А калісьці ў 2002 годзе менавіта з газеты ўсё і пачыналася.

    “Брестская газета” стала, бадай, першай у рэгіёне, якую ўлады зачынілі пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. “Рэжым Лукашэнкі пазбавіў нас магчымасці выпускаць папяровую версію, то бок менавіта газету, у яе класічным разуменні са студзеня 2021 года”, — кажа  галоўны рэдактар “Брестской газеты” Віктар Марчук.

    Выпуск выдання быў прыпынены пасля паведамлення друкарні ў Брэсце аб скасаванні дамовы на друк. Выглядала гэта дзіўна, бо рэдакцыя сваечасова аплочвала ўсе паслугі. Спробы знайсці друкарню ў іншым горадзе краіны, каб працягнуць выхад газеты, таксама не далі плёну.

    Пасля гэтай гісторыі з “Брестской газетой» улады ў 2021 годзе дабраліся і да іншых незалежных перыядычных выданняў у Брэсцкай вобласці: адмовілі ў друку таксама “Информ-прогулке” (Лунінец), Іntex-press (Баранавічы), “Ганцавіцкаму часу”. Потым такі лёс напаткаў астатнія друкаваныя выданні па ўсёй Беларусі.

    “Прайшло ўжо амаль два гады, як мы без газеты. Добра, што ёсць інтэрнэт, ёсць сацсеткі і месенджары. Там наша каманда зараз і працуе. Наша аўдыторыя там непараўнальна большая, чым была ў папяровай версіі. Але па паперы сумуем”, — шчыра прызнаецца ў гутарцы са службай маніторынгу БАЖ Віктар Марчук.  

    Паводле яго меркавання, у Беларусі ХХІ стагоддзя не было нармальных умоў для працы незалежных грамадска-палітычных выданняў. А паколькі “Брестская газета” з’явілася ў 2002 годзе, то і гэтае выданне заўсёды адчувала, што давядзецца працаваць ва ўмовах ціску з боку ўладаў.

    “У той ці іншай ступені цяжкасці прысутнічалі заўсёды на працягу 20-гадовай гісторыі нашага выдання. Калі журналістаў недзяржаўнай газеты не пускаюць туды, куды запрашаюць калег з дзяржаўных СМІ — гэта, мякка кажучы, ненармальна. Калі арганізацыям і прадпрыемствам забараняюць даваць рэкламу ў прыватнае выданне — гэта таксама ненармальна.

    І такіх ненармальнасцяў было мноства: пачынаючы ад вытворчасці кантэнту і сканчаючы цяжкасцямі з яго распаўсюдам. Дыскрымінацыя па палітычных матывах — характэрная рыса не толькі беларускага рынку СМІ, але і сітуацыі ў краіне ў цэлым. Але такога бязмежжа, якое пачало адбывацца ў 2020 годзе і працягваецца да сёння, вядома ж ніхто не чакаў. Гэта выходзіць за межы разумення нармальнасці. Узровень злосці і агрэсіі з боку беларускіх уладаў у дачыненні да грамадзянскай супольнасці і незалежнай прэсы, у прыватнасці, перасягнуў усе магчымыя чаканні і самыя змрочныя здагадкі”, — зазначае Віктар Марчук.

    У 2009 годзе да папяровай версіі “Брестской газеты” дадаўся сайт выдання,  рэдакцыя пачала адначасова распаўсюджваць інфармацыю праз сацыяльныя сеткі. Але падзеі ў краіне адбіліся і на гэтых напрамках дзейнасці.

    8 ліпеня 2021 года прадстаўнікі КДБ зладзілі ператрусы не толькі ў офісе рэдакцыі “Брестской газеты”, але і ў кватэрах пяці яе супрацоўнікаў. Адметна, што з рэдакцыі сілавікі вывезлі абсалютна ўсю тэхніку, нават маніторы. У канцы лістапада 2021 года з’явілася пастанова суда, з якой вынікала, што публікацыі “Брестской газеты” лічацца “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. З таго часу сайт “Брестской газеты” заблакаваны, але па-ранейшаму дасяжны праз VPN. Пра навіны можна давецца і праз сацыяльныя сеткі выдання, рэдакцыйная палітыка пры гэтым не змянілася.

    “Сёння невялікая каманда “Брестской газеты” выпускае медыйныя прадукты для шырокай мультыплатформеннай аўдыторыі, якая налічвае больш за 150 тысяч падпісчыкаў. Для таго, каб яе не проста ўтрымаць, але і пашыраць, даводзіцца вельмі шмат працаваць. Але гэта наша любімая праца, таму, як кажуць, не ў цяжар”, — распавядае Віктар Марчук.

    Ён дадае, што “Брестская газета” сёння — гэта вядомы, паважаны брэнд і невялікая каманда аднадумцаў, прафесіяналаў і змагароў.

    Усе мы верым, што гэта міне і наступяць іншыя часы. Дзе ў пашане будуць гонар і сумленне, а за аб’ектыўнае меркаванне і выказаную праўду не будуць саджаць у турму, а пачнуць яшчэ больш паважаць, прыслухоўвацца і ставіць у прыклад. У нашага выдання ёсць дакладна вызначаная місія: рабіць усё, што ад нас залежыць, каб як мага хутчэй наступіла тая будучыня, пра якую марым мы і мільёны беларусаў”, — падсумоўвае галоўны рэдактар “Брестской газеты”.

    Чытайце яшчэ:

    Як працуе рэгіянальная ўкраінская журналістыка ў непасрэднай блізасці да фронту? Вялікая гутарка з «Накіпела»

    Палітыка, сатыра, крынж і коцікі. Што незалежныя медыя посцяць у сацсетках?

    Дзяніса Івашына выпусьцілі з карцару ў панядзелак

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці