• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларуская асацыяцыя журналістаў падвяла вынікі працы за тры гады + ФОТА

    У першай палове дня на з’ездзе Беларускай асацыяцыі журналістаў у Мінску сябры арганізацыі падводзілі вынікі працы аб’яднання за апошнія тры гады. З прамовамі выступілі Андрэй Бастунец, Алег Агееў, Юрась Карманаў, Аліна Суравец, Ірына Карамышава, Анатоль Гуляеў, Вольга Хвоін, Барыс Гарэцкі і іншыя.

    — У перыяд з красавіка 2015 па красавік  2018 года арганізацыя сутыкнулася з шэрагам выклікаў, — гаворыць старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

     Узнікла неабходнасць рэагаваць на:

    - пашырэнне практыкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі;

    - затрыманні журналістаў падчас масавых акцый;

    - прымяненне закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, а таксама Крымінальнага кодэкса для абмежавання свабоды выказвання і распаўсюду інфармацыі;

    - эканамічныя праблемы, якія вызначалі стан беларускай медыясферы, а таксама змены ў медыяспажыванні;

    - абмежаванні доступу да інфармацыі;

    - абмежаванне доступу да папулярных інтэрнет-рэсурсаў;

    - уплыў расійскай прапаганды на беларускую медыяпрастору.

    Напрыканцы 2017 года міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч абвесціў пра тое, што рыхтуюцца змены ў заканадаўства ў галіне СМІ, якія тычацца, у першую чаргу, інтэрнет-прасторы. Як толькі праект зменаў у заканадаўства трапіў да БАЖ, юрысты арганізацыі ў скрайне абмежаваны час падрыхтавалі свае заўвагі і прапановы да праекта закона і накіравалі іх у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а таксама ў Мінінфарм. Адбываюцца кансультацыі з прадстаўнікамі СМІ, інтэрнет-супольнасці, міжнародных арганізацый і структур з іншымі зацікаўленымі асобамі па магчымасці правядзення кампаніі лабіравання інтарэсаў медыясектара дзеля змякчэння прапанаваных паправак да закона і змянення практыкі яго прымянення.

    На думку экспертаў БАЖ, законапраект уводзіць залішнія і неабгрунтаваныя абмежаванні свабоды выказвання, найперш — у інтэрнэце. На IX з’ездзе БАЖ у красавіку 2015 года былі зацверджаныя Стратэгічныя накірункі дзейнасці арганізацыі.

    У дакуменце зафіксавана, што галоўнай мэтай дзейнасці ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з’яўляецца пашырэнне прасторы для свабоды слова праз падтрымку якаснай, запатрабаванай у грамадстве журналістыкі і распаўсюду праўдзівай інфармацыі, — сказаўАндрэй Бастунец.

     

    Адстойванне свабоды выказвання меркавання і права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі

    — Дзеянні БАЖ у гэтым стратэгічным накірунку былі накіраваныя на шэраг момантаў, — падводзіць вынікі юрыст БАЖ Алег Агееў.

    Найперш, гэта захаванне незалежнай журналістыкі ў краіне праз забеспячэнне прававой абароны і падтрымкі сябраў арганізацыі ў выпадку парушэнняў правоў,   абарона іх інтарэсаў у стасунках з дзяржаўнымі, грамадскімі і камерцыйнымі структурамі, а таксама праз арганізацыю грамадскіх кампаній у падтрымку незалежнай журналістыкі; умацаванне сістэмы падтрымкі журналістаў, якія трапілі ў крытычныя сітуацыі; фіксацыю і публічнае агалошванне фактаў парушэнняў права на свабоду слова і доступ да інфармацыі; правядзенне кампаніі за доступ да інфармацыі; падрыхтоўку прапаноў зменаў у заканадаўстве, накіраваных на рэфармаванне медыясферы.

    Прававая абарона сябраў БАЖ, якія падвяргаюцца ціску за сваю прафесійную дзейнасць, і падтрымка журналістаў, якія трапілі ў крытычныя сітуацыі.

    У цэнтры ўвагі юрыстаў БАЖ цягам 2015–2018 гг. былі справы па прыцягненні журналістаў да адказнасці па ч. 2 арт. 22.9 КаАП і па затрыманнях журналістаў у сувязі з выкананнем імі прафесійных абавязкаў.

    За справаздачны перыяд БАЖ зафіксавала больш за 100 выпадкаў штрафаў журналістам па артыкуле 22.9 КаАП (69 з якіх — у 2017 г.), і хваля ціску на іх працягваецца — 28 штрафаў ужо ў 2018 г.

    Падчас масавых акцый пратэсту ў 2017 г. рэзка павялічылася колькасць затрыманняў журналістаў. Калі ў 2015 і 2016 гадах гэта колькасць была адносна невялікай (2015 г.  — 19, 2016 г. — 13), то цягам 2017 года было зафіксавана 101 затрыманне. З пачатку 2018 г. БАЖ зафіксавала 10 выпадкаў затрыманняў.

    Сябрам БАЖ у выпадку парушэння іх прафесійных правоў аказвалася ўся магчымая прававая дапамога: кансультаванне, забеспячэнне прадстаўніцтва ў судах, абскарджанне судовых пастановаў на нацыянальным і на міжнародным узроўнях (звароты ў Камітэт па правах чалавека ААН).

    На жаль, у пераважнай большасці адміністрацыйных справаў супраць журналістаў абараніць сябраў БАЖ прававымі сродкамі было амаль немагчыма. Але ўсім тым, хто трапіў у складаную сітуацыю ў выніку пераследу за прафесійную дзейнасць, аказвалася ўся магчымая падтрымка, у тым ліку псіхалагічная.

    Акрамя дапамогі ў канкрэтных выпадках ціску на сябраў БАЖ, арганізацыя накіроўвала звароты ў дзяржаўныя органы з мэтай прадухіліць парушэнне правоў журналістаў і СМІ ці спыніць яго. Сярод адрасатаў зваротаў БАЖ у справаздачны перыяд: Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Канстытуцыйны суд, суды ўсіх узроўняў, Міністэрства інфармацыі, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства ўнутраных спраў, Следчы камітэт, Генеральная пракуратура і інш. Звароты тычыліся, сярод іншага, пераследу журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі медыямі без аккрэдытацыі, затрыманняў журналістаў, адкрытасці судовых працэсаў, блакіроўкі сайтаў: kyky,org, belaruspartysan.org, charter97.org, змены заканадаўства ў галіне СМІ і практыкі яго прымянення.

    Праца з дзяржаўнымі органамі дзеля ўдасканалення  заканадаўства аб СМІ і паляпшэння практыкі яго прымянення, падрыхтоўка прапаноў дзеля рэфармавання медыясферы

    Мэтай гэтага накірунку з’яўляецца паляпшэнне прававых умоў дзейнасці журналістаў і СМІ, пашырэнне прасторы свабоды слова.

    Лабіяванне інтарэсаў медыясектара і каштоўнасцяў свабоды выказвання ладзіцца як у самой Беларусі, так і на пляцоўках міжнародных устаноў, у якія ўваходзіць наша краіна (ААН, АБСЕ), і з якімі супрацоўнічае (напрыклад Савет Еўропы, Еўрасаюз і г. д.). Для гэтага ў міжнародныя ўстановы накіроўваюцца альтэрнатыўныя даклады ў галіне свабоды слова з прапановамі, якія потым  павінны разглядацца дзяржаўнымі органамі ў Беларусі. Асабліва шчыльнае супрацоўніцтва наладжана з Офісам Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, — падвёў вынікі працы Алег Агееў.

    Адукацыйныя курсы

    — Адукацыйныя курсы ставілі на мэце адаптаваць журналіста да імклівых зменаў у прафесіі, дапамагчы журналістам у авалоданні новымі інструментамі ў розных сферах працы — ад фота і відэа, да сацыяльных сетак і журналістыкі дадзеных, — падводзіць вынікі кіраўнік адукацыйнага накірунку БАЖ Юрась Карманаў.

    За апошнія тры гады БАЖ былі арганізаваныя 27 стацыянарных вочных і завочных курсаў, праз іх прайшлі больш за 300 чалавек. Двухмесячныя модульныя курсы БАЖ практыкаарыентаваныя.

    Кожны год БАЖ робіць 8–9 курсаў, прыцягваючы ў якасці выкладчыкаў найлепшых практыкуючых журналістаў. БАЖ імкнецца набіраць не больш за 12–14 чалавек на курс. Гэта аптымальная лічба, якая дазваляе трэнеру эфектыўна адсочваць выніковасць практычных заданняў. Але часам колькасць заявак перавышае 60. І тады вымушаныя павялічыць набор да 20–25 асобаў на курс. Так, да прыкладу, было з курсам па фатаграфіі і з “Навінамі па-новаму”.

    Выкладчыкамі на курсы БАЖ прыцягвае і замежных трэнераў, якія могуць пашырыць “беларускія гарызонты”, паказаць досвед працы журналіста ў Швецыі і Латвіі, Украіне і Расіі, Польшчы і Нарвегіі.

    Акрамя таго, цягам апошніх трох гадоў БАЖ зладзіў 9 in-house трэнінгаў, якія праводзіліся па запытах рэдакцый СМІ. Журналісты выданняў на месцы атрымлівалі парады для паляпшэння якасці матэрыялаў і арганізацыі працы ў рэдакцыях.

    — БАЖ пачаў практыкаваць фармат адкрытых лекцый, якія аказаліся запатрабаванымі ў журналістаў. Мы маем намер запрашаць на адкрытыя лекцыі не толькі зорак журналістыкі, але і вядомых блогераў, грамадскіх дзеячаў. Мы пачалі супрацоўнічаць з сайтам Беларускай асацыяцыі журналістаў — тэксты лекцый. запіс відэа можна паглядзець на сайце, таму прапануем вам карыстацца гэтым сэрвісам, — падвёў вынікі працы Юрась Карманаў.

     

    Адукацыйныя праграмы ў рэгіянальных структурах

    — У справаздачны перыяд прафесійнаму развіццю рэгіянальных журналістаў надавалася шмат увагі. За тры гады па запытах рэгіянальных сябраў БАЖ арганізавана і праведзена на месцах 37 майстар-класаў, 38 трэнінгаў, 19 семінараў, — працягнула намеснік старшыні БАЖ Аліна Суравец.

    — Найбольш запатрабаванымі былі тэмы пра сацыяльныя сеткі, стварэнне фота- і відэаматэрыялаў, прававую бяспеку і прафесійнае выгаранне.

    Усё часцей суполкі БАЖ сталі праводзіць міжрэгіянальныя трэнінгі, семінары, майстар-класы, якія даюць не толькі новыя веды, але і абмен асабістым досведам з журналістамі іншых СМІ і рэгіёнаў, таму і карысць ад іх удвая большая.

    Яшчэ адна тэндэнцыя апошніх гадоў: у рэгіёнах сталі больш запатрабаванымі мясцовыя трэнеры ці трэнеры з іншых рэгіёнаў (не толькі з Мінску).

    Цягам трох апошніх гадоў для рэгіянальных журналістаў і СМІ ладзіліся доўгатэрміновыя адукацыйныя праграмы (ад паўгода да 3 гадоў):

    Канвергентныя СМІ — для рэдакцый васьмі СМІ, якія пераходзілі з прынта на анлайн. Праз гэтую праграму прайшлі не толькі ўласнікі СМІ і галоўныя рэдактары, але і рэдактары сайтаў, рэкламныя службы, дызайнеры выданняў, сістэмныя адміністратары. Праводзяцца персанальныя і рэдакцыйныя кансультацыі па вэб-рэкламе, бізнес-стратэгіях, персаналу, манетызацыі сайтаў, стварэнні мультымедыйнага кантэнту, банка дадзеных і іншых накірунках.

    Медыяцыя — для журналістаў, якія мелі жаданне набыць веды па вядзенні перамоваў і вырашэнні канфліктаў. Вынікам праграмы можна лічыць тое, што ў рэгіёнах цяпер ёсць 10 медыятараў, якія здольныя весьці перамовы ў канфліктных сітуацыях, выступаць медыятарамі (трэцім бокам) у спрэчках, прасоўваць практыкі медыяцыі ў медыяасяродак.

    Медыябізнес — для рэдактараў і журналістаў, якія хочуць зарабляць грошы праз медыяпраекты. Курс па замове МФЖ (сябрам якой з’яўляецца БАЖ) правяла Бізнес-школа ІПМ. З 84 заяўнікаў на курс былі адабраныя 23 удзельнікі, з якіх да абароны праектаў дайшлі 16. Лепшыя 4 рэгіянальныя праекты былі адзначаныя журы.

    Школы журналістыкі — для журналістаў-пачаткоўцаў, якія маюць жаданне далучыцца да журналісцкай прафесіі. Праз Школы журналістыкі за 3 гады прайшло больш за 95 журналістаў (большасць з рэгіёнаў). Праз спецыяльныя трэнінгі для трэнераў былі падрыхтаваны дзевяць трэнераў-практыкаў, якія дапамагаюць моладзі зрабіць 10 крокаў да якаснай журналістыкі.

     

    Умацаванне арганізацыйнага патэнцыялу

    — Мэтамі дзейнасці ў гэтым стратэгічным накірунку былі  вызначаныя:  актыўны ўдзел сябраў БАЖ у жыцці арганізацыі; умацаванне філій і суполак арганізацыі і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, удасканаленне сістэмы камунікацыі; умацаванне матэрыяльнай базы арганізацыі і яе фінансавай устойлівасці (абнаўленне аргтэхнікі і праграмнага забеспячэння, наяўнасць памяшкання для адукацыйных і працоўных сустрэч, аптымізацыя сістэмы сяброўскіх унёскаў у арганізацыі) і гд, —працягвае Аліна Суравец.

    — На выніковай сустрэчы кіраўнікоў філіяў і актывістаў у 2017 годзе мы прааналізавалі, наколькі адпавядае дзейнасць філіяў стратэгіі БАЖ, і прышлі да высновы, што адпавядае практычна на 85–90 %.

    У сакавіку мы перагледзілі і дапрацавалі Стратэгію арганізацыі на 2018–2020 гг. Акрамя апісальнай часткі і асноўных накірункаў дзейнасці арганізацыі, распрацавалі план рэалізацыі стратэгіі БАЖ на 3 гады. Стратэгія будзе прадстаўленая на З’ездзе БАЖ.

    Асноўныя вынікі працы за 3 гады:

    У верасні 2015 г. БАЖ адзначыла сваё 20-годдзе, было праведзена  ўрачыстае мерапрыемства з удзелам сябраў арганізацыі і запрошаных.

    За 3 гады БАЖ арганізавала тры вялікія міжнародныя канферэнцыі:

    кастрычнік 2016 г. — па журналістскай этыцы (суместна з  FOJO і БСЖ);

    люты 2017 г. — наконт выклікаў беларускаму медыясектару і шансаў на выпраўленне сітуацыі;

    лістапад 2017 г.  —  па праблемах фрыланс-журналістыкі ў Беларусі.

    Усе канферэнцыі мелі вялікі розгалас і сталі пляцоўкай для публічнага абмеркавання медыйных пытанняў. У канферэнцыях прынялі ўдзел  прадстаўнікі FOJO, АБСЕ, МФЖ, ЕФЖ, БСЖ медыяэксперты з некаторых краін СНГ і Еўрасаюза.

    У 2017 годзе БАЖ выступіла арганізатарам працэсу напісання Стратэгіі незалежнага медыясектара Беларусі. Было праведзена 4 сесіі, на якія запрашаліся прадстаўнікі медыясектара Беларусі, медыяэксперты, НДА і інш. У працы над Стратэгіяй прынялі ўдзел звыш 80 асобаў. Дакумент прадстаўлены супольнасці праз мэтанакіраваную рассылку, хутка з’явіцца ў адкрытым доступе.

    Спартова-культурніцкі фэст “БАЖынкі”, які нарадзіўся ў асяродку рэгіянальных актывістаў ў 2008 годзе, стаў добрай традыцыяй грамадскага аб’яднання. Глыбокае, Гродна і Маладзечна апошнія тры гады прымалі бажаўцаў у сваіх філіях, займаліся арганізацыяй фэсту. У 2017 годзе ў падрыхтоўцы фэсту былі задзейнічаны і ўдзельнікі лідарскай праграмы БАЖ.

    На жаль, не атрымаўся “БАЖны дзень”, які быў прадугледжаны Стратэгічным планам. Удзельнікаў з ліку новых сябраў БАЖ, дзеля якіх праводзілася гэтае мерапрыемства, было вельмі мала, што ставіць пытанне пра неабходнасць яго правядзення ў дальнейшым.

     

    Дзейнасць рэгiянальных структур

    — У БАЖ на красавік 2018 года існуе 19 рэгіянальных філій і суполак, з іх 4 маюць афіцыйны статус (рэгістрацыю ў рай- і аблвыканкамах) і 15 суполак з’яўляюцца суполкамі сябраў БАЖ па месцы жыхарства, — працягвае Аліна Суравец.

    — За апошнія 3 гады колькасць рэгіянальных сябраў арганізацыі павялічылася на 77 чалавек, была створаная адна новая суполка — у Ганцавічах.

    Цягам апошніх трох гадоў у філіях і суполках адбылося 96 сходаў. Гэта значна больш, чым за папярэдні адпаведны перыяд. Гэта сведчыць, што за апошнія гады сябры ў філіях сталі больш шчыльна камунікаваць, ладзіць больш імпрэзаў, акцый салідарнасці з калегамі.

    Сітуацыя змянілася ў лепшы бок, дзякуючы індывідуальнай працы кіраўнікоў філіяў з сябрамі, стварэнню груп у сацыяльных сетках ды сістэмнаму планаванню дзейнасці філіяў, якое нарэшце прыжылося ў нашых структурах.

    Сістэмная праца філіяў нарадзіла шэраг мерапрыемстваў, якія сталі традыцыйнымі.

    Своеасаблівай адметнасцю Гомельскай філіі, акрамя прэс-тураў па Чарнобыльскай зоне, стаў  конкурс “За адданасць прафесіі!”, які  ладзіцца ўжо больш за 5 гадоў. Ён выйшаў за межы філіі, у ім удзельнічаюць журналісты з розных рэгіёнаў Беларусі.

    Глыбоцкая суполка штогод праводзіць выніковы сход у фармаце адроджаннага мясцовага абраду “Жаніцьба Цярэшкі”, ініцыявала правядзенне “Бульбяннога фэсту”.

    Лунінецкая філія добра вядомая як арганізатар байдарачных прэс-тураў і вераснёўскіх сустрэч “Разам з БАЖ” для школьнікаў і студэнтаў, акрамя таго яна штогод увосень збірае журналістаў і літаратараў Берасцейшчыны і ладзіць “круглыя сталы” (якіх адбылося ўжо 8).

    Віцебскія сябры БАЖ праславіліся гучнымі акцыямі салідарнасці кшталту фотасесіі “ў клетках на фоне птушак” і абаронай Парку партызанскай славы разам з грамадзянамі. Цягам справаздачнага перыяду сябры філіі за 3 гады стварылі 4 дакументальныя фільмы пра тое, што адбываецца на Віцебшчыне і тычыцца свабоды выказвання.

    За 3 гады рэгіянальнымі філіямі БАЖ было зладжана 13 прэс-тураў, 32 творчыя і літаратурныя сустрэчы, 26 прэс-клубаў, 15 “круглых сталоў” ды іншыя мерапрыемствы.

    Рэгіянальныя журналісты ладзілі акцыі салідарнасці з калегамі,  а таксама  дабрачынныя акцыі: дапамагалі дзецям, інвалідам, састарэлым, наведвалі прытулкі для жывёлаў, садзілі алеі і прыбіралі паркі, арганізоўвалі талаку і вечарыны па зборы сродкаў хворым дзецям. Усе гэтыя мерапрыемствы ладзіліся па ініцыятыве філіяў у рамках распачатай у снежні 2016 года “Эстафеты добрых спраў”. Ідэю “Эстафеты” прапанаваў Ілля Дзянісаў з Браслава, удзельнік лідарскага курса. А падхапілі яе амаль усе рэгіянальныя філіі і суполкі БАЖ. За першы год на рахунку “Эстафеты” каля 30 добрых спраў. Ёсць дамоўленасць філіяў прадоўжыць “Эстафету” і ў 2018 годзе.

    Добрай падтрымкай для працы філіяў у 2017 годзе стаў лідарскі курс для рэгіянальных актывістаў, які быў зладжаны супольна з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў. Большасць філіяў адгукнулася на прапанову даслаць на курс актывістаў. У выніку склалася група з 16 актывістаў, якія мелі жаданне набыць грамадскія кампетэнцыі і актыўна працаваць на ўмацаванне патэнцыялу філіяў і арганізацыі ў цэлым.

    У рамках лідарскага курса актывісты не толькі набывалі веды, але і мелі магчымасць распрацаваць і рэалізаваць асабістыя міні-праекты. Праца над імі распачалася ў час сесіі, прысвечанай праектнай дзейнасці і планаванню розных мерапрыемстваў.

    Дзякуючы лідарскаму курсу атрымалі жыццё ініцыятывы: Hrod­na­me­di­a­room (Вольга Корсун), бардаўскі фэст у Браславе (Ілля Дзянісаў), дэбаты ў Магілёве (Алесь Буракоў), Фармальныя сустрэчы журналістаў (Антон Сурапін) ў Баранавічах, Гродне і Мінску, вандроўка на радзіму Святланы Алексіевіч (Марына Драбышэўская), вела-тур праз Белавежскую пушчу (Максім Хлябец), фільм пра Чарнобыльцаў (Алена Шабуня) і г. д.

    Штогод БАЖ ладзіць конкурс “Філія года”.

    За апошнія тры гады лепшай філіяй (суполкай) БАЖ двойчы абіралі  віцебскую суполку БАЖ  (2015 і 2016 г.г., кіраўніца Алена Сцяпанава) і гомельскую гарадскую філію БАЖ (2017 г., кіраўнік Анатоль Гатоўчыц).

    Сярод лепшых называліся таксама глыбоцкая суполка (кіраўніцаТаццяна Смоткіна) і магілёўская суполка БАЖ (кіраўнік Барыс Вырвіч).

    Былі  адзначаныя дзейнасць гродзенскай суполкі БАЖ (кіраўніца суполкі Юлія Катаржынская)  — за арганізацыю і правядзенне фэста “БАЖынкі-2016” і  за рэалізацыю ў 2017 г. праектаў у сучасным фармаце; маладзечанская суполка БАЖ (кіраўніца Зоя Хруцкая), а таксама персанальна Таццяна Смоткіна, кіраўніца Глыбоцкай суполкі, і Алена Насковіч, кіраўніца Лунінецкай раённай філіі БАЖ — за ініцыятыўнасць і крэатыўнасць, пазітыўны падыход да справы, сумленную грамадскую працу.

     

    Сайт

    — У 2015 годзе сайт пераехаў на новую платформу, быў зменены дызайн сайта. Гэта зрабіла інтэрфейс больш простым і зразумелым карыстальнікам. Таксама з канца 2015 года была скарэктаваная рэдакцыйная палітыка. Калектыў сайта пачаў стала працаваць у сацсетках, больш шырока асвятляць падзеі, якія адбываюцца ў медыйнай сферы. Гэта пазітыўна паўплывала на дынаміку наведвальнасці сайта. А сацыяльныя сеткі,у прыватнасці Face­book, дазволілі пашырыць дыскусію і абмеркаванні сярод медыйнай супольнасці, — падвяла вынікі працы рэдактар сайту БАЖ Вольга Хвоін.

    Колькасць карыстальнікаў сайта ў 2017 г. у параўнанні з 2015 г. вырасла на +99 %  (да 88 076), колькасць прагляду старонак — на +24 %. (да 335 960).

    Аснову інфармацыйнага напаўнення сайта baj.by складае ўласны кантэнт (выключэннем з’яўляюцца рубрыкі “Замежжа”,  “Конкурсы і навучанне”, дзе вялікая колькасць запазычаных з іншых СМІ матэрыялаў). У сярэднім штодзень публікуецца каля пяці ўласных матэрыялаў у розных рубрыках. Таксама штодня сайт публікуе адзін уласны вялікі (галоўны) матэрыял.

     Таксама рэдакцыя мае намер зрабіць акцэнт на павелічэнне працы ў афлайн. Маюцца на ўвазе асветніцкія сустрэчы з цікавымі асобамі, публічныя дыскусіі. Гэта дазваляе не толькі ствараць інфанагоду, але і будаваць супольнасць, што важна для БАЖ як для грамадскай арганізацыі. Шэраг такіх сустрэч ужо адбыўся ў пачатку гэтага года, — падвяла вынікі працы Вольга Хвоін.

     

    Часопіс “Абажур”

    — У снежні 2018 года споўніцца 18 гадоў, як выйшаў першы нумар карпаратыўнага  часопіса “Абажур” (раней выдаваўся бюлетэнь “Чацвёртая ўлада”), — гаворыць галоўны рэдактар часопіса “Абажур” Уладзімір Дзюба.

    Бажаўскі часопіс ёсць грамадска-палітычным выданнем — і, разам з тым, летапісам беларускай незалежнай журналістыкі, куды ўвайшлі сотні асабістых гісторый, тысячы радасных і сумных падзей, якія мы пражылі разам. Аднак галоўнымі тэмамі выдання застаюцца абарона правоў работнікаў СМІ, удасканаленне адпаведнай заканадаўчай базы, абмен вопытам і ўмацаванне партнёрскіх стасункаў з журналісцкімі саюзамі Украіны, Літвы, Польшчы, Швецыі, Нарвегіі, Даніі.

    Апошнім часам змянілася канцэпцыя часопіса, у тым ліку з эканамічных прычын. Мы перайшлі на выданне спецыялізаваных выпускаў, прысвечаных, напрыклад, удасканаленню заканадаўства ў сферы СМІ, лічбавай бяспецы і асваенню новых тэхналогій, параўнанню беларускага вопыту развіцця медыяў і досведу нашых суседзяў і г. д. Тэматыка часопіса зарыентавана на прапанаваную БАЖ стратэгію развіцця беларускіх незалежных СМІ.

    Наклад часопіса “Абажур” распаўсюджваецца падчас адукацыйных семінараў і ў Школах маладога журналіста. За мінулыя тры гады выйшла 11 нумароў часопіса, электронная версія ўсіх выпускаў размешчана на сайце БАЖ, — падвёў вынікі працы Уладзімір Дзюба.

     

    Кампанія “Права на інфармацыю”

    — Адстойванне права на атрыманне інфармацыі заўсёды было і застаецца адным з галоўных накірункаў працы БАЖ, — гаворыць прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі.

    У 2015 і 2017 гадах прэс-служба БАЖ правяла два маштабныя апытанні журналістаў вядучых беларускіх СМІ на прадмет якасці працы прэс-службаў дзяржаўных ведамстваў і доступу да інфармацыі праз іх. Удзел у апытанні кожны раз бралі па 50 журналістаў медыя: “Наша Ніва”, “Комсомольская правда” в Белоруссии”, TUT.BY, БелаПАН, “Советская Белоруссия”, “Звязда” і шэрагу іншых. Калег прасілі ацаніць адкрытасць таго ці іншага ведамства для працы з журналістамі па дзесяцібальнай шкале.

    Журналістаў прасілі ацэньваць толькі працу тых структур, з якімі яны непасрэдна працуюць. У выніковую табліцу для большай дакладнасці ўвайшлі толькі ведамствы, працу якіх ацанілі як найменш 10 прадстаўнікоў розных СМІ.

    “Рэйтынгі закрытасці” паказалі існаванне сур’ёзнай праблемы з доступам да інфармацыі ў многіх ведамствах, часта непрафесійнасць і неадпаведнасць заканадаўству ў працы з журналістамі.

    Вынікі апытання публікаваліся на сайце БАЖ, у часопісе “Абажур”, а таксама рассылаліся ў дзяржаўныя ведамствы.

    Аналіз “Рэйтынгаў закрытасці” ад 2015 да 2017 года паказаў, што адмоўнымі лідарамі рэйтынгаў абодва разы аказваліся адны з важных у плане атрымання інфармацыі ведамстваў: ААЦ, КДБ, Міністэрства абароны, Міністэрства аховы здароў’я, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства інфармацыі. Разам з тым заўважаны і пазітыўныя змены.

    Напрыклад, у 2015 годзе сістэма судоў Беларусі была, па меркаванні калег, на чацвёртым з канца месцы паводле магчымасці атрымання інфармацыі. На сёння ж сістэма судоў, на думку журналістаў, стала адной з найбольш адкрытых для атрымання інфармацыі, — сказаў Барыс Гарэцкі.

    Таксама справаздачу з’езду далі сябра Кантрольна-рэвізійнай камісіі БАЖ Ірына Карамышава і старшыня Камісіі па этыцы БАЖ Анатоль Гуляеў.

    Абарона фрылансераў

    — Дзякуючы міжнароднай адвакацыйнай дзейнасці ў межах кампаніі «За фрыланс!» патрабаванне да беларускіх уладаў прызнасць журналістаў-фрылансераў на заканадаўчым узроўні было ўключана ў Рэзалюцыі Еўрапарламента па Беларусі ў 2016 і 2017 гадах, — далучыўся да выступленняў сябра Рады БАЖ Андрусь Клікуноў.

    — Увага да праблемаў і выклікаў беларускіх журналістаў-фрылансераў у Еўропе надзвычай высокая. Варта заўважыць, што двойчы экспертная група па фрыланс-журналістыцы Еўрапейскай федэрацыі журналістаў збіралася ў Мінску, у знак салідарнасці з беларускімі журналістамі-фрылансерамі, у 2014 і 2017 гг.

    З’езд і кіраўніцтва ЕФЖ неаднойчы аднагалосна прымаў заявы ў падтрымку беларускіх журналістаў-фрылансераў. Шведскія журналісты-фрылансеры падзяліліся практычным досведам паспяховае сучаснае фрыланс-журналістыкі з беларускімі калегамі на старонках выдання «Фрыланс у масмедыя: Швецыя — Беларусь» у 2017 годзе.

    У знак падтрымкі пацярпелых беларускіх журналістаў-фрылансераў новаабранае кіраўніцтва Экспертнай групы па фрыланс-журналістыцы Еўрапейскай федэрацыі журналістаў прапанавала прысвяціць сёлетні міжнародны Дзень салідарнасці журналістаў на пачатку верасня беларускім журналістам-фрылансерам, — распавёў Андрусь Клікуноў.

    Таксама перад прысутнымі выступілі Міхаіл Пастухоў, Зміцер Лукашук, Антон Сурапін і прадстаўнікі рэгіянальных філій і суполак БАЖ Алена Сцяпанава (Віцебск), Барыс Вырвіч (Магілёў), Таццяна Смоткіна (Глыбокае), Вольга Корсун (Гродна).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці