• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    БАЖ пратэстуе супраць ператрусу на «Белсаце» і новай крымінальнай справы — заява Праўлення

    9 красавіка Упраўленне Следчага камітэта па г. Мінску правяло ператрус у кватэры, якую выкарыстоўваюць для сваёй працы супрацоўнікі спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.

    У выніку ператрусу, які доўжыўся каля 4 гадзін і пацягнуў за сабой фактычны разгром офіса, былі забраныя два сістэмныя блокі, тры ноўтбукі і ўсе электронныя носьбіты інфармацыі.

    Як паведамілі ў Следчым камітэце, ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, заведзенай па факце распаўсюду паклёпніцкай інфармацыі на сайце тэлеканала. Журналісты мяркуюць, што падставай для крымінальнага пераследу стала памылка ў 2018 годзе ў артыкуле пра карупцыю, у якім памылкова быў згаданы старшыня Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз РБ Андрэй Швед.

    Пазней тэлеканал размясціў абвяржэнне і прынёс Шведу прабачэнні. Аднак крымінальная справа па факце паклёпу была распачатая.

    Пазіцыя ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” па такой катэгорыі спраў застаецца нязменнай з 2002 года.

    Журналісцкая арганізацыя выступае за дэкрыміналізацыю сямі артыкулаў, якія прадугледжваюць адказнасць за дыфамацыю, паводле Крымінальнага кодэкса: паклёп, абраза, паклёп у дачыненні да Прэзідэнта, абраза Прэзідэнта, абраза прадстаўніка ўлады, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, абраза суддзі.

    Непрапарцыйна, калі для абароны гонару і годнасці выкарыстоўваюцца сродкі крымінальнага пераследу. Ператрусы ў журналістаў і офісах медыя самі па сабе з’яўляюцца ўмяшальніцтвам у свабоду, бо перакрэсліваюць права журналістаў захоўваць крыніцы інфармацыі. А за апошнія месяцы гэта стала для сілавікоў амаль нормай. На нашу думку, такія справы павінны разглядацца ў судзе выключна ў межах грамадзянска-прававога працэсу.

    Беларускія ўлады рэгулярна атрымліваюць ад міжнародных арганізацый рэкамендацыі скасаваць згаданыя артыкулы Крымінальнага кодэкса. Апошнім разам гэта адбылося па выніках разгляду Камітэтам ААН па правах чалавека справаздачы пра выкананне Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у 2018 годзе.

    ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” заклікае ўлады Беларусі:

    - выконваць рэкамендацыі міжнародных арганізацый у галіне свабоды слова і скасаваць крымінальную адказнасць за дыфамацыю;

    - не выкарыстоўваць крымінальны пераслед супраць СМІ па дыфамацыйных артыкулах;

    - спыніць крымінальную справу аб паклёпе і вярнуць забраную тэхніку прадстаўнікам тэлеканала “Белсат”.

    Праўленне ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

     

    Як выглядае офіс Белсата пасля ператрусу ФОТЫ

    У офісе «Белсата» ў Мінску адбыўся ператрус — ён звязаны з крымінальнай справай аб паклёпе. Офіс разгромлены

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці