У офісе «Белсата» ў Мінску адбыўся ператрус — ён звязаны з крымінальнай справай аб паклёпе. Офіс разгромлены
Стала вядома, што ў офіс тэлеканала "Белсат" у Мінску прыйшлі міліцыянты рабіць ператрус. На гэта маецца пастанова Следчага камітэта. У межах якой справы праводзіцца следчае дзеянне пакуль невядома.
Побач з домам, дзе месціцца офіс, знаходзяцца журналісты. У пад’езд супрацоўнікі міліцыі нікога не пускаюць. Журналісты «Белсата», якія былі ў офісе, на званкі не адказваюць.
Міліцыянты зайшлі ў пад’езд з пілой-«балгаркай», якой можна разрэзаць металічныя дзверы.
У выніку дзверы ўсё ж адкчыніў журналіст Мікола Дзябёла, які знаходзіўся ў офісе.
Як распавёў TUT.BY прадстаўнік «Белсата» ў Беларусі Аляксей Мінчонак, ператрус праходзіць у межах расследавання справы паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса — паклёп.
— Я мала ведаю, але вядома, што справа тычыцца адной з нашых навінаў пра «справу медыкаў».
Па словах журналіста «Белсата» Алеся Залеўскага, ператрус, хутчэй за ўсё, звязаны з крымінальнай справай аб паклёпе, якую цяпер расследуе Следчы камітэт.
Летам 2018 года Залеўскі падрыхтаваў відэасюжэт пра карупцыю ў Міністэрстве аховы здароўя, дзе паведамлялася пра затрыманне кіраўніка дзяржпрадпрыемства «Медтехноцентр» Алега Шведа.
Але тэкставая версія на сайце тэлеканала не адпавядала відэа. У тэксце паведамлялася, што затрыманы не толькі Алег Швед, але і яго брат Андрэй, кіраўнік Дзяржкамітэта судовых экспертыз.
— Мы адразу, як заўважылі, далі абвяржэнне, выправілі памылку. Але Андрэй Швед напісаў заяву на імя Шуневіча з патрабаваннем прыцягнуць мяне да адказнасці па двух крымінальных артыкулах — паклёп і дыскрэдытацыя дзяржаўных органаў.
***
Хто такі Андрэй Швед?
Нарадзіўся ў 1973 годзе ў Лельчыцкім раёне. Скончыў юрфак БДУ (1996). Працаваў у пракуратуры Мінска (1996–1998), генеральнай пракуратуры (1998–2006). Быў начальнікам экспертна-прававога аддзела Рады бяспекі. У 2010–2011 — намеснік генеральнага пракурора. Пасля быў намеснікам старшыні ў наваствораным Следчым камітэце. Ад 2013 года — першы кіраўнік Камітэта судовых экспертыз. Генерал-маёр юстыцыі.
Па словах Залеўскага, яго пачала ўзмоцнена правяраць падатковая. У лістападзе Следчы камітэт, кажа журналіст, пастанавіў, што няма падстаў пачынаць крымінальную справу. Аднак у студзені гэтага года мінская пракуратура сама ўзбудзіла крымінальную справу па факце паклёпу, дадаў Залеўскі.
— Яны вярнулі назад справу ў СК. І зараз ідуць усе працэсуальныя дзеянні наноў. Толькі нас ужо дапытваюць як сведак, а не проста бяруць тлумачэнні. Ужо былі допыты на камеру.
Па словах журналіста, следчыя шукаюць чалавека, які выставіў на сайт тэкст пад відэасюжэтам.
— Яны рыхтуюць адпаведныя запыты ў Варшаву (там знаходзіцца галоўны офіс «Белсата» — TUT.BY). Таму справа можа працягнуцца некалькі месяцаў.
Па звестках Залеўскага, іншых крымінальных спраў у дачыненні да тэлеканала або яго супрацоўнікаў цяпер няма.
Сведкамі па гэтай справе праходзяць сам Залеўскі, аператар Аляксандр Любянчук, прадстаўнікі тэлеканала Аляксей Мінчонак і Ірына Слаўнікава.
Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч пацвердзіў, што вобшук праводзіцца ў межах расследавання справы паводле артыкула 188 Крымінальнага кодэкса — паклёп.
Журналіст Мікола Дзябёла, які быў у офісе падчас ператрусу, распавёў, што канфіскаваная ўся тэхніка. Таксама следчы даў яму падпісаць дакумент, што нельга разгалошваць артыкул Крымінальнага кодэкса, ў межах расследавання справы якога і адбываўся вобшук.
Дзябёла падкрэсліў, што гэты вобшук і канфіскацыя тэхнікі, як і ранейшыя падобныя дзеянні з боку ўладаў, скіраваныя на тое, каб перашкодзіць працы журналістаў «Белсата».
Падчас ператрусу, паводле Дзябёлы, забралі два сістэмныя блокі кампутараў, тры ноўтбукі, усе носьбіты інфармацыі.
Мікола Дзябёла мяркуе, што ператрус і крымінальная справа могуць быць звязаныя з выбарчымі кампаніямі, што маюць адбыцца ў Беларусі.