Асуджанага карэспандэнта Белтэлерадыёкампаніі занеслі ў спіс «экстрэмістаў»
Міністэрства ўнутраных спраў абнавіла ведамасны «пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Спіс папоўніўся адразу 34 прозвішчамі, у іх ліку колішні вядоўца крымінальнай хронікі Дзмітрый Лукша і яго жонка-журналістка Паліна Палавінка.
Агулам у «экстрэмісцкім спісе» МУС Беларусі ўжо 2596 чалавек, усе яны трапілі пад кантроль сілавікоў за год з невялікім – на хвалі рэпрэсій пасля драматычных падзеяў 2020-га.
24 сакавіка стаў «экстрэмістам» і былы журналіст Белтэлерадыёкампаніі, пазаштатны карэспандэнт казахстанскага тэлеканала «Хабар 24» Дзмітрый Лукша (пакараны судом 4 гадамі калоніі), а таксама яго жонка Паліна Палавінка (асуджана на 2,5 гады калоніі).
Летась у снежні суддзя Мінскага гарадскога суда Наталля Бугук на падставе версіі абвінавачання прызнала, што Дзмітрый Лукша пры дапамозе «памагатых» цягам лістапада 2021-га – сакавіка 2022-га прадстаўляў замежнаму тэлеканалу «Хабар-24» за ўзнагароджанне матэрыялы пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі.
Паводле следства, Дзмітрый Лукша з дапамогай жонкі Паліны Палавінкі і відэааператара Канстанціна Ніканорава падрыхтаваў відэасюжэты і артыкулы навін, у якіх выклаў «загадзя хлуслівыя звесткі пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае, міжнароднае становішча і пра дзейнасць афіцыйных органаў, у якіх дыскрэдытаваў дзяржаву». Свае дзеянні «змоўцы» здзейснілі нібыта з асэнсаванай мэтай «прычынення істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам».
На гэтай падставе Дзмітрыя Лукшу абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, а асуджаных разам з ім Канстанціна Ніканорава і Паліну Палавінку — у «спрыянні здзяйснення злачынства». Акрамя таго, Дзмітрыю Лукшу, Паліне Палавінцы і Дзянісу Яроўскаму дадаткова інкрымінаваны ўдзел у «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
У выніку судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда пастанавіла абвінаваўчы прысуд.
Дзмітрыю Лукшу паводле арт. 369–1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») і ч. 1 арт. 342 КК («актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады са штрафам у эквіваленце 16 000 рублёў.
Паліна Палавінка асуджаная паводле ч. 6 арт. 16 і арт. 369–1 КК («спрыянне ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 арт. 342 КК («актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») зняволеннем на 2 гады 6 месяцаў і штрафам 3 200 рублёў.
Дзянісу Яроўскаму на падставе ч. 1 арт. 342 КК («актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў.
Канстанцін Ніканораў пакараны на падставе ч. 6 арт. 16 і арт. 369–1 КК («спрыянне ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь») абмежаваннем волі на тэрмін 3 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу са штрафам у памеры 3 200 рублёў.
Яшчэ адна фігурантка справы Анастасія Яроўская пакінула Беларусь і на судзе не прысутнічала.
Сёлета ў канцы лютага Генеральная пракуратура паведаміла, што прысуд у адносінах названых асобаў уступіў у законную сілу. Гэта сведчыць, што Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйныя скаргі фігурантаў і пакінуў рашэнне суддзі Мінскага гарадскога суда без зменаў.
Чытайце яшчэ:
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» кнігу гомельскага журналіста
«Ці вырашыла з ліквідацыяй TUT.BY і іншых незалежных медыя дзяржава хоць адну праблему?» Марына Золатава — беларусам пра Беларусь
Галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» перавялі ў Жодзіна