Амаль 3 мільёны даляраў з бюджэту Мінска пойдзе на дзяржаўныя СМІ
Стала вядома, колькі грошай гатовы выдаткаваць чыноўнікі з бюджэту сталіцы на правядзенне дзяржаўнай палітыкі ў СМІ — як на тэлебачанні, так і ў газетах, заснавальнікам якіх з’яўляецца Мінгарвыканкам. Паводле плана дзяржзакупак, апублікаванага напрыканцы 2021 года, выходзіць каля 2,9 мільёна даляраў, піша "Наша Ніва".
Мінінфарму абрэзалі дзяржаўнае фінансаванне. Апублікаваны дзяржбюджэт на 2022 год
Першая частка тычыцца тэлебачання, тут заяўлена сума 2,3 мільёны рублёў (гэта амаль 909 тысяч даляраў). Перыядычнасць правядзення дзяржзакупак — студзень, люты і сакавік. Падрабязнага апісання тэндара няма, вядома толькі, што грошы з бюджэту накіраваныя на правядзенне дзяржаўнай палітыкі праз СМІ — стварэнне тэлепраграм. Навіны Мінска найбольш асвятляе тэлеканал «СТБ», які ў свой час і стартаваўся як сталічнае тэлебачанне, але з 2005 года з’яўляецца нацыянальным тэлеканалам.
Яшчэ больш грошай з бюджэту пойдзе на стварэнне тэкставых матэрыялаў — у газетах «Мінскі кур’ер», «Вячэрні Мінск», на сайце інфармацыйнага агенцтва «Мінск-Навіны» і на старонках дзіцячага часопіса «Качели», Мінгарвыканкам выступае заснавальнікам СМІ. На гэта з бюджэту выдзяляць больш за 5 мільёнаў рублёў (ці 1,98 мільёна даляраў). Перыядычнасць правядзення дзяржзакупак — люты, сакавік і красавік.
Агулам на стварэнне прадзяржаўных матэрыялаў у СМІ з бюджэту пойдзе больш за 7 мільёнаў рублёў, гэта каля 2,9 мільёнаў даляраў.
Таксама горад патраціць каля 20 тысяч рублёў на падпіску на СМІ, пераклад сайта Мінгарвыканкама з рускай на англійскую мову будзе каштаваць бюджэту 27 тысяч рублёў.
Нагадаем, напрыканцы 2021 года ўрад зацвердзіў спіс дзяржаўных СМІ, якім выдзяляць грошы з рэспубліканскага бюджэту. Сумы не агалошваюцца, але вядома, што ў спісе газеты «СБ. Беларусь сегодня», «Звязда», «Народная газета», «Рэспубліка», «Літаратура і мастацтва», часопісы «Спецназ», «Маладосць», «Мастацтва».