• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    12 гадоў “завочна”. Першы беларускі журналіст, асуджаны дыстанцыйна, — спартыўны медыяменеджар Дзмітрый Навоша

    Мінскі гарадскі суд агучыў выракі ў межах так званай спецыяльнай вытворчасці па справе “Чорнай кнігі Беларусі”. У ліку тых, каго пакаралі ў аддаленым рэжыме, – колішні карэспандэнт газеты “Прессбол”, сузаснавальнік парталаў Tribuna.com і Sports.ru Дзмітрый Навоша. Яму і чатыром іншым фігурантам прызначылі па 12 гадоў калоніі і штрафы ў памеры 500 базавых велічынь.

    Па крымінальнай справе, якую ў закрытым рэжыме 12 снежня 2022 года пачала разглядаць суддзя Наталля Бугук, праходзілі пяць чалавек — Дзмітрый Навоша, Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская, Вольга Высоцкая. Ніхто з абвінавачаных на працэсе не прысутнічаў, усе цяпер у бяспецы за межамі Беларусі.  

    10 студзеня прадстаўнік пракуратуры запатрабаваў па 12 гадоў зняволення для кожнага з фігурантаў – максімальна магчымы. Праз тыдзень суддзя Наталля Бугук просьбу задаволіла ў поўным аб’ёме – 12 гадоў калоніі і 18500 рублёў штрафу з кожнага. Дарэчы, раней яна ўжо адзначылася ў палітычных працэсах над журналістамі. 18 лютага 2021-га прызначыла па 2 гады калоніі карэспандэнткам тэлеканала “Белсат” Дар’і Чульцовай і Кацярыне Андрэевай, а летась 2 снежня адправіла на 4 гады ў калонію з буйным штрафам экс-вядоўцу беларускага тэлебачання Дзмітрыя Лукшу.

    Фігурантаў “Чорнай кнігі Беларусі” абвінавачвалі на падставе двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 3 арт. 203–1 (незаконныя дзеянні датычна персанальных дадзеных). Усім інкрымінавалася дачыненне да адміністравання Telegram-канала, дзе апублічваліся персанальныя звесткі ініцыятараў і выканальнікаў гвалту супраць апанентаў рэжыму падчас акцый пратэсту-2020. Нягледзячы на абмежаваны тэрмін азнаямлення з акалічнасцямі справы, на фігурантаў сабралі амаль паўсотні тамоў “кампрамату”.  

    Згодна з версіяй следства, Дзмітрый Навоша, Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая аб’ядналіся ў “злачынную групу”, у складзе якой стварылі розныя інтэрнэт-рэсурсы. Асноўная мэта дзейнасці, паводле абвінавачання, — “дыскрэдытацыя ўлады і праваахоўных органаў, распальванне сацыяльнай варожасці і нянавісці ў адносінах да сілавога блоку і дзяржслужачых, распаўсюд паклёпніцкіх звестак пра іх, падбухторванне да злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці”.

    “Незаконна сабралі і размясцілі ў адкрытым доступе інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальныя дадзеныя сотняў грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці. Сярод іх — супрацоўнікі органаў унутраных справаў, работнікі пракуратуры, суддзі, журналісты. Пасля публікацый у дачыненні да некаторых здзейсненыя злачынствы, уключна са знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці, пагрозы гвалтам”, — адзначаецца ў афіцыйным абвінавачванні.

    Следчы камітэт Беларусі пачаў працэс “спецыяльнай вытворчасці” напрыканцы верасня 2022 года, а ўжо 10 кастрычніка справу перадалі пракурору для накіравання ў суд. Паралельна Камітэт дзяржбяспекі ўнёс фігурантаў у “спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”, а Міністэрства ўнутраных спраў абвінаваціла іх у “экстрэмізме”. 

    Працэдура так званай спецвытворчасці — юрыдычнае ноў-хаў  беларускага рэжыму, якое да правасуддзя мае вельмі апасярэдаваныя адносіны. Па-першае, адвакаты фігурантам прызначаюцца пастановамі следчых, але ад сваіх “абаронцаў” ніхто ніякіх сігналаў так і не дачакаўся. Па-другое, адсутнасць магчымасці выказаць хоць якія аргументы на сваю карысць (нават у рэжыме відэасувязі) не стала для суда перашкодай для вынясення вердыкту. Па-трэцяе, нават у выпадку завочнага пакарання ўлады не маюць рычагоў, каб адправіць за краты віртуальных “злачынцаў”. 

    Тым не меней, на падставе мінулагодніх радыкальных зменаў у заканадаўства асуджаных “дыстанцыйна” могуць пазбавіць не толькі маёмасці, але ў перспектыве — нават беларускага грамадзянства.

    Як вынікае з маніторынгу праваабаронцаў, цяпер грамадзян Беларусі можна судзіць завочна па 48 “экстрэмісцкіх” крымінальных артыкулах. Істотна абноўлены закон развязвае рукі не толькі пракурорам і суддзям, а і службам, адказным за канфіскацыю маёмасці тых грамадзян, хто не па сваёй волі пакінуў краіну.

    Тым часам 17 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся завочны працэс па так званай “справе Каардынацыйнай рады”. На віртуальнай “лаве падсудных” — палітыкі і дэмакратычныя актывісты: Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Марыя Мароз, Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі. Сярод выстаўленых фігурантам крымінальных артыкулаў — стварэнне экстрэмісцкага фармавання, масавыя беспарадкі, здрада дзяржаве, распальванне варожасці, змова з мэтай захапіць уладу, заклікі да санкцый і г. д.

    Чытайце яшчэ:

    «Людзі выходзілі да нас з разбураных дамоў». Беларусы расказалі, як ездзілі ў «калядны тур» па вызваленых украінскіх тэрыторыях

    Белтэлерадыёкампанію выключылі са спіса вяшчальнікаў на бліжэйшыя Алімпіяды — ажно да 2032 года

    Марыў стаць адвакатам, іграў панк-рок. Сем фактаў пра Анджэя Пачобута, якога пачалі судзіць у «польскай справе»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці