Ціханоўская на канферэнцыі ў Мюнхене заклікала падтрымаць беларускія СМІ і грамадства
Святлана Ціханоўская на Мюнхенскай канферэнцыі па кібербяспецы заклікала тэхналагічныя кампаніі падтрымаць беларускую грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ.
Беларуская лідарка пачала вiзiт у Германiю выступам на Мюнхенскай канферэнцыі па кібербяспецы. Пра гэта паведамляе яе тэлеграм-канал.
Падчас выступу Святлана Ціханоўская распавяла пра ролю тэхналогіяў у падзеях 2020 года ў Беларусi, а таксама звярнулася да тэхналагічных кампаніяў, прысутных у залі, з запытам на падтрымку беларускай грамадзянскай і медыясупольнасці.
Беларуская лідарка падкрэслiла, што дыктатары вучацца выкарыстоўваць тэхналогіі для пераследу палітычных апанентаў. У якасцi доказу яна распавяла пра рэпрэсіі ў Беларусі за актыўнасць у інтэрнэце, спробы Расіі і рэжыму Лукашэнкі пазбавіць людзей доступу да праўдзівай інфармацыі.
Таксама Святлана Ціханоўская адзначыла, што, нягледзячы на гэта, беларусы ўсё роўна не падтрымліваюць рэжым і не падтрымліваюць вайну супраць Украіны.
Удзел у Мюнхенскай канферэнцыі бяруць больш за 700 экспертаў, палітыкаў і прадстаўнікоў тэхналагічнага сектару. Форум арганізаваны пры падтрымцы Google, Tiktok, Amazon, Lenovo, Meta, Airbus і іншых.
«Рада вярнуцца ў Мюнхен. Учора я казала аб ролі тэхналагічных кампаній у абароне дэмакратыі і неабходнасці дужання з дэзінфармацыяй на Мюнхенскай канферэнцыі па кібербяспецы. Я заклікала буйныя тэхналагічныя кампаніі падтрымаць беларускую грамадзянскую супольнасць і незалежныя СМІ», – цытуе допіс Святланы Ціханоўскай Reform.by.
Чытайце яшчэ:
Нармалізацыя як умова выжывання. Што цяпер асвятляюць «перафарматаваныя» выданні
«Яны баяцца і разумеюць, што нас думаць па-іншаму не прымусіш». Інтэрв’ю з Вольгай Такарчук
«Спадзяюся, ў яе атрымаецца». Ксеніі Луцкіной за кратамі споўнілася 40