• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ці законныя патрабаванні міліцыянтаў, якія грунтуюцца на таемных інструкцыях?

    Праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў накіроўваў у МУС прапанову адмяніць ці ўнесці змены ў ведамасны нарматыўны акт, які абавязвае наведвальнікаў органаў МУС здаваць пры ўваходзе фота- аўдыё-  і відэазапісвальныя прылады.

    dzerhaczouadkazmuspranosabstaljav0119.jpg

    Атрыманы адмоўны адказ за подпісам міністра Ігара Шуневіча заяўнік палічыў няпоўным і зноў звярнуўся з патрабаваннем адказаць на ўсе пытанні ранейшага звароту.

    Лістом ад 14.01.2019 № 10/Д‑7480эл  міністр дапоўніў папярэдні адказ сцвярджэннем, што нарматыўныя акты МУС, якімі абмяжоўваецца пранос адзначаных прылад у памяшканні органаў міліцыі, грунтуюцца на заканадаўстве аб дзяржаўных сакрэтах і заканадаўстве, якое рэгулюе ўласную бяспеку. І згодна з артыкулам 25 Закона аб дзяржсакрэтах супрацоўнікі органаў унутраных спраў маюць права патрабаваць ад грамадзян прытрымлівацца прапускнога і ўнутрыаб’ектавага рэжымаў, устаноўленых на аб’ектах, якія ахоўваюцца. Міністр у адказе таксама адзначыў, што ведамасныя акты МУС не абмяжоўваюць правы грамадзян, а усталёўваюць абавязкі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па недапушчэнні праносу ў будынкі асобных прадметаў. А паколькі яны не тычацца правоў і абавязкаў, то  не падлягаюць абавязковай юрыдычнай экспертызе ў адпаведнасці з адпаведным Указам прэзідэнта. І забарона дзейнічае “ў мэтах забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, выключэння фактаў парушэнняў заканадаўства аб абароне дзяржаўных сакрэтаў, а таксама праў і свабод грамадзян”.

    Па меркаванні Алеся Дзергачова, адказ міністра не стасуецца з разуменнем правоў чалавека. Бо калі грамадзянін наведвае РАУС, ён кіруецца заканадаўствам, якое дэкларуе, што праца міліцыі з’яўляецца адкрытай і галоснай, што маючы на прыёме ў начальніка РАУСа той жа дыктафон, ён абаронены ад злоўжыванняў і праяваў карупцыі. З такой думкай ён таксама ў фае РАУС захоча зняць на мабільны тэлефон розную насценную інфармацыю. І тут жа, паводле інструкцый, якая дзейнічаюць выключна для міліцыянтаў, атрымае заўвагу, што здымка ў памяшканні забаронена. А калі не спыніць здымку, то на яго будзе складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за невыкананне як быццам законнага патрабавання. Узнікае пытанне: а якому закону, з пункту гледжання грамадзяніна, адпавядае гэта патрабаванне? Які крытэрый законнасці патрабавання супрацоўнікаў міліцыі, калі абмяжоўваючая правы грамадзяніна ведамасная інструкцыя яго не тычыцца?
    Алесь Дзергачоў таксама падкрэсліў, што існаванне абавязковых для супрацоўнікаў міліцыі, але не дзеючых у адносінах да грамадзян інструкцый МУС прыводзіць урэшце да неадпаведных здароваму сэнсу і міжнароднаму праву пакаранняў. Як прыклад можна прывесці выпадак з жыхаркай г. Дуброўна Наталляй Стрэльчанка, якую 25 сакавіка мінулага года затрымалі ў памяшканні раённага РАУС і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за тое, што ў фае, як падалося супрацоўнікам міліцыі, яна зрабіла некалькі фотаздымкаў на мабільны тэлефон, нягледзячы на як быццам законныя патрабаванні  спыніць здымку. І суд Дубровенскага раёна, які разглядаў пратакол, не цікавіла, якім бокам таемныя інструкцыі МУС, якія не прайшлі юрыдычную экспертызу і дзяржаўную рэгістрацыю, тычыцца правоў і абавязкаў Наталлі Стрэльчанкі, і ці былі ў рэальнасці на мабільніку тыя здымкі. Ён абгрунтаваў законнасць патрабаванняў супрацоўнікаў не Законам аб дзяржсакрэтах, а менавіта ведамаснымі інструкцыямі МУС. А яны, паводле абмяркоўваемага адказу МУС, як быццам правоў і абавязкаў грамадзян не тычацца. Але парадокс у тым, што раённы суд разумеў інакш.  Такое разуменне законнасці падтрымана нават Вярхоўным судом краіны.

    Таму канчатковую кропку ў пытанні датычнасці грамадзянаў адзначаных таемных інструкцый МУС, абгрунтаванні забароны праносу тэхнікі і здзяйсненне здымкаў у памяшканнях міліцыі ставіць пакуль рана. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці