• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Цэнзура, арышты, эміграцыя. Як працуюць журналісты ў Афганістане

    У гэтай краіны няма доступу да мора, яе ўрад не прызнаецца многімі краінамі свету, і калі журналіст зробіць крытычны рэпартаж, яго могуць пасадзіць у турму. Гучыць знаёма? Не, гэта не гісторыя Беларусі. Гэта рэальнасць Афганістана, дзе ў 2021 годзе да ўлады прыйшлі талібы.

    Пяцёра журналістаў у Афганістане цяпер знаходзяцца за кратамі. Апошні трапіў туды не так даўно, і, нягледзячы на французскі пашпарт, улады абвінавацілі Мартэзу Бехбудзі ў шпіянажы.

    Ён — афганска-французскі журналіст. У пачатку года Бехбудзі адправіўся ў Афганістан, каб зняць дакументальны фільм. Раней ён прыязджаў туды з калегамі, але гэтым разам паехаў адзін. Яго затрымалі 7 студзеня 2023 года падчас спробы атрымаць дазвол на працу журналістам у краіне.

    «Рэч не толькі ў Мартэзе, а ва ўсіх астатніх журналістах, якія хочуць працаваць у Афганістане. Калі хтосьці хоча паехаць туды, каб зрабіць рэпартаж пра сапраўднае аблічча талібаў, то можа быць арыштаваны. Але калі журналіст збіраецца расказаць пра іх пазітыўна, то праблем у яго не будзе. Талібы нават могуць даць яму ахоўнікаў і ўсё неабходнае для паездак у іншыя правінцыі Афганістана. Усё мусіць быць пад іх кантролем», — расказвае Шафі Карымі, журналіст, заснавальнік і дырэктар супольнасці афганскіх журналістаў у выгнанні (AJEN).

    Гэта не першы выпадак, калі талібы абмяжоўваюць працу нават замежным журналістам. Так, раней двое журналістаў з Вялікабрытаніі правялі два тыдні ў афганскай турме. Журналістцы з Аўстраліі, якая шмат працавала ў краіне, апошнім разам у Міністэрстве замежных справаў сказалі больш не прыязджаць. Таксама забаранілі ўезд журналістцы Vice news пасля прэм’еры дакументальнага фільма пра суды талібаў.

    Шафі Карымі ўжо амаль два гады асвятляе падзеі ў Афганістане з Еўропы. Раней ён працаваў рэпарцёрам для мясцовых СМІ (TOLOnews, Ari­ana News TV, RFE/RL) і часта закранаў тэмы-табу. Напрыклад, пра мірныя перамовы з талібамі, пра правы жанчын і ЛГБТ+ людзей, праз што яму ўвесь час пагражалі рэлігійныя экстрэмісты.

    Пераломным момантам у яго жыцці стала смерць калегі Эліяса Даі ў лістападзе 2020 года, які працаваў на радыё «Азадзі» (афганская служба «Радыё Свабода»). Тэрарыстычныя групы заклалі і ўзарвалі бомбу ў яго машыне. Пасля гэтага выпадку і шэрагу іншых пагрозаў кіраўніцтва Радыё «Азадзі» заклікала журналістаў пазбягаць перасоўванняў па горадзе і скараціць колькасць рэпартажаў з «непатрэбных» частак горада.

    А падставай для эміграцыі стаў падазроны званок у канцы 2020 года. Шафі патэлефанавала жанчына з просьбай дапамагчы. У гэты ж перыяд аддзел разведкі Нацыянальнага ўпраўлення бяспекі Афганістана папярэдзіў супрацоўнікаў СМІ пра групу прыхільнікаў ІДІЛ, як мужчын, так і жанчын, якія пачалі кампанію па выяўленні і забойстве журналістаў пасля запрашэння на асабістыя сустрэчы.

    Шафі падзяліўся запісам размовы з разведкай, і яны пацвердзілі, што яго падазрэнні абгрунтаваныя. Трывога за сваё жыццё і бяспеку сям’і пасля гэтага ўзмацнілася. Ён падаў заяву на турэцкую візу пры падтрымцы пасольства і Міжнароднага камітэта абароны журналістаў (CPJ). Пазней у Турцыі ён атрымаў візу ў Францыю. Цяпер ён піша пра Афганістан у міжнародныя СМІ.

    «Працаваць журналістам у Афганістане — гэта як гуляць з агнём. І апошнія 20 гадоў было цяжка працаваць, я страціў многіх сваіх калегаў толькі таму, што яны хацелі свабодна пісаць пра ІДІЛ або Талібан. Але ў саміх СМІ не было цэнзуры. Што да свабоды слова, то да прыходу Талібану сітуацыя ў Афганістане была лепшая, чым ва ўсіх суседніх краінах», — кажа ён.

    Унутры Афганістана

    Яшчэ да Талібану сітуацыя са свабодай прэсы ў краіне выглядала не найлепшым чынам. Але, як кажа справаздача «Рэпарцёраў без межаў», калі ў 2012 годзе Афганістан займаў 150‑е месца са 179 краін у Індэксе свабоды прэсы, то да 2021 года ён падняўся на 122‑е месца са 180 краін «дзякуючы дынамічнаму медыяландшафту і прыняццю заканадаўства, якое абараняе журналістаў».

    Цягнулася гэта нядоўга. У жніўні таго ж года талібы захапілі сталіцу краіны. Многія людзі, асабліва тыя, хто супрацоўнічаў з міжнароднымі арганізацыямі, былі вымушаныя хутка бегчы. Увесь свет тады шакавалі кадры адчайных людзей, якія спрабавалі заскочыць на самалёт, які ўзлятае.

    З таго часу ў краіне памянялася мноства законаў, у тым ліку што да сферы медыя. Так, вярхоўны лідар талібаў, мула Хайбатула Ахундзада, мінулым летам выдаў указ, які папярэджвае, што «паклёп і крытыка дзяржаўных службоўцаў без доказаў» і «распаўсюд ілжывых навін і чутак» забароненыя ісламам і што тыя, хто «паклёпнічае» на дзяржаўных службоўцаў, міжволі супрацоўнічаюць з ворагам і будуць «пакараныя».

    Яшчэ раней, у 2021 годзе, талібы выдалі «11 правілаў журналістыкі», у якіх гаворыцца, што «пытанні, якія могуць негатыўна паўплываць на стаўленне грамадскасці або на маральны дух, павінны разглядацца з асцярожнасцю пры іх перадачы або публікацыі» і што сродкі масавай інфармацыі павінны «рыхтаваць падрабязныя справаздачы па ўзгадненні з Дзяржаўным цэнтрам СМІ і інфармацыі».

    Усяго за год, які прайшоў з моманту прыходу да ўлады талібаў 15 жніўня 2021 года, Афганістан страціў 39,59% СМІ і 59,86% сваіх журналістаў. Асабліва журналістак-жанчын, тры чвэрці з якіх цяпер беспрацоўныя і больш не працуюць у 11 правінцыях.

    Гэта азначае, што ў Афганістане з 2021 года і да сёння няма СМІ, якія свабодна працуюць, таму што ўсё знаходзіцца пад кантролем талібаў. Калі журналісты робяць рэпартажы супраць уладаў, іх арыштоўваюць. Таму няма сапраўдных навін у мясцовых СМІ. Але яны могуць ананімна перадаваць рэальную інфармацыю журналістам за мяжу», — кажа Шафі Карымі.

    У выніку ўсё прыйшло да таго, што ў Індэксе свабоды прэсы Афганістан спусціўся на 156‑е месца.

    Шафі Карымі прыводзіць прыклад TOLOnews, аднаго з мясцовых медыягігантаў. Паводле яго словаў, яны заўсёды рабілі рэпартажы, крытычныя да ўлады, але цяпер іх навіны не маюць нічога агульнага з рэальнасцю.

    «Калі я размаўляю з мясцовымі журналістамі ўнутры краіны, яны кажуць, што не хочуць там жыць, бо не могуць працаваць незалежна, без цэнзуры. Да большасці мясцовых агенцтваў проста цяпер Талібан мае шырокі доступ. Яны нават могуць прыходзіць і правяраць рэпартажы перад публікацыяй. Праз мясцовых журналістаў хочуць паказваць толькі станоўчыя твары талібаў. Таму многія СМІ закрываюцца праз эканамічную сітуацыю і адсутнасць свабоды слова», — расказвае Шафі.

    Звонку Афганістана

    Праца афганскіх журналістаў за мяжой таксама звязаная з немалой колькасцю цяжкасцяў. Калі журналіст хоча зрабіць рэпартаж, то яму неабходны калега ўнутры краіны. 

    «Журналіст з‑за мяжы кажа, куды пайсці і з кім пагаварыць. Але калі публікуецца матэрыял, мы не згадваем імені мясцовага журналіста. Можна працягваць так працаваць, але і гэта вельмі рызыкоўна, бо талібы могуць вылічыць памочніка. Але без унутраных журналістаў нічога немагчыма зрабіць у эміграцыі», — кажа Шафі.

    Ён прыводзіць у прыклад сваю працу з гісторыямі пра сакрэтнае жыццё жанчын-салдат. Яму дапамог мясцовы журналіст, які зрабіў інтэрв’ю, а Шафі ўсё падрыхтаваў і яшчэ пагаварыў з людзьмі, якія не знаходзяцца ў Афганістане.

    Таксама талібы блакуюць доступ да інтэрнэт-медыя ў краіне. Напрыклад, да Hasht e Subh і Eti­laa­troz. Іх рэдакцыі знаходзяцца за межамі краіны.

    «Але ў медыя ёсць і іншыя магчымасці вяшчання, напрыклад, міжнародны спадарожнік не можа быць заблакаваны талібамі. Так што афганцы могуць глядзець тэлевізар», — кажа Шафі Карымі.

    У Вялікабрытаніі ёсць афганскія СМІ, чыя аўдыторыя — гэта афганцы ўнутры краіны, напрыклад, Iran Inter­na­tion­al. Журналісты з Афганістана высылаюць ім усю інфармацыю і візуальныя матэрыялы, а рэдакцыя рыхтуе іх да публікацыі.

    Асноўная праблема працы з‑за мяжы — гэта атрыманне доступу да інфармацыі ад людзей, якія баяцца пераследу, і ад саміх талібаў, якія не хочуць камунікаваць з журналістамі з‑за мяжы. Напрыклад, прадстаўнікі талібаў не далі Шафі інфармацыі пра колькасць дзяцей, якія загінулі праз суровую зіму летась.

    Ёсць праблема і бяспекі сем’яў. «Гэта вялікі выклік для журналістаў у эміграцыі. Калі яны хочуць зрабіць рэпартаж супраць чаго-небудзь, талібы могуць знайсці і арыштаваць іх сем’і. Таму многія працуюць не пад сваімі сапраўднымі імёнамі», — кажа Шафі Карымі.

    Чытайце яшчэ:

    «Есть понимание, что это вопрос выживания страны и нации». Украинская журналистка о медиа в условиях войны

    Кому доверяют беларусы – телевидению, YouTube или вовсе никому? Сравниваем цифры

    Ілан Маск: Нейрасеткі пагражаюць чалавечаму грамадству

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці