BYSOL прапануе беларусам за мяжой падтрымаць адзін з напрамкаў яго дзейнасці
Фонд BYSOL быў створаны ў жніўні 2020 года ў адказ на хвалю рэпрэсій, якія захапілі Беларусь. Фонд увесь час пашырае спектр дзейнасці, дадаючы новыя напрамкі ў адказ на выклікі часу. Каб мець такую магчымасць і надалей, BYSOL прапануе беларусам за мяжой аформіць платную падпіску на профіль у Patreon.
— Сярод беларускіх грамадскіх структур, якія прыцягваюць прыватныя грошы людзей, BYSOL з’яўляецца самай буйной структурай. І агульная сума, якую ў нас атрымліваецца сабраць штогод, добра ілюструе нашы фандрайзінгавыя магчымасці як Фонда, які дапамагае людзям у цяжкай сітуацыі, — дзеліцца стваральнік Фонда Андрэй Стрыжак. — Я хацеў бы падзякаваць усім, хто дапамагае нам, кожнаму і кожнай, хто робіць ахвяраванні людзям у бядзе. І я хацеў бы запрасіць вас аформіць падпіску на наш Patreon. Гэта важна для нас, таму што нават самае маленькае ахвяраванне, якое прыходзіць да нас рэгулярна, дазваляе планаваць нашу працу на будучыню. Памятайце, што працаваць далей і абараняць сваіх — гэта не проста слоган, а нашыя з вамі дзеянні.
Patreon дазваляе ахвяраваць Фонду на рэгулярнай аснове, што дапамагае закрываць зборы былым палітвязням, сем’ям палітзняволеных, а таксама дае сродкі для працы каманды эвакуацыі і іншых кірункаў BYSOL. Патроны могуць абраць напрамак дзейнасці, які лічаць вартым падтрымаць.
З дапамогай Patreon можна ахвяраваць невялікія сумы, але рэгулярна. Разам з гэтым падпісчыкі маюць магчымасць дасылаць ці атрымліваць асабістыя паведамленні ад Фонда. Каманда BYSOL заўсёды ўдзячная водгукам і прапановам і прыслухоўваецца да іх.
На дадзены момант у BYSOL ужо 95 платных падпісчыкаў.