Бяжы, хварэй, рабі ўласныя праекты: парады ад журналістаў, як пазбегнуць прафесійнага выгарання
Манатоннасць, адсутнасць умоў для кар’ернага росту, цяжкія тэмы — чаму для беларускіх журналістаў так актуальная тэма прафесійнага выгарання?
У Міжнародны дзень шчасця, 20 сакавіка, Прэс-клуб зладзіў медыяток “Прафесійнае выгаранне журналістаў”. Спікерамі выступілі рэдактарка сайта “Заўтра тваёй краіны”, сябра Камісіі па этыцы ГА “БАЖ” Марына Загорская, заснавальніца Прэс-клуба Юлія Слуцкая, крызісны псіхолаг Кацярына Цюхай, галоўны рэдактар сайта citydog.by Сяргей Сахараў, журналістка (асвятляе судовыя працэсы для tut.by) Кацярына Барысевіч, прадзюсар “Белсата” Аляксей Мінчонак, намесніца галоўнага рэдактара “Камсамольскай праўды ў Беларусі” Вольга Анцыповіч, бізнесмэн, у мінулым брэнд-менеджар, журналіст БДГ і газеты “Імя” Ілля Прохараў, кіраўніца Школы мастацтваў для дарослых, раней — рэдактарка сайта la-strada.by, кіраўніца інфармацыйнага напрамку таварыства “Зялёная сетка” Кацярына Ганчарова.
У заходніх краінах журналісты “выгараюць” праз працу ў гарачых кропках, праз напісанне складаных тэкстаў на сацыяльную тэматыку. З Беларусі мала хто ездзіць на вайну, але здараюцца свае катклізмы: разгон мірных акцый, выбух у метро… Апісанне беларускіх сацыяльных праблем таксама патрабуе шмат псіхалагічных высілкаў, асабліва калі працуеш не са статыстыкай, а з жывымі людзьмі.
Псіхолаг Павел Зыгмантовіч: За грамадзянскую пазіцыю не плацяць!
Заснавальніца Прэс-клуба Юлія Слуцкая падзялілася сваімі назіраннямі: наведваючы заходнія рэдакцыі, яна заўважыла, што прадстаўнік медыя там можа рабіць значна большы аб’ём працы, чым сярэднестатыстычны беларускі журналіст, і не “выгараць”. Чаму так? Заходні журналіст мае магчымасць росту, можа сысці ў іншую рэдакцыю, атрымаць Пулітцараўскую прэмію ўрэшце рэшт. Юлія Слуцкая бачыць беларускую праблему ў адсутнасці развітага медыярынку. Нават самыя таленавітыя журналісты рэдка карыстаюцца цікавымі вялікімі формамі падачы матэрыялу, бо яны даволі праца‑, часа- і сродказатратныя.
Беларускі журналіст робіць пераважна адно і тое ж, выкарыстоўваючы стандартныя формы і арыентуючыся на вялікую колькасць матэрыялаў.
Шмат думак гучала пра працу з героем, што варта шукаць баланс: “цяжкія” гісторыі, канечне, варта падаваць з эмацыйным складнікам, але прапускаць праз сябе бясконца, думаць пра іх удзень і ўначы не трэба. Не забывацца, што журналіст усё ж не псіхолаг і дапамагае герою не сваім спачуваннем, а напісаннем тэкста, які можа выклікаць нейкую рэакцыю. А можа і не выклікаць. Так, на жаль, таксама здараецца, і лепш да гэтага маральна падрыхтавацца загадзя.
Рэдактарка “Заўтра тваёй краіны” Марына Загорская раіць пасля “цяжкай” размовы з героем артыкула не сядаць у грамадскі транспарт, а прайсціся пешкі ці нават прабегчыся, каб “разгрузіць” галаву. Глядзець па сваім стане: можа, не варта адразу сядаць за напісанне тэкста, лепш троху “адысці”.
Трагедыі ў СМІ: Не плакаць разам з ахвярай, а прапанаваць насоўку
Падчас медыятока гучала шмат карысных парадаў, спікеры дзяліліся ўласным вопытам і вопытам сваіх калег. Мадэратарка імпрэзы Ала Шарко падсумавала: варта звяртаць увагу на свой стан, займацца нейкай фізічнай дзейнасцю, каб “пераключыцца”, мець хобі. З боку кіраўніцтва, канечне, файна было б мець у кожнай рэдакцыі псіхолага, які мог бы заўважыць сімптомы псіхаэмацыйнага выгарання журналістаў на ранніх этапах. Але пакуль гэта нездзяйсняльна, супрацоўнікаў трэба заахвочваць, хваліць, накіроўваць у цікавыя камандзіроўкі, здымаць залішнюю нагрузку, прымаць прэвентыўныя меры, даваць магчымасць мяняць тэматыку, шукаць “свае” фарматы, весці ўласныя праекты.
(НЕ) снимай меня, фотограф! Какие данные нельзя публиковать без согласия
Істотна, каб журналіст адчуваў абароненнасць з боку рэдакцыі, меў пачуццё еднасці з калегамі. Вось гэта “Ты не адзін, у іншых падобныя праблемы” можа вельмі дапамагчы. Калі захварэлі — дайце сабе час пахварэць.
Магчымасць прафесійнага росту, напэўна, ключавы фактар у Беларусі, які б мог перадухіліць выгаранне і затрымаць журналіста ў сваёй сферы. Бізнэсовец Ілля Прохараў і кіраўніца Школы мастацтваў для дарослых Кацярына Ганчарова, якія раней працавалі ў журналістыцы, таксама адзначалі гэты аспект, калі распавядалі, чаму памянялі сферу прафесійнай дзейнасці.
Не варта забывацца пра адпачынак (штодзённы, штотыднёвы і штогадовы) і не баяцца ў час звярнуцца да псіхолага. Пачуццё гумару ратуе шмат у якіх сітуацыях. У той жа час, не варта забывацца, што эмацыйнае выгаранне — гэта хвароба, унесенная ў Міжнародны класіфікатар, і калі вы заўважылі яе сімптомы, то ігнараваць не варта.
Фота Алены Ляшкевіч