Псіхолаг Павел Зыгмантовіч: За грамадзянскую пазіцыю не плацяць!
Мы сабралі ад журналістаў пытанні пра прафесійнае выгаранне і задалі іх псіхолагу Паўлу Зыгмантовічу. Ці гэта сапраўды хвароба і чым яна адрозніваецца ад ляноты, стомы і сезоннай хандры?
— Прафесійнае выгаранне — гэта і ёсць хранічнае стома, яна мае асобны шыфр (Z 73.0) у Міжнародным класіфікатары хвароб. Аб прафесійным выгаранні сведчаць тры адначасовыя сімптомы:
адчуванне стомы, што не праходзіць доўга, год-паўтара; цынізм адносна сваёй прафесійнай дзейнасці (узнікае ў тым ліку ад пачуцця бяссілля); адчуванне бесперспектыўнасці сваёй працы.
Калі чалавек выгарэў, ён не апатычны, прынамсі спачатку.
Асаблівую ўвагу варта надаваць цынізму, менавіта гэтая рыса паказвае, што чалавек не проста знерваваўся ці восень неяк на яго “накаціла”.
Сезоннае афектыўнае расстройства, якое часам завуць “восеньскай дэпрэсіяй”, — гэта, па адной з версій, рэакцыя арганізма, які прыстасоўваецца да памяншэння светлавога дня. Фактычна спячка, як у барсукоў ці мядзведзяў. У нашых шыротах было б разумна, скажам, з кастрычніка скараціць працоўны дзень удвая, каб людзі маглі больш спаць, але ў капіталістычнай эканоміцы гэта немагчыма.
— Ці можна назваць прафесійным выгараннем такі выпадак: журналісту па-ранейшаму падабаецца гутарыць з людзьмі і пісаць артыкулы, але ён усведамляе, што яго тэксты не зменяць грамадства?
— Не, гэта проста перагляд каштоўнасцяў. Тое, што раней яго “запальвала”, цяпер “не працуе”. Трэба іншы сэнс для дзейнасці. Сэнс увогуле мае аграмаднае значэнне. У СССР рабілі шмат псіхалагічных даследаванняў на тэму, наколькі сэнс уплывае на чалавека, у асноўным у спартыўнай псіхалогіі і педагагічнай дзейнасці. Леў Выгоцкі заўважыў, што атрымаўшы заданне на аднастайную дзейнасць (напрыклад, выводзіць пяцелькі ў пропісах), дзіця хутка стамляецца. А калі яму сказаць, што гэта не проста пецелькі, а чароўныя знакі, ці што запоўніць старонку трэба як мага хутчэй, ці яшчэ нешта прыдумаць, дык тая ж самая дзейнасць, што ўжо надакучыла, зноў выклікае энтузіязм.
Перагляд сэнсаў будзе адбывацца ўсё жыццё, і не толькі ў прафесійнай сферы. Да гэтага трэба спакойна ставіцца і не шукаць сэнс надта глыбока.
— Ці могуць грошы быць сэнсам працы?
— Не, ні ў якім разе! Грошы могуць быць сродкам: я зарабляю, каб… Тады сэнс працы ў тым, каб (забяспечваць свае патрэбы, з’ездзіць у адпачынак, нешта набыць…). Калі чалавека не задавальняе заробак, гэта таксама не выгаранне. Гэта мяжа прафесіяналізму асобна ўзятага журналіста. У Беларусі людзі агулам не ўмеюць зарабляць. Істотна разумець, хто і за што дакладна вам плаціць. Гэта адпрацоўка гранту і проста трэба насыціць выданне тэкстамі? Ці СМІ створана як хобі? Ці гэта рэкламная пляцоўка і кантэнт мусіць падвышаць трафік?
Трэба паглядзець, дзе колькі плацяць і прааналізаваць, якіх навыкаў не хапае, каб працаваць там, дзе плацяць больш. Калі ваш заробак вышэйшы за сярэдні, магчыма, трэба падумаць пра пашырэнне рынку для сябе, пра супрацу з замежнымі выданнямі, ці набыццё новых навыкаў (калі толькі пісаў, то пачаць фатаграфаваць ці здымаць відэа), ці нейкі сумежны род дзейнасці (дакументальныя фільмы па ўласных артыкулах).
Магчыма, трэба мяняць мадэль манетызацыі. Калі журналіст стварае кантэнт для падвышэння трафіку, можа быць, можна займацца тэхрайтам ці рэрайтам, хоць гэта ўжо і не зусім журналістыка. Калі журналісцкая дзейнасць — гэта адлюстраванне грамадзянскай пазіцыі, то трэба разумець: за грамадзянскую пазіцыю не плацяць. Не варта з гэтай нагоды засмучацца. Калі робіце бізнэс — рабіце бізнэс, шукайце выданні, што плацяць шмат.
Хочаш зарабляць больш — будзь лепш. Інакш з цябе выціснуць усе сокі на малакваліфікаванай працы. А калі валодаеш унікальнымі навыкамі — працадаўца будзе цаніць. Любы кіраўнік хоча, каб у яго былі супрацоўнікі, на якіх можна разлічваць, асабліва ў справах, дзе няма простых алгарытмаў.
— Як прымірыцца з тым, што ў сціснуты тэрмін, за які трэба зрабіць матэрыял, проста немагчыма “выдаць” адпаведную якасць? Як звесці між сабой колькасць і якасць журналісцкага прадукту?
— Працаваць увогуле трэба менш. З узростам павінны памяншацца аб’ём працы і ўзрастаць яе аплата разам з прафесіяналізмам чалавека. Калі на пэўным этапе з гэтым складанасці, значыць, журналісту варта разабрацца, што ён піша дзеля заробку, а што — для душы. І не блытаць працу з творчасцю. Калі пашанцавала і гэтыя сферы на нейкі час супалі — то файна. Доўга гэта не працягнецца. Трэба разбірацца: працадаўца хоча ад вас шмат і хутка, ці добра?
— Як уплывае на магчымасць прафесійнага выгарання праца з дома ці з офіса?
— З дома можа працаваць чалавек, які ўмее сканчваць працу і “пераключацца”. Усе даследванні паказваюць, што фрылансеры і бізнэсмэны такім навыкам часцей за ўсё не валодаюць.
— Ці трэба хваліць сябе ўголас?
— Трэба не хваліць сябе, а радавацца поспехам. Не “Я малайчына таму, што гэта я”, а “Як файна я папрацаваў!” Да таго ж казаць гэта не іншым, а сабе. Сабе можна ўголас нешта “загадаць” рабіць ці не рабіць, і на кароткі час спрацуе. Але толькі на кароткі!
— Што рабіць, калі…
… не хочацца кантактаваць з людзьмі, а хочацца “схавацца”?
— Адпачыць.
… “замыльваецца вока”?
— Адпачыць як след. Творчым людзям трэба “праветрываць мозг”.
… матэрыял сабраны, а тэкст “не пішацца” / фота “не апрацоўваецца” / відэа “не мантуецца”?
— Ёсць тры асноўныя прычыны пракрастынацыі: моцная стома, адчуванне бессэнсоўнасці ці страху. Варта разбірацца: не проста “не хачу рабіць”, а “чаму я не хачу рабіць?” Пры аднолькавых праявах унутраныя прычыны могуць быць вельмі рознымі.
Перад тым, як сесці пісаць, карысна пачытаць што-небудзь пра тое, як пісаць.
Рэкамендую кнігу Норы Галь “Слова жывое і мёртвае” і “Пішы, скарачай” Максіма Ільяхава і Людмілы Сарычавай. А гатовы тэкст, калі пішаце па-руску, раю праганяць на прадмет слоўнага смецця на сайце glvrd.ru.
… не можаш перастаць думаць пра працу?
— Вучыцца запавольвацца. Проста заплюшчыць вочы, закрыць ці прынамсі адсунуць ноўтбук і сядзець 5–7 хвілін. Тады ўзбуджэне пройдзе. Такім жа чынам можна, наадварот, сябе актывізаваць нешта рабіць. Сядзець і сумаваць чалавеку не падабаецца. Нават катам гэта сумна, што ўжо пра людзей казаць! Калі вы 5 хвілін нічога не робіце — гэта нармалёва, нават адпачнеце. А калі 10 хвілін — вам ужо захочацца чым-небудзь заняцца.
… пасля інтэнсіўнага працоўнага дня не можаш заснуць?
— Пасядзеўшы некалькі хвілін без справы, рыхтуйцеся да сну. Галоўнае, каб нішто не адцягвала ўвагу: ні тэлефон, ні кніжка, ні музыка… Калі думкі аб працы ўсё роўна круцяцца ў галаве, вучыцеся не звяртаць на іх увагі, хай яны проста будуць. Не трэба мець з імі аніякіх спраў!
— А як увогуле пазбегнуць прафесійнага выгарання?
— Займацца прафілактыкай. Праўда, гэта залежыць не толькі ад самога журналіста. Даследванні пакзваюць, што найлепшай прафілактыкай прафесійнага выгарання з’яўляецца клопат з боку кіраўніцтва. Не штатнага псіхолага, а менавіта кіраўніка, што знаходзіцца ва ўладнай пазіцыі і ў пэўным сэнсе ўспрымаецца як бацькоўская фігура.
Калі рэдактар, напрыклад, рэгулярна цікавіцца, як у журналіста справы, хваліць яго, мае звычку абедаць штодня з 1–2 супрацоўнікамі. Пажадана, каб падчас абеду размовы вяліся пра працу. Рэдкі рэдактар бярэ на сябе такую эмацыйную работу. На другім месцы пасля падтрымкі кіраўніцтва стаіць падтрымка калег і толькі потым — сям’і.
Акрамя таго, добра, калі журналіст адчувае кантроль над сваім жыццём (тут у фрылансера больш шанцаў, чым у штатніка). Не варта браць на сябе абавязкаў больш, чым можаце выканаць, мысліце цвяроза.
І, канечне, не забывайцеся на адпачынак і ўзнаўленне. Апошнія паняткі не варта блытаць, адпачынак — гэта змена віду дзейнасці, а ўзнаўленне — гэта дазволіць сабе заняцца чымсьці прыемным.
Да таго ж ператомленасць бывае не толькі псіхалагічная, а і фізіялагічная. Калі чалавек мала спіць, напрыклад. Цяпер модна мала спаць. А чаму? Бо там нешта цікавае і там… Трэба ад чагосьці адмаўляцца. Недасып пагаршае здароўе, разумовыя здольнасці, вядзе да кепскага настрою і хваробаў.
— А калі прафесійнае выгаранне, па ўсіх прыкметах, усё ж здарылася? Як з ім змагацца?
— Зніжаць нагрузку і адпачываць больш за дзве хвіліны на дзень.