Блогер Vadimati распавёў, што сапраўды захварэў на анкалогію пасля зняволення
Блогер і былы палітвязень Вадзім Ермашук распавёў, што пасля калоніі ў яго сапраўды выявілі анкалогію — злаякасную меланому.
Яна апынулася «быццам бы» трэцяй стадыі (усяго — чатыры, адлік ідзе з першай). Цяпер яе ўдала выдалілі. У Вадзіма да затрымання назіралі радзімку, ён хацеў яе выдаліць — і не паспеў. Пазней ён прасіў пра візіт анколага ў месцах пазбаўлення волі. Але яму адмовілі.
Блогер Vadimati рассказал, что лежит в «онкологии»
— Самае крыўднае — тое, што я ведаў, што ў мяне нешта не тое. Прасіў дапамогі ў ІЧУ ў Шчучыне, у турме № 1 нашай Гродна, І ў ПК № 2. Усе глядзелі на мяне як на дурня. Дурань, які жартуе. Вось Гюго напісаў «Чалавек, які смяецца». Вось у мяне на твары ўсмешка, але я ў душы плакаў, — сказаў Вадзім у сторыс Instagram. У іх ён адзначыў Гродзенскі гарвыканкам, сайт S13.ru і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алену Патапаву.
«Я цалкам вінавачу іх і маю на гэта права!»
Яго цётка пісала лісты да кіраўніцтва калоній, каб звярнулі ўвагу на радзімку блогера. Ёй дасылалі «адпіскі», што «ўсё добра». У гэты час радзімка Вадзіму пякла, балела, сыходзіла крывёй. Яе пашкоджвалі. «Страчаны час — магло гэтага не быць».
«Каб зняць усё з душы, вінавачу ў гэтай сітуацыі з меланомай злаякаснай я турму № 1, ПК 2 і Шчучынскі ІЧУ, дзе я казаў, што мне патрэбны анколаг, што мне трэба выдаліць… Я цалкам здаровы туды трапіў, у мяне проста была радзімка пад наглядам. Я звяртаўся да двух анколагаў і планаваў восенню выдаляць — мяне пасадзілі летам. Я цалкам вінавачу іх і маю на гэта права!»
Вадзім цяпер будзе знаходзіцца пад наглядам. «Таму што гэта вельмі такая брыдкая рэч, можа яшчэ рэцыдыў быць, а ў мяне вельмі высокая верагоднасць».
Блогер заклікаў сачыць за здароўем і пры найменшых пытаннях ісці да лекара. Ён адзначыў, што самае важнае ў анкалогіі — час.