• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Біць альбо не біць

    За два дзясяткі год сярод міліцыянтаў выгадавалася не адно пакаленне супрацоўнікаў, якія, мякка кажучы, непрыязна ставяцца да ўсяго, што ўяўляе сабой альтэрнатыву дзяржсістэме — да апазіцыі, грамадскіх актывістаў і незалежных журналістаў.

    Вось вам сітуацыя: супрацоўнікі праваахоўных органаў хапаюць журналіста ў калідоры суда, цягнуць у кабінет, зачыняюць за сабой дзверы і пачынаюць збіваць яго нагамі. Потым суддзя прызнае пабітага журналіста вінаватым у супраціве праваахоўнікам і дае небараку штраф.

    А зараз уявіце, што ўсё гэта адбываецца ў Лондане. Лухта нейкая, праўда? Але тое, што падаецца неверагодным дзікунствам у цывілізаванай краіне, у Беларусі ўжо дваццаць гадоў з’яўляецца негалоснай нормай. Таму збіццё журналіста Паўла Дабравольскага проста ў судзе, па вялікім рахунку, не мусіць нас здзіўляць.

    Збіццё ў судзе: дзве версіі здарэння

    Для пачатку прыгадаем некаторыя падрабязнасці скандала. 25 студзеня ў Мінску карэспандэнта партала TUT.BY Паўла Дабравольскага пры выкананні ім прафесійных абавязкаў збілі супрацоўнікі міліцыі.

    Журналіст асвятляў ход судовага працэсу па «справе графіцістаў» у судзе Фрунзенскага раёна. На яго склалі два пратаколы — паводле арт. 17.1 «Дробнае хуліганства» і 23.4 «Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы» КоАП.

    У той жа дзень суд Фрунзенскага раёна аштрафаваў журналіста на 9 450 000 беларускіх рублёў.

    Па версіі Паўла, ён знаходзіўся ў будынку суда за дзвярыма залы пасяджэнняў. Калі з залы вывелі актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка, якія разгарнулі ў судзе пратэстныя плакаты, Павел Дабравольскі пачаў здымаць затрыманне на мабільны тэлефон і пайшоў за групай у калідор. Там яго разам з затрыманымі ўпіхнулі ў пакой, зачынілі дзверы і збілі. Збівалі супрацоўнікі АМАП у цывільным, якія сведчылі пазней супраць затрыманых у судзе.

    Міліцыянты не звярнулі ўвагі на журналісцкае пасведчанне Паўла. Больш за тое, паводле слоў журналіста, яго пачалі збіваць пасля таго, як ён прадэманстраваў пасведчанне.

    Павел зняў пабоі, перадаў у Следчы камітэт парваную вопратку і мабільны тэлефон. Ён прайшоў працэдуры абскарджвання ў некалькіх судах, але безвынікова. Застаўся Вярхоўны суд.

    Паводле версіі міліцыянтаў, Павел перашкаджаў ім выводзіць затрыманых з залы суда парушальнікаў, аказваў супраціў і нецэнзурна лаяўся, што і вымусіла іх прымяніць сілу.

    8 сакавіка ў інтэрв’ю праграме «Контуры» тэлеканала АНТ міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што праверка па факце здарэння практычна завершана.

    «Магу сказаць адно: для супрацоўніка органаў унутраных спраў усе грамадзяне роўныя… Журналіст не павінен быць бокам канфлікта, ніякага», — падкрэсліў міністр.

    Рэакцыя калег

    Інцыдэнт у судзе выклікаў розгалас у журналісцкім асяродку. Каля двухсот калег Дабравольскага падпісаліся пад калектыўным пісьмом да міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, у якім прасілі чыноўніцу выказаць сваю пазіцыю адносна недапушчальнасці перашкодаў прафесійнай дзейнасці журналістаў, рэалізацыі права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, і давесці яе да МУС і ўсіх яго структурных падраздзяленняў.

    У звароце журналісты звярнулі ўвагу на відавочнае парушэнне заканадаўства з боку міліцыянтаў.

    Міністр у адказе на зварот падкрэсліла, што ў журналістаў акрамя гарантаваных Канстытуцыяй правоў ёсць яшчэ абавязкі трымацца законаў. Далей чыноўніца спаслалася на атрыманую ў МУС інфармацыю пра інцыдэнт ў судзе, паводле якой Павел Дабравольскі «перашкаджаў супрацоўнікам міліцыі выконваць свае службовыя абавязкі».

    Пасля чаго Ананіч падкрэсліла, што дзейнасць журналіста павінна здзяйсняцца ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам.

    Што найперш прыцягвае ўвагу ў адказе Лілі Ананіч: міністэрства інфармацыі не стала чакаць вынікаў праверкі з СК і пракуратуры і фактычна выступіла на баку аднаго з удзельнікаў канфлікту — МУС. Такая пазіцыя ведамства нагадвае палітычна матываваныя суды над грамадскімі актывістамі, у часе якіх суддзя не знаходзіць падстаў не верыць сведчанням міліцыянтаў і не бярэ да ўвагі словы падсуднага і яго сведак.

    Журналісты не задаволіліся адказам з мінінфармацыі і сабралі яшчэ некалькі соцень подпісаў. Група прадстаўнікоў незалежных выданняў асабіста перадала подпісы міністру Ананіч і пагутарыла з ёй. Але пазіцыя ведамства засталася нязменнай.

    Зрэшты, не толькі Лілія Ананіч не стала чакаць вынікаў праверкі. Напрыканцы студзеня ўдзельнікі адной з перадач «Клуб рэдактараў» — кіраўнік БТ Генадзь Давыдзька, рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч, кіраўнік БелТА Дзмітрый Жук і госць студыі Аляксей Дзермант — фактычна сталі на бок міліцыянтаў. Выключэннем стала рэдактарка «Комсомольской правды» Галіна Малішэўская, якая настойвала, што журналіста збіваць нельга.

    Давыдзька прадэманстраваў фота збітага Дабравольскага і пракаментаваў яго: «Тут падрапанае сцягно. І дае інтэрв’ю, што 20 хвілін прафесійныя амапаўцы збівалі… За 20 хвілін гэтая драпіна? Недзе ўжо хлусня прысутнічае. За маленькай хлуснёй заўсёды хаваецца вялікая хлусня».

    Пазней «Советская Белоруссия» надрукавала вялікі артыкул, у якім гаворка ішла пра змову супраць міліцыі. У матэрыяле пісалі пра існаванне «явно координируемой антимилицейской кампании», кардынатары якой «действуют по методичкам по проведению “цветных революций”».

    Несуцяшальная статыстыка

    Пасля збіцця Паўла Дабравольскага яго калега Алена Андрэева сабрала звесткі пра збітых у Беларусі журналістаў за апошнія 10 год. 2 сакавіка гэтую інфармацыю аднеслі міністру інфармацыі Ананіч.

    Лічбы не могуць не ўражваць: больш за трыццаць фактаў ужывання фізічнай сілы да журналістаў. Фота з разбітымі да крыві тварамі Алега Улевіча, Андрэя Лянкевіча і Сяргея Грыца трапілі ў СМІ па ўсім свеце.

    Артыкул Алены Андрэевай пра ўжыванне сілы да рэпарцёраў дазваляе зрабіць некалькі важных назіранняў. У часе масавых палітычных акцый апошняга дзесяцігоддзя супрацоўнікі міліцыі фактычна ўвялі ў практыку паляванне на прадстаўнікоў прэсы. Найперш — на людзей з фота- і відэакамерамі.

    Другі істотны момант: ніводны міліцыянт, што ўдарыў журналіста, не быў пакараны паводле закона. Ніводны. Нават у тых выпадках, калі сведкамі збіцця былі калегі пацярпелага, а сам момант прымянення сілы трапіў у аб’ектывы камер.

    Гамлетаўская дылема беларускай міліцыі

    «Клянуся свята выконваць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, загады камандзіраў і начальнікаў, высока несці гонар і годнасць работніка органаў унутраных спраў, не шкадуючы свайго жыцця абараняць правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў» — гэта ўрывак з урачыстай прысягі, што прымаюць беларускія міліцыянты. Прамаўлялі гэтыя словы і супрацоўнікі АМАПу, што збівалі журналіста проста ў памяшканні суда. І тыя міліцыянты, што збівалі іншых журналістаў, ілжыва сведчылі ў судах.

    Натуральна, сітуацыя, калі супрацоўнікі праваахоўных органаў пачынаюць таўчы рэпарцёраў у судовых кабінетах, не магла ўзнікнуць раптоўна. Тым больш што такія дзікунскія метады працы сілавікоў з журналістамі могуць адбывацца толькі пры ўмове гарантаванай поўнай беспакаранасці першых.

    Пачатак гэтым працэсам, напэўна, паклаў скандал з «белымі плямамі» ў беларускіх газетах у снежні 1994 года, калі з Адміністрацыі прэзідэнта прыйшоў загад не друкаваць антыкарупцыйную справаздачу дэпутата Вярхоўнага Савета Сяргея Антончыка.

    Неўзабаве адбыўся падзел на дзяржаўную і незалежную прэсу. Фактычна, дзяржава ўвяла манаполію ў сферы тэлебачання. Адзіны незалежны тэлекнал «Белсат» ужо дзесяць год як працуе з‑за мяжы, беспаспяхова спрабуючы адчыніць у Беларусі карпункт і атрымаць акрэдытацыю.

    У сферы СМІ ў нашай краіне дзейнічае прынцып бізуна і перніка. Дзяржаўная прэса фінансуецца з нацыянальнага бюджэту, пад час падпісных кампаній на друкаваныя дзяржвыданні нярэдка выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс.

    У той жа час многія незалежныя выданні за апошнія дваццаць год зазналі судовыя працэсы, закрыццё, затрыманне і збіццё супрацоўнікаў. Напрыканцы 2005 года каля двух дзясяткаў недзяржаўных выданняў апынуліся па-за дзяржаўнай сістэмай распаўсюду. Большасць так і не вярнулася ў шапікі «Белсаюздруку» і падпісныя каталогі «Белпошты».

    Падзел журналістаў на «чэсных» і «нячэсных» не мог не адбіцца на ўспрыманні сілавікамі недзяржаўных СМІ. За два дзясяткі год сярод міліцыянтаў выгадавалася не адно пакаленне супрацоўнікаў, якія, мякка кажучы, непрыязна ставяцца да ўсяго, што ўяўляе сабой альтэрнатыву дзяржсістэме — да апазіцыі, грамадскіх актывістаў і незалежных журналістаў.

    З верасня 2009 года мінская міліцыя стала прымяняе на масавых акцыях тактыку «персанальнай апекі» журалістаў: на рэпарцёраў у літаральным сэнсе пачынаюць паляваць спецназаўцы ў цывільным, якія перашкаджаюць весці здымкі, а часам і выбіваюць з рук камеры. Пры гэтым яны не звяртаюць увагі ні на дарагую прафесійную тэхніку, ні на рэдакцыйныя бэджы.

    Прыцягнуць да адказнасці ці хоць бы высветліць, хто стаіць за такімі дзеяннямі, дагэтуль не ўдалося. Такая беспакаранасць і развязвае амаль што гамлетаўскую дылему беларускай міліцыі: біць альбо не біць. Канечне, біць!   

    Праверку наконт збіцця Паўла Дабравольскага зноў працягнулі на месяц

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці