«Белсат»: Мы робім «План: Б», каб кожны ведаў, якія ёсць варыянты сёння і заўтра
І куды сучаснаму тэлебачанню без ток-шоу? Увечары 4 верасня ў эфір выйдзе першае выданне новага сезону праграмы «План: Б». Калегі з «Белсат» пабывалі на здымках, паразмаўлялі з вядоўцамі, а цяпер раскажуць, чаго чакаць.
Тэма першай у гэтым сезоне праграмы – «Вагнэраўцы: чым скончыцца авантура ў Беларусі?». Адзін з гасцей – былы вагнэравец, які раскрыў некаторыя сакрэты дзейнасці вайсковай групоўкі ды апавёў, за што ў Групе Вагнэра могуць «абнуліць».
Што значыць «абнуліць», запыталі ў расейскага байца гледачы ў студыі.
«Ну, гэта калі чалавек ужо не дыхае», – адказаў вайсковец.
А таксама гасцямі студыі сталіся журналіст цэнтру «Дасье» Дзяніс Караткоў і вайсковы эксперт, афіцэр запасу Літвы Дарус Антанайціс. Ды, натуральна, нашая публіка, якая часам мае экспертны ўзровень. Дарэчы, «План: Б» – адзіная праграма сярод усіх незалежных медыяў, дзе публіка вядзе жывую дыскусію з экспертамі і вядоўцамі. Пры гэтым любы можа зрабіцца госцем студыі: проста напішыце нам.
У праграме прагучалі сярод іншых наступныя тэзы: «Лукашэнка даўно ўжо слуга Пуціна, ён павінен выконваць загады Пуціна»; «Лукашэнка – тэрарыст, і кропка»; «для Літвы вагнэраўцы пагрозы не ўяўляюць, на кожны аўтамат вагнэраўца ёсць добры шведскі гранатамёт».
Другая праграма выйдзе ў эфір 11 верасня і будзе прысвечаная адукацыі ды таму, як яе забівае рэжым Лукашэнкі, што можна зрабіць для яе захавання.
А мы паразмаўлялі з вядоўцамі праграмы пра тое, што чакае іх у новым сезоне.
Зміцер Міцкевіч: Любая тэма ў Беларусі – палітычная: ад культуры да спорту, ад хатняга гвалту да парламенцкіх выбараў
Размаўляем з вядоўцам праграмы Змітром Міцкевічам.
– Змітру, чаго чакаць ад новага сезону праграмы «План: Б»?
– У новым сезоне чакаць яшчэ больш вострых тэмаў, больш жорсткіх дыскусіяў, і, канечне, больш плану менавіта Б, бо мы працягнем абмяркоўваць не толькі актуальныя тэмы, але і звернем увагу на стратэгічныя пытанні. Ізноў жа працягнем гаварыць пра рэчы, якія мусяць быць часткай агульнага парадку дня, але гэта не заўжды вострае. Аднак мы пастараемся з гэтых нявострых рэчаў зрабіць прывабную цукерку для нашых гледачоў. Важна падкрэсліць, што ёсць тэмы, якія не губляюць актуальнасці. У Беларусі ўсцяж пагаршаецца сітуацыя, лукашысты працягваюць знішчаць усё беларускае, што ёсць у краіне, Беларусь даводзяць да ручкі, пагаршаецца інфраструктура, пагаршаецца ўсё. І мне здаецца, немагчыма гэтага не заўважыць, і мы будзем пра гэта гаварыць. Будзем размаўляць пра тое, што рабіць менавіта цяпер і як нам рэагаваць на ўсе выклікі, якія перад намі ставіць жыццё.
– Ці ёсць для праграмы забароненыя тэмы?
– Няма забароненых тэмаў. Мне здаецца, пасля праграмы пра легалізацыю секс-працы ўсім зразумела, што ніякіх забароненых тэмаў няма. І мы стараемся запрашаць усе бакі. Хто не глядзеў, раю паглядзець і гэтую праграму, а таксама праграму пра хатні гвалт, напрыклад. Мы абмяркоўваем тэмы, якія не вельмі падабаюцца YouTube ды іншым сацыяльным сеткам, але я ўпэўнены, што гэта тэмы важныя, гэта тая рэчаіснасць, з якою мы сутыкаемся. Калі нейкая дзіч адбываецца, гэта не значыць, што яе трэба хаваць пад канапу.
– Вы сацыяльны праект ці палітычны?
– Мы палітычны праект. Чаму? Калі кажуць, што нейкія тэмы сацыяльныя, а я не думаю, што цяпер у Беларусі ёсць непалітычныя тэмы. Усе тэмы палітычныя. І мы бачым, што ў Беларусі ўсе тэмы ўпіраюцца ў палітыку. Любая тэма ў Беларусі палітычная: ад культуры да спорту, ад хатняга гвалту да парламенцкіх выбараў. Калі забараняюць арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны», то цяпер экалогія ды арніталогія – гэта палітычныя тэмы. Таму мы палітычнае ток-шоу, якое звяртаецца да ўсіх тэмаў у Беларусі і разглядае іх праз прызму магчымага развязання ў тым ліку палітычнымі інструментамі.
– Прадстаўнікі лукашэнкаўскага рэжыму ўважліва сочаць за вашым ток-шоу і вельмі востра рэагуюць. Чаму, як думаеш?
– Ім вельмі не падабаецца, што хтосьці хоча парушыць іхную манаполію на абмеркаванне важных тэмаў у беларускім парадку дня. Яны ж паказваюць, што ў Беларусі ўсё цудоўна, што праблемаў не існуе, што ўсё развіваецца, што Беларусь з тэлевізара, якую яны паказваюць, сапраўды існуе ў рэчаіснасці. Але мы ведаем, як сітуацыя выглядае насамрэч, і відавочна, што лукашыстам гэта не падабаецца. Яны ўсё адсочваюць, яны рэагуюць на нас, пішуць пра нас. Ну, калі ласка: усё PR, акрамя некралогу.
Вольга Старасціна: Мы хочам, каб усе ведалі, што рабіць, калі пачнуцца змены
Змітра Міцкевіча дапаўняе сувядоўца Вольга Старасціна:
– У новым сезоне мы хочам не толькі ведаць меркаванне экспертаў, але больш кантактаваць з нашаю публікай і гледачамі. Таму, калі ласка, пішыце вашыя меркаванні, пішыце пра тэмы, якія вы хочаце пачуць. Мы будзем старацца гэта рэалізаваць. Мы будзем самым актыўным нашым гледачам перадаваць пэўныя ўзнагароды ад нас і нашых экспертаў. Таму, калі ласка, пішыце нам!
– Дык якія тэмы будуць гучаць у вашай праграме?
– Мы будзем размаўляць пра тыя тэмы, якія найбольш хвалююць грамадства. Безумоўна, мы застаёмся ў палітычнай плыні, мы працягнем шукаць выйсце з сітуацыі, паказваць беларусам пры ўладзе і тым, чыё жыцці паламала гэтая ўлада, як будаваць новую Беларусь, якой яна можа быць, каб у ёй камфортна было ўсім. І калі пачнуцца змены, мы мусім ведаць, у якім кірунку ісці.
– Што скажаце людзям, якія застаюцца ў Беларусі?
– Мы просім людзей у Беларусі найперш берагчы сябе, сваіх блізкіх, намагацца не рабіць супрацьпраўных дзеянняў, бо рэжым моцна правакуе людзей, і, натуральна, адукоўвацца, браць інфармацыю з розных крыніцаў. Галоўнае – захаваць, наколькі гэта магчыма, спакой і здаровую псіхіку. Усё зменіцца.
Чытайце яшчэ:
Основатель «Рогачев Онлайн» объявил о закрытии проекта и отказе от гражданства
Как работают украинские журналисты, живущие в оккупации и в прифронтовых городах
«Ці беларусы сэксі?» Прадзюсер Алесь Чахоўскі запусціў уласны YouTube-праект