Беларускія традыцыі ў аб’ектыве Альфрэда Мікуса
Анлайн-часопіс ALOVAK прысвяціў гэты артыкул унікальнаму беларускаму фатографу, майстру рэпартажнай здымкі Альфрэду Мікусу. На вялікі жаль, ён ужо не пабачыць гэты допіс. Сёлета гэты таленавіты і энэргічны чалавек раптоўна сышоў з жыцця, яму было ўсяго 57. Сімвалічна, што гэта адбылося ў дзень фатографа і падчас фэсту традыцыйнай культуры “Пятровіца”, які ён так любіў здымаць…
Альфрэд Мікус родам з Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. У прафесійную мастацкую фатаграфію ён прыйшоў у 42 гады. І ўжо праз пяць год стаў уладальнікам самых прэстыжных узнагарод у гэтай сферы – залатых медалёў FIAP (Міжнароднай федэрацыі фатаграфічнага мастацтва), UPI (Міжнароднага Саюза Фатографаў) і іншых вядомых сусветных фотасупольнасцей.
Аб’ездзіўшы дзясяткі краін, ажыццявіўшы мноства фотапраектаў, спадар Мікус вырашыў для сябе, што за цікавымі і ўнікальнымі кадрамі не абавязкова ехаць далёка. Дастаткова глыбей даведацца пра Беларусь — пра яе культуру і традыцыі.
Так асноўнай тэмай для здымак у фатографа сталі старажытныя абрады, фэсты і святы, якія праводзяцца ў беларускіх вёсках і мястэчках.
Спадару Мікусу не падабаліся пастановачныя здымкі:
“Я за рэальныя сюжэты. А іх вакол незлічонае мноства. У гэтым пераканаўся яшчэ на пачатку сваёй фатаграфічнай кар’еры, калі з сябрамі-аднадумцамі аб’ездзіў дзясяткі беларускіх рэгіёнаў. Быў прыемна здзіўлены, як шмат у нашай краіне ўнікальных архітэктурных помнікаў — храмаў, закінутых сядзіб…”.
Фатограф лічыў, што турыстам у Беларусі трэба абавязкова паказваць нашы старажытныя абрады, ён лічыў іх “неверагодна каларытнымі”. У прыклад прыводзіў палескія “Ваджэнне куста” і “Перанос свечкі”, а таксама Пятроўскі фэст у Любанскім раёне:
“Вось што сапраўды трэба папулярызаваць! Усё зроблена ад душы, не для галачкі, а сапраўды для людзей. Такія мерапрыемствы не павінны быць зачыненымі дзействамі”.
Альфрэд Мікус дзяліўся сваім сакрэтам удалай здымкі:
“Кожны раз еду на абрад і кожны раз улюбляюся. Выбіраю двух-трох чалавек, якіх здымаю часцей за іншых, і рэальна ў іх улюбляюся. Пражываю кожную здымку, апускаюся ў характар, у эмоцыю. І пасля здымкі яшчэ 3–4 дні хаджу закаханым”.
Яшчэ больш адметных фота Альфрэда Мікуса з беларускіх фэстаў і святаў
Чытайце яшчэ:
У Менску прайшоў сэмінар для прапагандыстаў дзяржаўных СМІ і фэйкавых экспэртаў замежжа. Сярод арганізатараў — інстытут UNESCO
«Мы не прыехалі працаваць на вайну, мы жывем на гэтай вайне». Вялікая размова з журналістамі «Суспільного» з Харкава
Олег Агеев: «Я спросил: «А какое преступление вы хотите раскрыть при помощи карты, изданной в Австро-Венгерской империи?»