• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларускія ціктокеры – пагроза для рэжыму?

    Каб стаць фатографам, недастаткова фотаапарата. Каб стаць журналістам, трэба не толькі пісаць, чытаць і здымаць відэа. А каб стаць папулярным блогерам, недастаткова купіць дарагі мабільнік і штодня пісаць сваё меркаванне пра ўсё на свеце. Але, можа быць, адна з гэтых розных прафесіяў – для вас? Сёння мы паглядзім, як журналісты і блогеры ўплываюць на гэты свет.

    Журналістыка як прафесія з’явілася тады ж, калі людзі пачалі добра зарабляць незалежна ад паходжання – калі зʼявілася свабода прадпрымальніцтва. То бок калі скончылася Сярэднявечча і пачаўся росквіт капіталістычных стасункаў. Ад першых газет да радыё і тэлебачання прайшло некалькі стагоддзяў, ад тэлевізара да інтэрнэт-рэдакцыяў – некалькі дзясяткаў гадоў.

    «Журналістыка – гэта чацвёртая ўлада ва ўсім цывілізаваным свеце. І палітыкі прыслухоўваюцца да журналістаў. Людзі чытаюць, абураюцца, калі нейкія праблемы вострасацыяльныя падымаюцца, і гэта нармальна. І дзякуючы гэтаму ўсе іншыя інстытуты сацыяльныя працуюць так, як трэба», – мяркуе Сцяпан Пуціла, заснавальнік незалежнага медыя «NEXTA».

    Старшыня Літоўскага звязу журналістаў раіць сваім калегам трымацца асобна ад улады і тым больш не быць яе абслугай – гэта задача прапаганды. А галоўная задача медыяў – інфармаваць і абараняць інтарэсы грамадства.

    «Роля СМІ – крытыкаваць уладу, дапамагаць слабым і арганізаваць дыскусіі ў грамадстве на самыя важныя пытанні», – тлумачыць Дайнюс Радзявічус.

    Дзякуючы інтэрнэту, сёння рэдакцыі СМІ не мусяць сядзець у адным будынку. Карэспандэнты могуць працаваць з дому ці проста з месца падзеяў.

    «Сёння журналістыка стала трансгранічнай, глабальнай. І ўвогуле інфармацыю вельмі цяжка ўтрымаць (ад распаўсюду). Заўсёды, як я праязджаў беларускую мяжу, і ў мяне шукалі нейкія носьбіты, флэшкі, дыскі, я скептычна да гэтага ставіўся», – кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

    Барыс Гарэцкі звяртае ўвагу на і супольныя міжнародныя расследаванні, калі некалькі рэдакцыяў з розных краінаў могуць разам адкапаць штосьці важнае. Напрыклад, Беларускі расследавальніцкі цэнтр у межах міжнароднага праекту «Shad­ow Diplo­mats» адшукаў бізнесоўцаў, якія адмывалі і адмываюць грошы рэжыму Лукашэнкі.

    Але за апошнія гадоў 10 у прэсы з’явіліся моцныя канкурэнты – інтэрнэт-блогеры.

    «Я з самага пачатку сумяшчаў часам прафесію журналіста і блогера», – прыгадвае Сцяпан Пуціла.

    Сцяпан Пуціла, які стварыў незалежнае медыя «Nex­ta», пачынаў з асабістага каналу на Ютубе яшчэ як быў школьнікам. Майстэрства пошуку і падачы інфармацыі здабыў на «Белсаце», як журналіст інфармацыйнай рэдакцыі. А цяпер «Nex­ta», як СМІ, таксама публікуе рэзанансныя расследаванні, у тым ліку пра крадзеж бюджэтных грошай на залатыя ўнітазы Лукашэнкі. Сцяпан адчувае розніцу між гэтымі медыя-прафесіямі.

    «Журналісты заўжды шукаюць другі пункт гледжання, абʼектыўнасць і г.д. А блогеру дастаткова нейкіх вымоваў, прамоваў людзей, сваіх думак уласных, і таго, што думаюць каментатары», – кажа малады «экстрэміст-тэрарыст».

    Сёлета адкрыты напад Расеі на Украіну ўдарыў і па медыях. »Белсату«, як і іншым тэлеканалам, давялося трэніраваць новых ваенных карэспандэнтаў. Шмат хто з украінскіх журналістаў узяў у рукі зброю. А блогеры, якія раней стваралі забаўляльны кантэнт, сталі маральна падтрымліваць вайскоўцаў і грамадзянаў, ды распавядаць усяму свету пра ваенныя злачынствы расейскага войска.

    «Я вырашыла зняць адзін дзень украінкі падчас вайны. І гэты дзень хутка набраў паўтара мільёны праглядаў… Цік-Ток – мая зброя, так я змагаюся за сваю краіну. Гэта маё валанцёрства», – распавяла журналістам маладая ўкраінская ціктокерка Дзвеніслава Глібавіцкая.

    Падобнай справай займаецца і маладая беларуская ціктокерка Ліза Ветрава. На гэтай відэаплатформе яна папулярызуе беларускасць і беларускую мову – з дапамогай коцікаў і эротыкі.

    Пры гэтым дзяўчына сурʼёзная.

    «Люблю пакапацца ў слоўніках, пазнаходзіць, падаставаць старыя гутарковыя беларускія словы, пра якія шмат хто забываць пачынае», – тлумачыць Ліза Ветрава.

    Як тлумачыць Ліза, пасля пачатку адкрытай вайны ва Украіне яна ачысціла сваю медыяпрастору ад расейскага кантэнту. І заклікае суайчыннікаў ствараць наш уласны медыя-прадукт. Хай часам па-руску, часам на трасянцы, але галоўнае – каб розум быў не ў Маскве, а на радзіме. Ды паступова пераходзіць на родную мову.

    «Беларуская медыяпрастора супер-вольная, таму ўсе, хто ў яе заходзіць, робяць моцны ўплыў і вялікі крок да беларускай Беларусі… Гэта нашая адметнасць, гэта тое, што робіць нас такімі падобнымі між сабой, і адрознымі ад усіх іншых. Гэтай мове больш за тысячу гадоў, і яна прайшла такі неверагодны шлях. Алё, вы сурʼёзна? Не хочаце на ёй размаўляць? Падумайце добранька. Як пачняце, спыніцца ўжо не зможаце», – абяцае Ліза Ветрава.

    Не варта думаць, што Цік-Ток – гэта толькі забаўляльная, несурʼёзная платформа. Апроч культурнага жыцця, там віруе і палітычнае змаганне за свабоду Беларусі. Таму сёлета міліцыянты Лукашэнкі пачалі паляванне на ціктокераў. Шукаюць экстрэмістаў.

    «На днях пры сілавой падтрымцы АМАПу, СОБРу і «Алмазу» аператыўнікі затрымалі пяцёх маладзёнаў ва ўзросце 16–26 гадоў. Вызначана, што фігуранты, тры з якіх непаўнагадовыя, пачынаючы з 2020 г. адміністравалі 4 цік-ток акаўнты і 2 тэлеграм-каналы», – заяўляў з экрану прадстаўнік ГУБАЗіКу пад кадры штурму кватэраў.

    Навошта школьнікаў штурмуе спецназ? Бо страх – аснова рэжыму, мяркуе «Нехта»: «Страх – баіцца Лукашэнка нас, і страх, каб людзі баяліся – падпісвацца на нашыя каналы, дасылаць нам інфармацыю».

    Супраць Сцяпана Пуцілы Следчы Камітэт Лукашэнкі ініцыяваў спецвытворчасць, за медыйную дзейнасць яго будуць судзіць завочна. Сцяпан ужо ёсць у афіцыйным спісе тэрарыстаў ад КДБ.

    «Раней здавалася, што гэта прэстыжны статус, і што гэта пашана ад дзяржавы, павага да тваёй працы. А калі гэта сталася натуральным, і ўсіх запар прызнаюць (тэрарыстамі і экстрэмістамі), то гэта ўжо не так цікава», – кажа Сцяпан Пуціла.

    Гэта горкі жарт – цяпер за кратамі 32 прадстаўнікі беларускіх медыяў.

    «Тыповыя абвінавачанні супраць журналістаў – або ўдзел у масавых акцыях, або ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні, якім зараз прызнаныя амаль усе асноўныя недзяржаўныя медыі, або нейкія справы, звязаныя з распальваннем варажнечы», – тлумачыць Барыс Гарэцкі.

    Ёсць абсалютна бесчалавечныя выракі журналістам, якія проста выконвалі сваю працу: 8, 14, 15 гадоў пазбаўлення волі за нібыта здраду дзяржаве. Сярод такіх асуджаных – журналістка «Белсата» Кацярына Андрэева.

    «Іх аўтаматычна адразу прызнаюць схільнымі да экстрэмізму і ў калоніі навешваюць максімальную колькасць абмежаванняў на перадачы, сустрэчы і г.д.», – распавядае намеснік старшыні БАЖу.

    Што рэпрэсіі супраць медыяў азначаюць для ўсіх грамадзянаў? Залежнасць простая: дзе знікае свабода прэсы, там з часам знікае і хлеб з маслам.

    «Вы можаце паглядзець па рэйтынгах «Рэпарцёраў без межаў», «Free­dom House» і іншых міжнародных рэйтынгах. Калі 100 з чымсьці (рэйтынг) краіны ўзяць, і там свабоды слова няма, то вы пабачыце, што там і па іншых параметрах гэтыя краіны адстаюць», – тлумачыць старшыня Літоўскага звязу журналістаў Дайнюс Радзявічус.

    Як тлумачыць адмысловец, калі ніхто не можа задаць чыноўніку нязручнае пытанне і атрымаць дакладны і празрысты адказ, то абавязкова расцвітае карупцыя і самадурства ўлады.

    Праўда, без незалежнай інфармацыі самі дыктатары трапляюць у крышталёвую кулю – і перастаюць бачыць абʼектыўную карцінку наваколля. Бо іх атачэнне будзе паказваць толькі тое, што дыктатары хочуць бачыць.

    «Ствараецца штучнае пачуцце аднадумнасці, бо тыя, хто не згодны, да гэтай групы або не трапляюць, або хутка з яе знішчаюцца», – тлумачыць логіку развіцця аўтарытарнай улады прафесар Атлантычнага ўніверсітэту Флорыды Паліна Прысмакова.

    Мы жывем у інфармацыйным грамадстве. Цяпер значна больш дзяцей мараць стаць блогерамі, чым касманаўтамі. А навіны з іншага кантыненту могуць прыйсці хутчэй, чым з іншага райцэнтру. Не патануць у моры інфармацыі вам дапаможа «Белсат» ды іншыя незалежныя беларускія медыі. Такая нашая праца і такая нашая місія.

    Чытаць яшчэ: 

    “Будьте осторожны с теми, кто хочет сделать вам смешно!” Как карикатура в медиа влияет на белорусскую аудиторию

    Гайд па беларускім відэакантэнце: ад навін пра вайну да ролікаў пра якасць сексу

    «Я ў бронекамізэльцы і касцы, мясцовыя такога не маюць». Як беларускі журналіст працуе на вайне ва Ўкраіне

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці