БАЖ абновіць «Рэйтынг адкрытасці» дзяржаўных органаў для СМІ
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” абновіць «Рэйтынг адкрытасці» асноўных дзяржаўных органаў і арганізацый для прадстаўнікоў медыя.
У 2013 і 2015 гадах арганізацыя ўжо праводзіла такія даследаванні. Прадстаўнікі грамадскага аб’яднання апытвалі дастатковую колькасць журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных СМІ і прасілі іх выставіць кожнаму ведамству адзнаку ў адпаведнасці з тым, наколькі лёгка ім атрымліваць неабходную інфармацыю. Тады найбольш закрытымі для СМІ журналісты назвалі Мінінфармацыі, Мінпрацы і Міністэрства аховы здароў’я.
— Ідэя правядзення даследавання ўзнікла з‑за вялікай колькасці нараканняў калег на працу дзяржаўных органаў. Падобныя скаргі чутныя ў журналісцкай супольнасці амаль кожны дзень.
Каб пазбегнуць недакладнасцяў, мы просім калег ацэньваць працу толькі тых ведамстваў, з якімі журналіст непасрэдна працуе. Пакуль апытанне тычыцца ведамстваў рэспубліканскага ўзроўню, але ў будучыні мы плануем зрабіць і падобныя рэгіянальныя рэйтынгі, — гаворыць прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі.
Калі Вы хочаце прыняць удзел у апытанні, напішыце нам пра гэта на press@baj.by.