Аўтара «Новага часу» і журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына змясцілі ў карцэр
Пра гэта паведаміла ягоная жонка Вольга.
“Усё ж перавод Дзяніса Івашына ў іншую камэру быў чарговай спробай дадатковага катаваньня. Ад учорашняга вечару Дзяніс зноўку ў карцары, перадачы не прымаюць…
…Гэтым разам у адзіночцы таксама досыць халадно, але наш ваяр загартаваўся за час палону, і перададзеная намі тэрмабялізна дапамагае. Таму Дзяніс, сьцяўшы зубы трывае, бо разумее, што падчас вайны складана ствараць і захоўваць добрую вонкавую абстаноўку”.
14 верасня Гродзенскі абласны суд пакараў Дзяніса Івашына вялізным тэрмінам зняволення – агулам 13 гадоў і 1 месяц турмы. Вырак агучыў суддзя Валерый Раманоўскі.
Акрамя таго, журналіст павінен заплаціць штраф у памеры 4800 рублёў, а ў дадатак яшчэ і “маральную кампенсацыю” дзевяці пацярпелым — па 2000 рублёў кожнаму. Хто гэтыя асобы — дакладна невядома, бо суд адбываўся ў закрытым рэжыме.
Дзяніс Івашын — карэспандэнт незалежнай газеты “Новы Час”, беларускі рэдактар міжнароднай валанцёрскай супольнасці InformNapalm. Яго галоўныя аўтарскія праекты прысвечаныя расследаванню злачынстваў, учыненых дзяржавай.
Дзяніс Івашын зрабіў грунтоўнае расследаванне аб пабудове рэстарана “Поедем Поедим” побач з урочышчам Курапаты (масавым магільнікам ахвяр рэпрэсій сталінскіх часоў). Сістэмна займаўся вывучэннем уплыву “рускага міру” на Беларусь. Адсочваў сумесныя вучэнні “Росгвардии” і беларускіх сілавікоў.
А ў 2021 годзе апублікаваў рэзанансны артыкул пра былых супрацоўнікаў украінскага спецпадраздзялення “Беркут”, якіх пасля перамогі Майдану ўзялі на службу ў беларускія сілавыя структуры. У прыватнасці, сабраў доказы, што былыя “беркутаўцы” бралі непасрэдны ўдзел у разгоне мірных пратэстаў у Беларусі ў жніўні 2020-га.
Фармальна менавіта за гэту публікацыю аўтара і затрымалі 12 сакавіка 2021 года. Першапачаткова яму інкрымінавалі артыкул 365 Крымінальнага кодэкса (“умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў”), а праз паўгода прад’явілі новае абвінавачанне — “здрада дзяржаве”.
У сваіх публічных заявах Камітэт дзяржбяспекі галаслоўна сцвярджаў, што Дзяніс Івашын нібыта “працаваў на спецслужбы Украіны”, чым нанёс шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі.
Паводле праваабаронцаў, судовая справа ад пачатку была скіраваная на тое, каб знайсці як мага больш інфармацыі супраць Дзяніса Івашына і адпомсціць яму за расказаную праўду пра злачынствы пад прыкрыццём дзяржавы. Таму, нягледзячы на суровы прысуд, журналіст па-ранейшаму мае патрэбу ў юрыдычнай дапамозе — нямала прыкладаў, калі на асуджаных працягваюць “навешваць” усё новыя крымінальныя артыкулы.
Хоць збор на падтрымку сям’і Дзяніса Івашына ўжо завершаны, але, як нагадваюць у Фондзе салідарнасці BYSOL, колькасць пацярпелых ад беззаконня ў цяперашняй Беларусі вылічваецца тысячамі. А значыць, працягваюцца іншыя ініцыятывы — напрыклад, на падтрымку групы фігурантаў аб’яднанай справы анархістаў і праваабаронцаў, якія разам атрымалі без малога 100 гадоў турмы.