Аўтар канала «Ліда для жыцця» атрымаў 15 сутак арышту
У Гродне на 15 сутак арышту асудзілі блогера Дзяніса Рудзевіча, які вядзе youtube-канал "Ліда для жыцця".
Дзяніс быў затрыманы 13 ліпеня пасля таго, як выйшаў з суда над актывістамі Юліей Карначавай і Ежы Грыгенчам. Пасля суда ён планаваў пайсці ў РАУС, каб атрымаць пастанову па сваёй справе, аднак быў затрыманы людзьмі ў цывільным. Яго памясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання да суда.
Суд над Дзянісам Рудзевічам правялі таемна, і паплечнікі не змаглі трапіць на працэс, каб падтрымаць блогера. Вядома, што яго судзілі па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі «Ланцуг салідарнасці», якая праходзіла 19 чэрвеня.
Нагадаем, 19 чэрвеня ў Гродне падчас акцыі “Ланцуг салідарнасці“ Дзяніса Рудзевіча схапілі невядомыя ў цывільным, не прадстаўляючыся, запіхнулі ў аўтобус і даставілі ў РАУС Ленінскага раёна. Там Дзянісу паведамілі, што ён затрыманы і на яго быў складзены пратакол па частцы 2 артыкула 22.9 КоАП (незаконны выраб і распаўсюд СМІ).
Акрамя таго, у яго было канфіскавана ўсё абсталяванне, а тэлефон разбілі пры затрыманні супрацоўнікі ў цывільным
9 ліпеня 2020 года высветлілася, што адміністрацыйная справа па гэтым пратаколе прыпынена. Але на Дзяніса склалі новы пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення мерапрыемства).