• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Асуджаную журналістку Ларысу Шчыракову дадалі ў «спіс экстрэмістаў»

    Міністэрства ўнутраных спраў РБ 22 верасня абнавіла «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод тых, каго ўключылі ў «спіс экстрэмістаў» на гэтым тыдні, — палітзняволеная гомельская журналістка і краязнаўца Ларыса Шчыракова, асуджаная да трох з паловай гадоў калоніі.

    31 жніўня суддзя Гомельскага абласнога суда Мікалай Доля прызнаў Ларысу Шчыракову вінаватай паводле двух крымінальных артыкулаў: арт. 361–4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і  арт. 369–1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). І агучыў вырак: тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з выплатай штрафу памерам 100 базавых велічыняў (3700 рублёў).

    Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Адкрытым зрабілі толькі агучванне рэзалюцыйнай часткі прысуду. Паводле тых, хто пры гэтым прысутнічаў, Ларыса Шчыракова публічна абвясціла, што не збіраецца падаваць апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд. Пра сваю адмову аспрэчваць вырак яна паведамляла на волю яшчэ да пачатку судовага працэсу, лічачы гэта марным заняткам: на яе думку, дамагчыся змены прысуду па «палітычных» артыкулах немагчыма, пра што, зрэшты, сведчаць і ўсё папярэднія спробы, якія рабілі асуджаныя журналісты.

    Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, Ларыса Шчыракова «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месенджары і ўліковыя запісы ў сацсетках перадала для размяшчэння і размясціла ў інтэрнэце, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь».

    Якія гэта звесткі — невядома, бо суд быў закрыты, і з усіх удзельнікаў працэсу ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Таксама журналістка, паводле абвінавачання, «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя‑, відэа‑, фота- і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат».

    Нагадаем, рашэннем Міністэрства ўнутраных спраў РБ тэлеканал «Белсат» і яго сайт на YouTube-канале, а таксама акаўнты ў Telegram, Insta­gram, Twit­ter, Face­book, VK і «Одноклассники» былі прызнаныя «экстрэмісцкім фармаваннем» 3 лістапада 2021 года. «Гомельская вясна» і афіляваныя з ёй сацсеткі абвешчаныя такімі 9 жніўня 2023 года — калі ўжо ішоў суд над Шчыраковай.

    Журналістку затрымалі 6 снежня 2022 года, перад тым супрацоўнікі ГУБАЗіКа  правялі ператрус у доме, дзе Ларыса Шчыракова жыла ўдвох з непаўнагадовым сынам. Хлопца ў дзень затрымання маці міліцыя перадала ў сацыяльны прытулак. Служба апекі не дазволіла забраць Святаслава ні дзядулю, ні іншым сваякам. З прытулку падлетка забраў бацька, з якім Ларыса даўно ў разводзе, але на выклік сваякоў ён адмыслова прыехаў у Гомель з расійскага Новасібірска.

    За кратамі 13 красавіка Ларыса Шчыракова сустрэла 50-годдзе. У сваіх апошніх лістах на волю журналістка пісала, што яе не ўдасца зламаць.

    У сярэдзіне верасня яе мусілі перавесці з СІЗА ў жаночую калонію № 4, размешчаную тут жа ў горадзе на вуліцы Антошкіна, але звестак пра гэта пакуль няма: сваякі яшчэ не атрымалі лістоў са зваротным адрасам папраўчай установы.

    Паводле адукацыі Ларыса Шчыракова — гісторык з веданнем англійскай мовы. Яна скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны, выкладала ў школе гісторыю і англійскую мову. У свой час кіравала моладзевай краязнаўчай арганізацыяй «Талака» (ліквідаваная ўладамі ў 2021 годзе). Пазней захапілася журналістыкай, супрацоўнічала з незалежнымі медыя. Асвятляла яна і пратэсты ў рэгіёне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

    За супрацу з замежнімі СМІ без акрэдытацыі ў беларускім МЗС Шчыракову затрымлівалі і  штрафавалі праз суды больш як 40 разоў. Але два гады таму, яшчэ да прызнання «Белсата» экстрэмісцкім фармаваннем, жанчына публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі.

    Летась яна стала вучыцца завочна ва ўніверсітэце на псіхолага. Каб не застацца без сродкаў існавання, зарэгістравалася ў выканкаме індывідуальнай прадпрымальніцай — прапаноўвала ахвотным рабіць фотаэтнасесіі ў нацыянальных строях са сваёй багатай прыватнай калекцыі. Таксама займалася праектам «Забітыя і забытыя», прысвечаным ушанаванню памяці жыхароў Гомельшчыны — ахвяр сталінскіх рэпрэсій, вяла старонку праекта ў Фэйсбуку, здымала відэасюжэты пра рэпрэсаваных і змяшчала іх на YouTube.

    Беларуская праваабарончыя супольнасць прызнала Ларысу Шчыракову палітычнай зняволенай. Яе імя і прозвішчы трапіла ў пералік «экстрэмістаў» у шэрагу яшчэ 34 асобаў, уключаных туды апошнімі днямі. На сёння ў гэтым  спісе 3 324 чалавекі.

    Чытайце яшчэ: 

    «Упершыню з’явілася адчуванне, што я ў гэтым жыцці зусім адна». Пяць гісторый журналістаў, з якімі спынілі адносіны родныя праз грамадзянскую пазіцыю

    «Самы пачварны дзень у маім жыцці». Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч распавёў пра свой арышт

    Что такое туркменизация журналистики? Это возможное завтра для белорусских медиа

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці