Асуджанага відэааператара Івана Мураўёва перавялі ў СІЗА магілёўскай турмы, дзе ён застанецца да разгляду апеляцыі
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, 11 студзеня з СІЗА №1 Мінска ў СІЗА пры турме №4 Магілёва да агалошвання вынікаў разгляду апеляцыі адправілі відэаператара-фрылансера, прадпрымальніка Івана Мураўёва.
Нагадаем, 26 снежня 2022 года суддзя Мінскім гарадскога суда Алена Шылько прыгаварыла Івана Мураўёва да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Столькі, колькі перад гэтым і запатрабавала прадстаўніца пракуратуры.
Служба маніторынгу БАЖ даведалася ад блізкіх асуджанага, што Івана Мураўёва ўжо даставілі ў следчы ізалятар пры магілёўскай турме №4. Перад гэтым яшчэ паспела адбыцца сустрэча са сваякамі: з іх слоў, трымаецца ён добра, маральны і фізічны стан нараканняў не выклікае.
Суразмоўцы ўдакладнілі, што ў ізалятары Іван прабудзе да разгляду апеляцыі Вярхоўным судом – адпаведныя дакументы туды ўжо накіраваныя, але дата пасяджэння пакуль што не вызначаная. Хай у беларускіх умовах фармальна, але лічыцца, што да працэдуры абскарджання прысуд у сілу яшчэ не ўступіў, таму адразу накіраваць чалавека ў калонію нельга.
Пры гэтым, як сведчыць досвед папярэдніх палітычных “сядзельцаў”, змена геалакцыі да разгляду скаргі сведчыць як мінімум на дзве акалічнасці. Па-першае, сталічная “Валадарка” па-ранейшаму перапоўненая і ёсць неабходнасць раскідаць асуджаных па іншых ізалятарах. Па-другое, абраны рэгіён намякае на будучае месца адбыцця пакарання – з вялікай доляй упэўненасці можна прагназаваць, што датычна Івана Мураўёва гэта будзе альбо папраўчая калонія №15 у Магілёве, альбо папраўчая калонія №2 у Бабруйску.
Працэс над Іванам Мураўёвым пачаўся 22 снежня. Пасяджэнне адразу ж зрабілі закрытым — прадстаўніца абвінавачання аргументавала гэта тым, што будуць разглядацца “экстрэмісцкія матэрыялы”, распаўсюд якіх супярэчыць абноўленаму заканадаўству. Такім чынам цягам дням суддзя паспела не толькі цалкам “пагрузіцца” ў тонкасці справы, а і правесці спрэчкі бакоў. Агучванне канчатковага выраку наогул заняло некалькі хвілін.
Як іранізуюць паплечнікі Івана Мураўёва, насамрэч хуткацечнасць працэсу лагічная: справа фігуранта заняла ўсяго два тамы з адным “злачынным” эпізодам. Маюцца на ўвазе яго відэаздымкі для расследавання журналіста Стася Івашкевіча, якое выйшла на тэлеканале “Белсат”.
Сюжэт пад назвай “Сяброўка Ліліі Лукашэнка і алігархі сталі бенефіцыярамі справы артапедаў” з’явілася летась у ліпені. А праз месяц у “Кальянную №1” па Івана Мураўёва прыйшлі сілавікі з ордэрамі на ператрус. Першапачаткова высунуты артыкул застаўся да самога прысуду — ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса (“уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фармаванні)”.
Праваабарончая супольнасць прызнала Івана Мураўёва палітычным вязнем.
Справа прадпрымальніка і фрылансера відавочна ідэнтычная той, якую перад гэтым разглядаў Мінскі гарадскі суд у дачыненні да іншага відэаператара Алеся Любенчука. На момант затрымання ён ужо не займаўся журналістыкай, але да таго супрацоўнічаў з “Белсатам”. Толькі ў яго фігуравалі два эпізоды, таму і атрымаў пакаранне на паўгода большае — 3 гады зняволення.
Сам Іван Мураўёў у ранейшых інтэрв’ю неаднаразова казаў, што напісаннем тэкстаў, а таксама фота- і відэаздымкамі займаўся збольшага для ўнутранага задавальнення. «Кальянная №1», якой ён валодае, — культавае месца ў асяродку мінчукоў, яна і забяспечвала патрэбы для штодзённага існавання. А вось журналісцкая праца стала сапраўднай крыніцай творчага натхнення. І ўжо зусім незапраграмавана сюды дадаўся вопыт палітзняволенага.
Чытайце яшчэ:
“Мяне сустрэла схуднелая, але струменячая энергіяй фізіяномія”, — бацька палітвязня-журналіста Андрэя Аляксандрава
З удзелам прэзыдэнтаў: «Радыё Свабода» адкрыла ў Вільні сваё бюро
Гарадзенскіх журналістаў-палітвязняў катуюць карцарамі ды ізаляцыяй