• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Асуджанага карэспандэнта Белтэлерадыёкампаніі занеслі ў спіс «экстрэмістаў»

    Міністэрства ўнутраных спраў абнавіла ведамасны «пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Спіс папоўніўся адразу 34 прозвішчамі, у іх ліку колішні вядоўца крымінальнай хронікі Дзмітрый Лукша і яго жонка-журналістка Паліна Палавінка.  

    Агулам у «экстрэмісцкім спісе» МУС Беларусі ўжо 2596 чалавек, усе яны трапілі пад кантроль сілавікоў за год з невялікім – на хвалі рэпрэсій пасля  драматычных падзеяў 2020-га. 

    24 сакавіка стаў «экстрэмістам» і былы журналіст Белтэлерадыёкампаніі,  пазаштатны карэспандэнт казахстанскага тэлеканала «Хабар 24» Дзмітрый Лукша (пакараны судом 4 гадамі калоніі), а таксама яго жонка Паліна Палавінка (асуджана на 2,5 гады калоніі).  

    Летась у снежні суддзя Мінскага гарадскога суда Наталля Бугук на падставе версіі абвінавачання прызнала, што Дзмітрый Лукша пры дапамозе «памагатых» цягам лістапада 2021-га – сакавіка 2022-га прадстаўляў замежнаму тэлеканалу «Хабар-24» за ўзнагароджанне матэрыялы пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. 

    Паводле следства, Дзмітрый Лукша з дапамогай жонкі Паліны Палавінкі і відэааператара Канстанціна Ніканорава падрыхтаваў відэасюжэты і артыкулы навін, у якіх выклаў «загадзя хлуслівыя звесткі пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае, міжнароднае становішча і пра дзейнасць афіцыйных органаў, у якіх дыскрэдытаваў дзяржаву». Свае дзеянні «змоўцы» здзейснілі нібыта з асэнсаванай мэтай «прычынення істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам». 

    На гэтай падставе Дзмітрыя Лукшу абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, а асуджаных разам з ім Канстанціна Ніканорава і Паліну Палавінку — у «спрыянні здзяйснення злачынства». Акрамя таго, Дзмітрыю Лукшу, Паліне Палавінцы і Дзянісу Яроўскаму дадаткова інкрымінаваны ўдзел у «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». 

    У выніку судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда пастанавіла абвінаваўчы прысуд.

    Дзмітрыю Лукшу паводле арт. 369–1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») і ч. 1 арт. 342 КК («актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады са штрафам у эквіваленце 16 000 рублёў. 

    Паліна Палавінка асуджаная паводле ч. 6 арт. 16 і арт. 369–1 КК («спрыянне ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 арт. 342 КК («актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») зняволеннем на 2 гады 6 месяцаў і штрафам 3 200 рублёў.

    Дзянісу Яроўскаму на падставе ч. 1 арт. 342 КК («актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў.

    Канстанцін Ніканораў пакараны на падставе ч. 6 арт. 16 і арт. 369–1 КК («спрыянне ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь») абмежаваннем волі на тэрмін 3 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу са штрафам у памеры 3 200 рублёў.

    Яшчэ адна фігурантка справы Анастасія Яроўская пакінула Беларусь і на судзе не прысутнічала.

    Сёлета ў канцы лютага Генеральная пракуратура паведаміла, што прысуд у адносінах названых асобаў уступіў у законную сілу. Гэта сведчыць, што Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйныя скаргі фігурантаў і пакінуў рашэнне суддзі Мінскага гарадскога суда без зменаў.

    Чытайце яшчэ:

    У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» кнігу гомельскага журналіста

    «Ці вырашыла з ліквідацыяй TUT.BY і іншых незалежных медыя дзяржава хоць адну праблему?» Марына Золатава — беларусам пра Беларусь

    Галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» перавялі ў Жодзіна

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці