• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Асуджанага экс-журналіста БТ Дзмітрыя Лукшу этапавалі ў шклоўскую калонію

    Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома, што колішні аўтар крымінальнай хронікі на дзяржаўным тэлебачанні Дзмітрый Лукша пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай установе № 17 Шклова на Магілёўшчыне.

    Паводле наяўных звестак, у сярэдзіне студзеня журналіста перавялі з  мінскага СІЗА № 1 у ізалятар турмы № 4 Магілёва, дзе ён чакаў вынікаў разгляду апеляцыі на прысуд. Калі вышэйшая інстанцыя скаргу чакана не задаволіла, яго этапавалі для адбыцця чатырохгадовага тэрміну ў калонію № 17 Шклова. Пра пераезд стала вядома з ліста на волю, новае месца дыслакацыі ён пацвердзіў і падчас тэлефанавання бацькам.

    Журналіст задаволены, што задзейнічаны на працах: пасля года ў перапоўненых ізалятарах магчымасць быць на вуліцы ўспрымаецца як «падарунак». 

    Дзмітрый Лукша — у нядаўнім мінулым пазнавальны твар тэлеканала «Беларусь 1», шматгадовы аўтар праграмы «Зона X», прысвечанай надзвычайным здарэнням. Акрамя таго, быў пазаштатным карэспандэнтам казахстанскага тэлеканала «Хабар 24», супраца з якім і стала падставай да пераследу.  

    Журналіста затрымалі летась 11 сакавіка, у яго жыллі сілавікі правялі ператрус. Паводле следства, цягам лістапада 2021-га – сакавіка 2022-га Дзмітрый Лукша з дапамогай жонкі Паліны Палавінкі і відэааператара Канстанціна Ніканорава рыхтаваў відэасюжэты для «замежнага СМІ», у якіх выкладаў «загадзя хлуслівыя звесткі пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае, міжнароднае становішча і дзейнасць афіцыйных органаў». «Змоўцы» нібыта дзейнічалі з асэнсаванай мэтай «прычынення істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам».

    На гэтай падставе Дзмітрыя Лукшу абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, а Канстанціна Ніканорава і Паліну Палавінку — у «спрыянні здзяйснення злачынства». Акрамя таго, Дзмітрыю Лукшу, Паліне Палавінцы і іх сябрам, фігурантам-сужэнцам Дзянісу і Анастасіі Яроўскім, дадаткова інкрымінавалі ўдзел у «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». 

    У выніку судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда на чале з Наталляй Бугук пастанавіла абвінаваўчы прысуд.

    Дзмітрыю Лукшу паводле арт. 369–1 КК («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь») і ч. 1 арт. 342 КК («актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады са штрафам 16 000 рублёў.

    Паліна Палавінка асуджаная паводле ч. 6 арт. 16 і арт. 369–1 КК («спрыянне ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 арт. 342 КК («актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») зняволеннем на 2 гады 6 месяцаў і штрафам 3 200 рублёў.

    Дзянісу Яроўскаму на падставе ч. 1 арт. 342 КК («актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў.

    Канстанцін Ніканораў пакараны на падставе ч. 6 арт. 16 і арт. 369–1 КК («спрыянне ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь») абмежаваннем волі на тэрмін 3 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу са штрафам у памеры 3 200 рублёў.

    Анастасія Яроўская пакінула Беларусь і на судзе не прысутнічала, яе абвясцілі ў вышук.

    Сёлета ў канцы лютага Генеральная пракуратура паведаміла, што прысуд у дачыненні названых асобаў уступіў у законную сілу. Гэта значыць, што Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйныя скаргі фігурантаў і пакінуў рашэнне суддзі Мінскага гарадскога суда без зменаў.

    24 сакавіка 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў дадало Дзмітрыя Лукшу і іншых фігурантаў справы ў ведамасны спіс «экстрэмістаў».

    Чытайце яшчэ: 

    Сайт издания Office Life снова доступен. Его блокировал Мининформ из-за «нарушений»

    Юбілей за кратамі: Ларысе Шчыраковай – 50

    Прозвішча журналісткі Ксеніі Луцкінай зноў у графіку судовых пасяджэнняў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці