Юбілей за кратамі: Ларысе Шчыраковай – 50
13 красавіка ў гомельскай журналісткі і краязнаўцы Ларысы Шчыраковай юбілей – ёй спаўняецца 50 гадоў. Але павіншаваць Ларысу асабіста не так проста, бо сустракае яна гэтую шыкоўную круглую дату за кратамі СІЗА-3.
Чатыры месяцы таму, 6 снежня, у прыватным доме Шчыраковай, дзе яна жыла з шаснаццацігадовым сынам, сілавікі правялі ператрус. Жанчыну забралі ў ізалятар, а яе сына Святаслава перадалі ў сацыяльны прытулак. Сваякі звязаліся з бацькам падлетка, які пасля разводу жыве асобна ў расійскім Новасібірску, адкуль ён родам. Праз два тыдні бацька прыехаўу Гомель і забраў Святаслава з прытулку пад сваю апеку.
Тым часам Ларысу Шчыракову з ІЧУ перавялі ў СІЗА. Супраць яе распачалі крымінальную справу паводле арт. 369–1 КК — «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». Што канкрэтна ставяць у віну жанчыне, невядома, як і тое, на якой стадыі знаходзіцца даследаванне крымінальнай справы.
З адвакаткі ўзялі падпіску аб неразгалошванні. Перадачы з неабходнымі рэчамі для Шчыраковай ад сваякоў прымаюць, а вось спатканняў пакуль не даюць.
На волю Ларыса пісала, што знаходзіцца ў адной камеры са звычайнымі бедалагамі, арыштаванымі за розныя эканамічныя ды побытавыя злачынствы. На шпацыры яны, па сутнасці, не ходзяць. Скардзілася таксама, што не мае добрага сну, бо ў камеры ўначы ўвесь час гарыць святло.
У адным з апошніх лістоў Ларыса прасіла перадаць ёй крэмы для твару і цела. На пераведзеныя ў СІЗА на асабісты рахунак грошы Ларысе ўдалося замовіць патрэбныя кнігі па псіхалогіі – мінулай восенню яна паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францішка Скарыны на завочнае навучанне, каб набыць прафесію псіхолага.
У свой час Ларыса вочна скончыла гісторыка-філалагічны факультэт гэтага ж універсітэта, выкладала ў школе гісторыю і англійскую мову, а потым захапілася журналістыкай, супрацоўнічала з незалежнымі медыя. Яна таксама запачаткавала ўласны праект ушанавання памяці рэпрэсаваных за савецкім часам «Забітыя і забытыя». Запісвала сведчанні сваякоў рэпрэсаваных, на падставе якіх стварала дакумэнтальныя фільмы.
За працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі ў беларускім МЗС Шчыракову на падставе пратаколаў міліцыі суды каралі адміністрацыйнымі штрафамі больш як 40 разоў.
У 2021 годзе Ларыса Шчыракова публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі. Зарэгістравалася індывідульным прадпрымальнікам і стала займацца этнафотасесіямі – здымала за грошы ахвочых людзей у нацыянальных беларускіх строях. Дзеля гэтага выкарыстоўвала ўласную багатую калекцыю народных вышыванак, намітак, старадаўніх побытавых рэчаў з гомельскага краю.
Зычым юбілярцы моцы, веры ў свае сілы і хутчэйшай волі.
Нядаўна Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) і саюзы французскіх журналістаў SNJ, SNJ-CGT, CFDT-Journalistes зрабілі адмысловую заяву, у якой заклікаюць да безадкладнага вызвалення Ларысы Шчыраковай.
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА