• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Апаненты зрабілі ўсё магчымае, каб нас абваліць”. Мінінфарм адсправаздачыўся за 2022 год

    У апошні дзень зімы адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства інфармацыі, на якой прапагандысты падвялі вынікі сваёй  “кіпучай дзейнасці” за мінулы год і паставілі задачы на 2023-ці. 

    Калегія пад эгідай кантрольнага ведамства сабрала ўвесь ідэалагічны актыў уладнай вертыкалі – прадстаўнікоў урада, прэзідэнцкай адміністрацыі, кіраўнікоў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, праўладных партыйцаў і БРСМаўцаў.

    У справаздачнай прамове міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў не шкадаваў гучных рэляцый у бок падначаленай галіны, пахваліўшыся “беспрэцэдэнтнымі поспехамі” практычна на ўсіх напрамках: ад “двухзначных лічбаў” даверу да “мільёнаў” праглядаў.  

    «Мы выходзім з выдатнымі лічбамі па мінулым годзе. Гэта і рост даверу да дзяржаўных СМІ – двухзначныя лічбы. І скачок на 16,3% тэлепраглядаў нацыянальных каналаў – такіх высокіх паказчыкаў не было за апошні час. Мы перавышалі 1 млн гледачоў, якія анлайн глядзелі праграмы. І іншыя выдатныя перамогі: адкрыццё новых аналітычных, інфармацыйных праектаў на тэлеканалах, шмат праектаў у рэгіянальнай прэсе. Забаўляльныя перадачы, якія сталі асабліва папулярныя. Такіх маштабных праектаў у нашай краіне даўно не было. Увогуле 2022 год выдаўся прадуктыўным, дзейсным, хоць і няпростым», — спасылаецца на свайго кіраўніка Telegram-канал Мінінфармацыі.

    Пры гэтым функцыянер спрабаваў дэманстраваць глыбокае разуменне новых тэхналогій. Напрыклад, заявіў, што дзяржСМІ не карыстаюцца “сінтэтычнымі тэхналогіямі” нарошчвання падпісчыкаў.

    «У нас ёсць каналы з мільённымі падпісчыкамі ў YouTube — як БелТА. СТБ, АНТ, «Беларусь 1» перасягнулі паўмільённую мяжу, а недзе і 700 тысяч. Добрыя паказчыкі ў Tik­Tok, на іншых сацпляцоўках. Гэтыя вынікі арганічныя, мы не карыстаемся сінтэтычнымі тэхналогіямі — пакістанскімі ці індыйскімі падпісантамі. Але выдатна разумеем, што гэта не нашы пляцоўкі. Бо як толькі пачынаем дамагацца значных вынікаў, як толькі нашыя апаненты, уладальнікі гэтых пляцовак, бачаць гэта, нас проста выпілоўваюць з платформаў, якія мы лічылі тэрыторыяй стопрацэнтнай свабоды — як, напрыклад, Telegram, адкуль летась выдалілі тры дзясяткі прадзяржаўных каналаў з падпісчыкамі больш за сто тысяч», — паскардзіўся на “цэнзуру” Уладзімір Пярцоў, не згадаўшы, што тое ж самае ўлады робяць у дачыненні да незалежных беларускіх рэдакцый. 

    Але, падаецца, Уладзімір Пярцоў канчаткова вызначыўся з падзелам СМІ на “чэсныя і нячэсныя”. Прынамсі ўсе ягоныя заявы тычыліся выключна дзяржаўных медыя, якія на фоне “гібрыднай інфармацыйнай вайны” сталі “зубастымі” ва ўмовах беспрэцэдэнтнага ціску. Згадак пра крыніцы альтэрнатыўнай інфармацыі не было ў прынцыпе. Затое гучалі папярэджанні пра “злосныя планы апанентаў”.   

    “Чым больш нас спрабуюць задушыць, тым больш у нас сіл і энергіі. Але наперадзе не менш напружаны год. Напэўна, мы толькі здагадваемся пра тое, што нашы апаненты нам рыхтуюць. Зрэшты, наша галіна за апошнія гады стала куды больш моцнай, зубастай, агрэсіўнай, прафесійнай і аператыўнай. Мы гатовыя да любых выклікаў і будзем адэкватна рэагаваць на любыя пагрозы, якія паступаюць на адрас нашай краіны і СМІ Беларусі”, — папярэдзіў нядобразычліўцаў міністр Пярцоў.

    Пры гэтым міністр інфармацыі пагадзіўся, што ў агляднай перспектыве бюджэтным арганізацыям давядзецца працаваць у “агрэсіўным асяроддзі”. Таму заклікае да “дыверсіфікацыі”, у тым ліку на расійскіх платформах.  

    БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі, каб быць карыснымі і цікавымі тым, хто з намі даўно, і тым, хто нас яшчэ не ведае.  Гэта дапаможа нам адаптаваць нашыя прадукты і кантэнт, удасканаліць іх і стаць карысным інструментам і плацдармам для развіцця беларускай незалежнай журналістыкі. Прайдзіце апытанне і дапамажыце нам стаць лепш!

    «Мы гэта разумеем, гэта ўлічваем. Пакуль іншых платформаў няма. Яны ствараюцца, у тым ліку ў Расійскай Федэрацыі. Я заўсёды рэкамендую размяшчаць свой кантэнт максімальна шырока, каб у гэтай “табурэткі” было як мага больш ножак. Але мы разумеем, што ў пэўны момант, калі наша канструктыўная пазіцыя будзе асабліва важкай, нас проста па традыцыі, якая склалася ў «дэмакратычных» рэгулятараў, пачнуць выпілоўваць з сацыяльных сетак і месенджараў», — падрыхтаваў ён сваіх калег да цьмянай перспектывы.

    Адзначыўшы 2022 год як “прадуктыўны” — а менавіта летась рэпрэсіі супраць незалежных СМІ дасягнулі свайго апагея, а колькасць “медыяэкстрэмістаў” расла ледзьве не ў геаметрычнай прагрэсіі — Уладзімір Пярцоў выказаў перакананне, што сёлета ведамства “не збавіць” абаротаў.

    “Пачатак мінулага года быў, мякка кажучы, няпросты. На нас абрынулася вялізная колькасць фэйкаў, не толькі звязаных са спецыяльнай ваеннай аперацыяй, але і на іншую тэматыку. Проста небывалы санкцыйны ціск, адкліканне рэкламных бюджэтаў. Увогуле нашы апаненты па той бок барыкад зрабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб нас абваліць. З іншага боку, усё, што не забівае — робіць нас мацней, а любое дзеянне выклікае супрацьдзеянне. Тым больш, што мы, журналісты, народ спецыфічны: чым больш нас спрабуюць задушыць, тым больш у нас сіл і энергіі”, — аптымістычна падсумаваў Уладзімір Пярцоў.

    Таксама чыноўнік выказаў упэўненасць, што ў Беларусі не толькі захаваюцца, а атрымаюць новы штуршок мясцовыя газеты, радыё і тэлебачанне. Ён нагадаў, што рэгіянальная прэса праходзіць зараз маштабную перабудову з узбуйненем рэдакцый і перадачай асноўных функцый у галаўны холдынг. На самой жа справе гэта азначае ліквідацыю шэрагу рэдакцый і, як вынік, істотнае скарачэнне працоўных месцаў.

    Чытайце яшчэ: 

    Праваахоўнікі шукаюць незалежнага журналіста, які даўно пераехаў у ЗША (Абноўлена)

    Першае вялiкае iнтэрв’ю Iвулiна на волi: 1000+ лiстоў, 135 кніг, чэмпiён калоніі па футболе, адзенне замест аўтографаў i шмат iншага

    «30 тысяч человек сообщили о перемещении войск». Интервью с создателем «Беларускага Гаюна» Антоном Мотолько

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці