«Антыжурналіст» Віктар Малішэўскі: Калі б мой блог быў па-беларуску, падтрымка была б яшчэ большая
Беларускі блогер перамог у конкурсе The Bobs, у сваёй намінацыі ён канкурыраваў з такімі вядомымі расейскімі праектамі, як «Такие дела» і «Bird in flight», і ўзяў першынство з адрывам у 1000 галасоў.
2 траўня ў Бэрліне абвясьцілі ляўрэатаў міжнароднага конкурсу The Bobs — Best of Online Activism («За грамадзянскую актыўнасьць у сеціве»), які штогод праводзіць мэдыякампанія Deutsche Welle.
Паводле вынікаў галасаваньня ў інтэрнэце, найлепшым рэсурсам на расейскай мове прызнаны праект беларускага журналіста Віктара Малішэўскага «Антыжурналіст», у якім аўтар мовай лічбаў, наглядна і з іроніяй камэнтуе афіцыёз дзяржаўных СМІ.
Віктар Малішэўскі сказаў, што не падаваў заяўкі на ўдзел у конкурсе і дагэтуль ня ведае, хто яго намінаваў.
У інтэрвію Свабодзе блогер расказаў, што хутка яго сайт стане весьціся па-беларуску, а сам ён на цырымоніі ўганараваньня будзе лабіраваць дадатковую намінацыю — за блог на беларускай мове.
— Віктар, чаму ў намінацыі «Лепшы сайт ці блог на расейскай мове» прагаласавалі за вас, а не за расейскія праекты?
— Часам перамагаеш таму, што правільна пабудаваў стратэгію і правёў добрую працу сярод знаёмых і сярод СМІ. Галасаваньне цягнулася месяц — за гэты час можна было падняць усе свае рэсурсы і ацаніць рэсурсы супернікаў. Я змог пабудаваць стратэгію галасаваньня такім чынам, каб перамагчы. Калі параўноўваць мой сайт адзінокага блогера і майго бліжэйшага суперніка — расейскі рэсурс «Такие дела», то відавочна, што ў апошняга нашмат больш рэсурсаў і магчымасьцяў, ня кажучы ўжо пра тое, што інтэрнэт-карыстальнікаў у Расеі нашмат больш. Але мне ўдалося вельмі ўдала пабудаваць стратэгію.
— Як вы ацэньваеце сваіх бліжэйшых канкурэнтаў? Гэта ўжо згаданы рэсурс «Такие дела» і мэдыяпраект «Bird in flight».
— Насамрэч, сярод намінантаў вельмі шмат крутых праектаў. І ня толькі ў маёй намінацыі. І яшчэ я заўважыў, што вельмі мала блогераў-адзіночак. Конкурс ператвараецца ў конкурс актыўнасьцяў, а не спаборніцтва блогераў, якія ўжо ледзь ня маманты на мяжы выміраньня. Я сябе таксама лічу такім мамантам, але я яшчэ не сьпісаўся, не. Такім чынам, цяпер на першы плян выходзяць супольныя праекты блогераў і журналістаў, якія супольна робяць цікавую ініцыятыву — тэматычную, як у «Такие дела», ці проста цікавую, як у «Bird in flight». Я ведаю, што многія беларусы галасавалі за «Такие дела» — проста ў грамадзтве ёсьць запатрабаванасьць рэсурсу на мяжы дабрачыннасьці і журналістыкі. Трэба чакаць, што неўзабаве такія рэсурсы будуць зьяўляцца і ў нас.
— Чаму ў конкурсе няма намінацыі «Найлепшы сайт ці блог на беларускай мове»?
— Гэта асобнае пытаньне. Я паканкурыраваў з расейцамі і пабачыў, што зь імі змагацца вельмі цяжка. Але ў нас вялікая праблема — няма блогу на беларускай мове. Вельмі хутка я пачну пісаць на беларускай мове, будзе створаная адмысловая старонка, ужо цяпер гэтым займаецца праграміст. Усе мае тэксты будуць выходзіць па-беларуску і па-расейску. Калі паеду на ўзнагароджаньне — буду спрабаваць лабіраваць намінацыю на беларускай мове.
— Як вы лічыце, ці была б такая самая падтрымка вашага сайту, калі б ён быў на беларускай мове?
— Я ня бачу нічога такога ў беларускай мове, што магло б адштурхнуць. Думаю, што падтрымка была б яшчэ большая.
— Ці можа на нешта паўплываць блогер у варунках Беларусі?
— Я больш за ўсё стараюся пазьбягаць уплывовасьці. Блогерства для мяне — гэта нешта а‑ля анархічнае. Калі ты пачынаеш пісаць тэкст і думаеш, што гэтым ты на нешта паўплываеш, ты ўжо больш ня пішаш тэкст, замест гэтага ты спрабуеш уплываць. А гэта зусім іншае — ты ператвараесься ў палітыка. Вядома, я разумею, што не пішу кудысьці ў космас. Але я ня стаўлю на мэце ўплываць. Я хачу паказваць людзям, што вось тут можа быць маніпуляцыя, а вось тут з чагосьці можна пасьмяяцца. Дарэчы, цяпер нагоды пасьмяяцца — гэта нашмат важней, чым пісаць пра тое, што ў нас дыктатура, і даказваць аксіёму, якая не патрабуе доказаў.