Беларускі блогер Віктар Малішэўскі перамог у конкурсе The Bobs-2016
Блог беларуса Віктара Малішэўскага набраў найбольшую колькасць галасоў у намінацыі “Найлепшы рускамоўны сайт альбо блог” на міжнародным конкурсе The Bobs (Best of Online Activism), які ладзіць медыякампанія Deutche Welle.
Пераможцу вызначалі наведнікі, галасуючы за свайго фаварыта на адмысловым сайце. У выніку блог “Антыжуналіст” больш як на тысячу галасоў апярэдзіў свайго асноўнага канкурэнта – расійскі праект “Такие дела”.
Вынікі конкурса абвясцілі 2 мая на адмысловай прэс-канферэнцыі ў межах Берлінскай Медыяканвенцыі, што праходзіць у сталіцы Германіі 2–3 мая. Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў чэрвені ў Боне на Глабальным Медыяфоруме, які ладзіць DW.
Віктар Малішэўскі ўдзельнічаў у конкурсе ўжо ў другі раз (у 2010 годзе намінаваўся яго блог у ЖЖ), прычым абодва разы – з падачы саміх арганізатараў. “Антыжурналіст” блогер і медыяаналітык з Беларусі Віктар Малішэўскі сухой мовай лічбаў каментуе афіцыёз з экранаў Белтэлерадыё. Тыповы прыклад: “З прэзідэнцкіх выбараў (снежань 2010 года) сярэдні заробак беларуса вырас з 1 595 900 да 6 536 100 рублёў – альбо з 531 да 450 долараў…”, – так быў прэзентаваны сёлета яго блог на старонцы галасавання.
The Bobs (Best of Online Activism) – міжнародны конкурс, заснаваны DW у 2004 годзе. Он падтрымлівае блогераў, анлайн-актывістаў і журналістаў, якія адстойваюць свабоду слова і правы чалавека ў інтэрнэце.
Сёлета да конкурса дапускаліся блогі і сайты на 14 мовах: англійскай, арабскай, бенгальскай, інданэзійскай, іспанскай, кітайскай, нямецкай, персідскай, партугальскай, рускай, турэцкай, украінскай, французскай, хіндзі.
Прадстаўнічае міжнароднае журы вызначае пераможцу ў чатырох міжнароных намінацыях: “Найлепшая сацыяльная ініцыятыва ў Сеціве”, “Найлепшая інавацыя”, “Культура і мастацтва”, а таксама “Грамадзянская журналістыка ў Сеціве”. Карыстальнікі галасавалі за пераможцаў ва ўсіх 18 намінацыях конкурса– і ў чатырох “міжнародных” (па версіі публікі), і чатырнаццаці “нацыянальных”.
ПОЎНЫ СПІС ПЕРАМОЖЦАЎ У КОЖНАЙ НАМІНАЦЫІ ПА-РУСКУ
Дарэчы, у 2007 годзе, калі ў конкурсе прысутнічала намінацыя “Найлепшы фотаблог”, перамогу ў ім атрымала беларуска Акбара (журналістка Ксенія Авімава).