Антон Матолька давёў да суда справу супраць Белтэлерадыёкампаніі
Пазоў фатографа тычыцца выкарыстання Беларускім тэлебачаннем яго фотаздымкаў, паказаных у эфіры больш за год таму.
Антон Матолька заяўляе, што ў яго скралі здымкі. Яшчэ ў сакавіку 2015 года ён накіраваў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі ліст-прэтэнзію, у якім напісаў пра парушэнне аўтарскіх правоў і нанясенне маральнай шкоды. Фатограф прапанаваў публічна прынесці прабачэнні ў выпуску навін на “Беларусь 1”, заплаціць 10 млн рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды і 5 млн 400 тысяч — у якасці кампенсацыі парушэння маёмасных правоў.
Тады старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў сваім адказе паведаміў фатографу, што фота было ў “свабодным доступе” ў інтэрнэце і што аўтар здымкаў не забараніў іх выкарыстанне. Прэтэнзію Матолькі Давыдзька назваў “неабгрунтаванай”, пры гэтым спаслаўшыся на законы “Аб аўтарскім праве і сумежных правах” і “Аб сродках масавай інфармацыі”.
Цяпер справу фатографа супраць БТ будзе разглядаць Вярхоўны суд Беларусі. Папярэднія слуханні па зыску прызначаныя на 9 чэрвеня.