• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Андрэй Павук: Калі спяваў у вёсцы, думаў, што кіёчкам па галаве ляснуць. Але не — пахвалілі

    Рэдакцыя сайта ГА "БАЖ" паразмаўляла пра любоў народную і страхі ўлады са "шматстаночнікам" з пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці. Андрэй Павук — адміністратар скандальнай групы «Рудабельская паказуха», аўтар хіта Ксеніі Дзягелькі «Я из деревни», аўтар і выканаўца песень на сацыяльную тэматыку. Адным словам — народны журналіст.

    — У Акцябрскім, аўтэнтычная назва якога Рудабелка, жыве каля сямі тысяч чалавек. Гэта нямала, але адлегласць ад вялікіх гарадоў уплывае на лад жыцця. Тут асобны свет, свая дзяржава ў дзяржаве. У нас усіх прывучаюць, што трэба баяцца, бо цябе могуць звольніць, баяцца выказваць сваю думку, баяцца, бо што ж пра цябе падумаюць іншыя. Канешне, людзі разумеюць, што гэта ненатуральна, але адвагі супрацьстаяць няма. У вялікім горадзе больш свабоды і людзям адтуль можа быць складана ўявіць, як можна некага прымусіць, напрыклад, выпісаць газету. Тут такіх пытанняў нават не ўзнікае. І зручна займаць пазіцыю “я нічога не бачу, нічога не чую”. Калі ж паказваеш парадак рэчаў, што існуе, то людзі пачынаюць абурацца: “Навошта ты гэта паказваеш нам?!” Я зрабіўся блогерам і актывістам, каб нешта рабіць у іншым напрамку. І сваіх знаёмых я напружваю гэтым, выклікаю ў іх падазрэнне. У нас нават хадзілі чуткі, што як павітаешся з Павуком, то могуць пасадзіць.  

    — Цяпер усіх непакояць сацыльныя праблемы, распавядзіце, ці лёгка ў вашым раёне знайсці працу?

    — Заробак у 250 рублёў — гэта той мінімум, які тут плоцяць. А калі знайшоў працу за 300 рублёў, то ўжо добра, пашанцавала. Працаўладкавацца праблематычна. Калі я шукаў работу, то нават скотнікам у калгас не хацелі браць, бо там сваіх беспрацоўных хапае. Увогуле, каб працаўладкавацца, трэба быць паслухмяным, дысцыплінаваным, трэба падабацца кіраўніку. Усе адзін аднаго ведаюць і часта раяцца паміж сабой, калі трэба ўзяць на работу новага чалавека. З‑за таго, што няма працы, многія ездзяць у Расію на заробкі. Маладыя людзі мараць з’ехаць у Мінск, а яшчэ мараць, каб само ўсё наладзілася без іх удзелу. Увогуле наш пасёлак, меркавана, у хуткім часе перавядуць у падпарадкаванне да Светлагорска, то бок забяруць статус райцэнтра.

    Я працаваў 1,5 года ў лясгасе, потым сам напрасіўся ў Дом дзіцячай творчасці, працаваў там пяць гадоў акампаніятарам, вёў гурток для дзяцей “Рэпарцёр”. Але не скажу, што гэта ўсё выклікала цікаўнасць у дзяцей. У нас з’явіўся блогер — сямікласнік. Ён распаўсюдзіў інфармацыю, што ў гімназіі цячэ дах, зняў гэта. А ў выніку яго з бацькамі выклікалі на размову з міліцыянтам.

    Для мяне агулам гэта была даволі сумная праца. Нешта прапануеш, а цябе ўвесь час папраўляюць. Тыя ж конкурсы на тэму энергазберажэння у нас штогод праходзяць. І калі пачынаеш распавядаць пра халодны ядзерны сінтаз ці нешта яшчэ, што дазваляе шырэй глядзець на праблему, дык такое не вітаецца. Усё зводзіцца да энергаашчадных лямпачак. Усе ідэі ў чорную дзірку. Наша адукацыя цяпер скіраваная на тое, каб выраўняць усіх людзей і зрабіць агульнай масай. Цяпер я працую фатографам як прадпрымальнік, раблю фота на дакументы.

    — Цяжка не згадаць «зорны момант» з вашай працы ў Доме творчасці — хіт для Ксюшы Дзягелька “Я из деревни”. Былі пасля гэтага рэпрэсіі ці наадварот пахвалілі?

    — Усе зразумелі тады, што гэта сцёб. Але ідэолагі вырашылі бараніць дзяўчынку і твор, бо тады б гэта азначала адрачэнне ад тых ідэалаў, якія прапагандуе БРСМ. Я яшчэ два гады адпрацаваў на тым месцы. Але потым мне ўсё адно сказалі, што “педагог не можа так паводзіцца”. Ведаеце, педагогі ў нас таксама вартая жалю праслойка грамадства. Гэта ў большасці людзі, якія за заробак гатовыя даваць хлусню дзецям. А як ты навучыш дзіця, так яно і будзе жыць. Яны ж ухваляюць усё гэта, культывуюць шэрасць.

    — Чаму для блога «Рудабельская паказуха» вы абралі сацыяльную сетку “Одноклассники»?

    — У нас ёсць раёнка, але ёй ніхто не верыць. Больш прагрэсіўныя людзі сябруюць з інтэрнэтам. І мы спрабуем гэтым карыстацца, агучваем праз сеціва свой погляд. Але ў нас і за лайкі ў “Одноклассниках» начальства можа выклікаць на “кавёр”. Калі езджу па вёсках, то развожу маланакладную ўлётку “Рудабельская праўда”.

    Наша аўдыторыя бавіць свой час менавіта ў “Одноклассниках». Я гляджу, што моладзь зусім інертная. А людзі старэйшага пакалення наадварот схільныя дыскутаваць, абмяркоўваць. І яны не актыўна карыстаюцца сеткай “ВКонтакте” ці тым больш Face­book. Спачатку для нас гэта быў эксперымент, але я атрымаў рэакцыю, якую хацеў. І мы засталіся там.

    Магу сказаць, што матэрыялы пра палітыку баяцца людзі каментаваць. А матэрыялы пра дзіцячыя садкі, праблемы з дарогамі, паркоўкай, цэны на прадукты, пра іржавую ваду заўсёды маюць добры водгук. Абмяркоўваць жа ўлады, а міліцыю мала хто наважваецца.

    — Чаму ў стварэнні мультымедыйнага кантэнту часта абіраеце вельмі простыя формы?

    — Для мяне праца над праектам “Вёскі раёна” — гэта асобны свет, там цікавыя людзі. Яны жывуць у нейкім старым вымярэнні. Цікава слухаць, як на іх уплывае прапаганда з тэлевізара, з якімі думкамі яны жывуць. Яны як дзеці — вельмі наіўныя. І мне іх шкада, бо яны сваё жыццё аддалі на працу і ў выніку атрымалі пенсію, якой ні на што не хапае. Але ёсць і такія персанажы, якія не баяцца крытыкаваць улады. Толькі звычайна яны апраўдваюць Лукашэнку і вінавацяць мясцовых чыноўнікаў.

    Мяне натхняе магчымасць паразітаваць на заганах сістэмы, асобных яе персанажаў. Наша краіна сюррэалістычная. Трэба падаваць сур’ёзныя праблемы несур’ёзна. Пра праблемы ў нас трэба расказваць як казкі дзецям.

    А мастацтва — моцная рэч.  Яно ўплывае на ход нашых думак.

    Калі я спяваў для гэтых дзвюх жанчын, то думаў, што нехта з іх кіёчкам па галаве лясне. Але не – пахвалілі.

    Хацеў бы выдаць свае песні ў супрацоўніцтве з некім. У мяне ёсць двое сяброў, але яны не хочуць займацца сацыяльнай праблематыкай. Увогуле хацеў бы быць творцам у музычнай сферы, ладзіць нешта смешнае і несур’ёзнае.

    — Вы бралі ўдзел у палітычнай кампаніі Анатоля Лябедзькі. Які асадак застаўся ад гэтага досведу?

    — Я — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, падчас перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі збіраў подпісы за Анатоля Лябедзьку, быў назіральнікам на ўчастку. Галоўная мая выснова з убачанага  — збірай не збірай, а выбары не выйграеш.

    Разам з тым гэта была магчымасць для апытанак, размоў, магчымасць прыйсці на вуліцу з бел-чырвона-белым сцягам. Не скажу, што я зусім расчараваўся пасля ўдзелу ў кампаніі.

    Мае знаёмыя пра палітыку разважаюць стандартнымі клішэ: “Апазіцыя прадажная, а хто прыйдзе? А вы яшчэ горш”. Яны не вераць нікому.

    А маладыя людзі з ліцэя ўвогуле гаварылі мне: “А навошта яго мяняць?”. Яны іншага прэзідэнта і не бачылі ў сваім жыцці, а вось так думаюць.

    Увогуле было б добра, каб жыхары раёна маглі браць удзел у кіраванні, маглі абмяркоўваць куды размеркаваць бюджэт, якія ёсць праблемы і як іх вырашыць. Я б хацеў, каб кожны адчуў, што можа ўплываць на жыццё ў цэлым. Вось пра гэта я мару, каб у нас было адказнае грамадства.

    — Ці бачыце будучыню для сваіх дзяцей на іх малой радзіме?

    — Я б не хацеў, каб дзеці з’ехалі адсюль. Можна вандраваць, але з’язджаць не бачу сэнсу. Я па сабе мяркую. Тут я ў сваёй талерцы, а так дзе я каму патрэбны? Мінск? Мінск мне цяпер падабаецца, я ведаю там людзей, і горад свабодны, шырокі.

    Старэйшага сына, можа, сёлета аддадзім у школу, яму 5 год, але ён добра чытае і ўжо сумуе ў садку.

    — Настаўнікам варта насцярожыцца і падрыхтавацца?

    — Чаму? Я нават хачу, каб дзеці былі сябрамі БРСМ, удзельнічалі ў гэтых конкурсах. Канешне, я буду тлумачыць што гэта за структура. Але я хачу праз іх патрапіць туды і, як кажуць, разваліць гэта знутры. Я размаўляў з падлеткамі пра патрыятызм, усё гэта ў размовах выклікае ў іх збянтэжанасць. Увогуле ў гэтым жыцці няма адной праўды, калі ты выходзіш з адной сістэмы, то пераходзіш у іншую. Мы жывём ілюзіямі. Для сябе я прыдумаў, што няма ніякіх забаронаў. Калі мне нешта падабаецца, то я буду на гэтым стаяць.

    — Што дае вам сяброўства ў Беларускай асацыяцыі журналістаў? Тым больш, што наўпроставага дачынення да прафесіі вы не маеце.

    — У БАЖ мне прапанаваў уступіць Анатоль Гатоўчыц (кіраўнік Гомельскай філіі БАЖ — рэд.). Калі падаваў заяву, то сыходзіў з думкі “не насіць жа за спіной, калі прымуць”. Але тут я пазнаёміўся з рознымі людзьмі, меў юрыдычную дапамогу, калі пачаліся «наезды» з боку ўладаў. Для мяне гэта — асобны свет, цікавыя людзі, магчымасці для развіцця, пашырэння кругагляду. Падчас апошняй сустрэчы з сябрамі арганізацыі я нават думаў пра сябе: “Хіба я мог марыць, што, нават не маючы журналісцкай адукацыі, буду знаёмы з такімі выбітнымі асобамі”.

    Фота з прыватнага архіву Андрэя Павука

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці