Андрэй Бастунец: “Улады не могуць кантраляваць замежныя СМІ, таму імкнуцца кантраляваць беларускіх грамадзян, якія супрацоўнічаюць з імі”
Страшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец даў інтэрв’ю сайту “Індэкса цэнзуры”, у якім распавёў пра апошнія змены і падзеі ў медыяландшафце Беларусі, выклікі журналістам і СМІ, стан свабоды прэсы ў цэлым.
“Пераслед фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыямі, пачаўся ў 2014 годзе і працягнуўся ў 2015‑м. Летась было прысуджана 28 штрафаў паводле артыкула 22.9 (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Па-ранейшаму ўлады пераследавалі супрацоўнікаў СМІ толькі за сам факт публікацыі іх матэрыялаў у замежных СМІ.
Я думаю, гэта можна патлумачыць тым, што беларускія ўлады жадаюць абмежаваць замежныя СМІ як важныя незалежныя крыніцы інфармацыі, ва ўмовах недахопу незалежных аўдыёвізуальных СМІ ў Беларусі. Усе аштрафаваныя журналісты супрацоўнічалі з радыё ці тэлеканаламі, якія вяшчаюць па-беларуску ці па-руску для беларусаў. Раз беларускія ўлады не могуць кантраляваць гэтыя СМІ, яны імкнуцца кантраляваць беларускіх грамадзян, якія супрацоўнічаюць з такімі СМІ”.
Па словах А. Бастунца, галоўнымі выклікамі для ГА «БАЖ», як і заўжды, застаюцца “абарона свабодаў журналістаў і свабоды выказвання, праз узаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі, прававую дапамогу і міжнародную дзейнасць на карысць свабоды слова”.