Андрэй Бастунец: Больш за 20 беларускіх медыяарганізацый прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі»
Беларускія ўлады працягваюць выкарыстоўваць заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для перашкоды дзейнасці незалежных медыя, адзначыў 13 снежня падчас пасяджэння дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, які выступаў па анлайн-сувязі.
Па яго дадзеных, больш за 20 беларускіх медыяарганізацый, уключаючы Беларускую асацыяцыю журналістаў, прызнаныя беларускімі ўладамі «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
— Гэта ставіць пад пагрозу не толькі супрацоўнікаў і аўтараў СМІ, але і іх аўдыторыю, — падкрэсліў старшыня БАЖ.
Андрэй Бастунец таксама адзначыў, што ціск уладаў і вымушаная рэлакацыя большасці вядучых незалежных СМІ пагаршаюцца эканамічнымі праблемамі, з якімі сутыкнуліся рэдакцыі: скарачэнне рэкламных даходаў, даходаў ад продажаў, іншых магчымасцяў зарабляць сродкі пры адначасовым павелічэнні выдаткаў.
— Аднак беларускі незалежны медыясектар захоўвае адзінства і дэманструе высокі ўзровень карпаратыўнай салідарнасці і каардынацыі. Гэта надае яму ўстойлівасць нават у гэты крытычны перыяд існавання, — лічыць кіраўнік журналісцкай арганізацыі.
Ён нагадаў, што па ініцыятыве БАЖ у гэтым годзе праводзіўся Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі. Па ўсім свеце палітыкі, праваабаронцы, грамадзянскія актывісты выходзілі, каб падтрымаць нашых калегаў.
— Сёння, падчас войнаў і канфліктаў, якія па аб’ектыўных прычынах выкідваюць з міжнароднага парадку дня Беларусь і яе праблемы ў сферы правоў чалавека, вельмі важна на ўсіх пляцоўках нагадваць пра Беларусь, незалежныя медыя і журналістаў за кратамі, — выказаў спадзяванне старшыня БАЖ.
Як дадаў Андрэй Бастунец, цяпер у месцах зняволення знаходзяцца больш за 30 супрацоўнікаў беларускіх медыя. Некаторыя ўжо выйшлі на волю пасля адбыцця тэрміну пакарання, але адначасова адбываюцца затрыманні іншых журналістаў.
— Гэта не проста лічбы. Большасць з калегаў у зняволенні — мае добрыя знаёмыя і нават блізкія сябры. Нават у страшным сне мне такое не снілася, — падсумаваў старшыня БАЖ.
Чытайце яшчэ:
«Журналісты сутыкаюцца з праблемамі, якія ставяць пад пагрозу само існаванне медыяў». Што абмяркоўвалі беларусы ў Сейме Літвы
Алег Агееў: Гэта выклік — як бараніць правы іншых, калі беларускія праваабаронцы самі з’яўляюцца ўразлівай групай
Акцыю па падтрымцы зняволеных беларускіх журналістаў правялі ў Канадзе