• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Заява ГА «БАЖ» і Беларускага ПЭН-цэнтра з нагоды прысуду Марыне Золатавай

    4 сакавіка суд Заводскага раёна Мінска пакараў галоўнага рэдактара самага папулярнага беларускага інтэрнэт-партала Tut.by Марыну Золатаву штрафам у 7 650  рублёў паводле абвінавачання ў бяздзеянні службовай асобы (арт. 425 Крымінальнага кодэкса) і спагнаў на карысць БелТА працэсуальныя выдаткі ў памеры 6 000 рублёў. Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

    Марына Золатава — адзіная асоба, крымінальная справа якой была перададзена ў суд па так званай “справе БелТА”. Астатнія фігуранты справы (не менш за 14 чалавек), якія абвінавачваліся ў несанкцыяваным доступе да інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва (ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэкса), былі вызвалены ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў і фактычным прымусам да выплаты кампенсацый дзяржаўным медыям БелТА і “СБ.Беларусь сегодня”. Памер кампенсацыі вызначаўся па методыцы, якую нельга прызнаць справядлівай і абгрунтаванай.

    ГА “БАЖ” і іншыя праваабарончыя арганізацыі ад пачатку звязвалі так званую “справу БелТА” з ціскам на свабоду слова. Ператрусы ў кватэрах журналістаў і рэдакцыях, кароткачасовыя затрыманні журналістаў і рэдактараў (пераважна — жанчын), адабранне прафесійнай тэхнікі, неабходнай для працы журналістаў і рэдакцый падчас папярэдняга следства па крымінальнай справе, выглядалі яўна празмернымі і накіраванымі на запужванне журналісцкай супольнасці.

    Падчас судовага працэсу стала вядома пра праслухоўванне тэлефоных размоў Марыны Золатавай і некаторых журналістаў задоўга да ўзбуджэння крымінальнай справы. Шэраг журналістаў у судовым працэсе заявілі, што супрацоўнікі Следчага камітэту аказвалі ціск на іх падчас допытаў з мэтай атрымаць паказанні супраць Марыны Золатавай.

    Само абвінавачанне ў бяздзейнасці службовай асобы выглядае спробай прыцягнуць яе да крымінальнай адказнасці любымі сродкамі. Пра палітычны характар пераследу сведчаць і празмернасць асабістага дагляду прысутных падчас разгляду судовай справы у будынку суда.

    ГА “БАЖ” і Беларускі ПЭН-цэнтр заклікаюць улады Беларусі:

    • неадкладна спыніць непрапарцыйнае ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у працу журналістаў і недзяржаўных СМІ;

    • прыняць меры для адмены прысуду Марыны Золатавай і вызваліць яе ад крымінальнай адказнасці.

    Мы ўпэўненыя, што жорсткія меры супраць журналістаў, якія праходзілі па “справе БелТА”, не паўплываюць на рэдакцыйную палітыку незалежных медыяў.

    4 сакавіка 2019 года

    ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

    Беларускі ПЭН-цэнтр

    Да заявы далучыліся:

    - Праваабарончы цэнтр «Вясна»

    - Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Прававая ініцыятыва»

    - Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права»

    - Экспертна-прававое таварыства «Ініцыятыва FORB»

    - Асветніцкая ўстанова «Цэнтр прававой трансфармацыі»

    - Публічная ўстанова «Беларускі дакументацыйны цэнтр»

    - Асветніцка-дабрачынная ўстанова «Камітэт «Салідарнасць»

    - Асамблея НДА

    - Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Беларускі Хельсінкскі Камітэт»

    - Установа «Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Хьюман Канстанта»

     

        

    Бастунец прысуд Золатавай зьвязвае з набліжэньнем выбараў

    Арлем Дэзір: Прысуд Золатавай можа негатыўна паўплываць на незалежныя СМІ ў Беларусі

    Зісер пра вырак Золатавай: «Гэта яшчэ мяккі прысуд, і я лічу яго перамогай»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці