• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ён мне нагадваў Маленькага прынца — вечнага вандроўніка, які шукаў схаваныя сэнсы рэчаў і ўласнага жыцця». Мікалаю Дзядку — 35

    23 жніўня адзначае за кратамі свой дзень народзінаў Мікалай Дзядок — анархіст, публіцыст і сталы аўтар «Новага Часу». На старонках гэтага выдання пра свайго былога студэнта  Уладзіслаў Гарбацкі. 

    2020 год выбухнуў для нас чароўнай надзеяй, перавернутай рэжымнікамі на боль. Тады краіна літаральна зьзяла ад сьмеласьці і геройства тысячаў, сотняў тысячаў беларусак і беларусаў. Непрыкметныя героі сярод нас паказалі свае абліччы, упісаўшы Беларусь у сусьветную гісторыю змагарства за вольніцу.

    Думаю, многім нам пашанціла ведаць некаторых зь іх. Ні на кроплю не сумняюся, такім героям зьяўляецца мой былы студэнт Мікола Дзядок, які сёлета 23 жніўня ў зьняволеньні адзначае свае 35 год. Палітзьняволены з багатым досьведам арыштаў і сядзеньня, анархіст, публіцыст, палітоляг, беларус, жыцьцё і дзейнасьць якога здаўна падпісалі вырак рэжыму. А яшчэ прыгадаем, Мікола мае багаты досьвед супраціву, чаканьня і, зрэшты, перамогі. 

    Сьмеласьць, зацятасьць, часта бескампраміснасьць і ўсё ж крытычнасьць розуму заўсёды адрозьніваюць Міколу. Пасьпяховы і моцны студэнт, Мікола заўсёды заставаўся чалавекам зьместу – форме не заўсёды прысьвячаў увагу – і гэта было сьвядома. Камфорт заходняга жыцьця ня вабіў яго – ён заўсёды вяртаўся дамоў у Беларусь. І заўсёды з акуратнасьцю падтрымліваў сувязь, рэгулярна пісаў, дзяліўся ўражаньнямі, распавядаў пра кніжныя навінкі, актыўна дэбатаваў на палітычныя і грамадзкія тэмы, раіўся. Мяне цешыла, што і пасьля ўнівэрсытэту Мікола працягваў пісаць, ставіць пытаньні і дзяліцца сваімі посьпехамі.

    Студэнт стаўся калегам, суразмоўцам, таварышам. Часта забываюць, што ён палітоляг: амальгамна і эмацыйна на першае месца ставяць азначэньні “анархіст”, “журналіст”. А ён перадусім удалы прафэсійны палітоляг, што яму вельмі добра дапамагала ў публіцыстычнай і ідэалягічнай дзейнасьці. Што робіць многія ягоныя тэксты дасюль грунтоўнымі і аналітычнымі. Не заўсёды я пагаджаўся з Міколам, але гэта толькі надавала нашым размовам здаровага напружаньня. Я і цяпер вельмі чакаю Міколу, каб працягнуць нашыя гвалтоўна спыненыя дэбаты…

    А яшчэ я часта прыгадваю нашыя шпацыры ў Вільні, Менску і Коўне: Мікола любіў шмат хадзіць і размаўляць ідучы.

    Я ніколі не казаў яму, але ў тыя моманты Мікола мне заўсёды нагадваў слыннага героя кнігі Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры – Маленькага прынца. Бо акурат як герой кнігі Мікола сымбалізаваў для мяне вечнага вандроўніка ў сьвеце, які шукаў схаваныя сэнсы рэчаў і ўласнага жыцьця.

    Як выкладніку мне неверагодна пашанціла стрэць такога студэнта, які бяз боязі апрабаваў палітычную тэорыю на практыцы. Прыгэтым мне балюча ведаць, што мой былы студэнт церпіць ня проста як грамадзянін з актыўнай дэмакратычнай пазыцыяй, а як прафэсіянал. Калісьці я скажу яму, што ўжо ня першы год 23 жніўня стаўся для мяне новым сьвяточным днём, днём народзінаў героя. 

    Падтрымаць палітвязня лістамі можна на адрас: Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1. Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.

    Чытайце яшчэ:

    «Были слезы, кто-то забрал документы»: стало известно, куда распределили студентов журфака

    Украінскі праваабаронца Максім Буткевіч, які дапамагаў беларускім журналістам: «Сёння 14 месяцаў я ў СІЗА, на 14 месяцаў больш, чым трэба»

    «Трэба мець адвагу». Занусі пра 2020 год беларусаў і мастацтва ў часы рэпрэсій

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці