Якія карты працуюць у Беларусі і як перавесці грошы з‑за мяжы
З 13 кастрычніка фінансавы сэрвіс Revolut паведаміў аб тым, што спыняе разлікі сваімі плацежнымі карткамі ў Беларусі. «Белсат» паглядзеў, якія карты і плацежныя інструменты на сённяшні дзень даступныя ў Беларусі, а таксама сабраў спосабы, як можна пералічыць грошы з-за мяжы ў нашу краіну.
Revolut не адзіны банк, які спыніў сваю дзейнасць у Беларусі пасля вайны. Выданне «Мотолько Помоги» зрабіла агляд, у якім пералічыла яшчэ 7 банкаў і фінтэхкампаніяў, якія перасталі працаваць у нашай краіне: гэта значыць, карткамі гэтых банкаў нельга разлічвацца ў пунктах гандлю і рабіць разлікі ў інтэрнэце, а праз фінансавыя кампаніі пераказваць грошы ў Беларусь.
Але найперш варта паглядзець, якія наогул плацежныя сістэмы засталіся ў нашай краіне і ці можна скарыстацца імі для таго, каб пералічыць грошы ў Беларусь.
Якія плацежныя сістэмы працуюць у Беларусі?
Стаць уладальнікамі карт дзвюх найбольш папулярных плацежных сістэм Visa і MasterCard на сённяшні дзень прапануюць у большасці беларускіх банкаў: пачынаючы ад «Беларусбанка» і заканчваючы «Альфа-банкам» ці «Белгазпрамбанкам» і інш. Хаця ёсць банкі, дзе такой магчымасці няма («Белінвестбанк», «БелВЭБ»).
На тэрыторыі Беларусі гэтыя карты працуюць без абмежаванняў. Што ж тычыцца працы за мяжой, то на сайтах беларускіх банкаў напісана, што карты Visa і MasterCard дазволены да выкарыстання паўсюдна і без абмежаванняў. Але ў той жа час раюць не забываць пра магчымыя «абмежаванні» ў залежнасці ад палітыкі плацежных сістэм розных краін (чытай накладзеных санкцыяў).
Пры гэтым трэба адзначыць, што карткі Visa и MasterCard, выпушчаныя ў банках Расейскай Федэрацыі, у Беларусі не працуюць (незалежна ад банку).
Карткі айчыннай сістэмы «Белкарт» можна замовіць у любым банку Беларусі. У першую чаргу гэтыя карты створаныя для аплат на тэрыторыі Беларусі. Таксама працуюць яны ў Расеі, Арменіі, Кыргызстане, Таджыкістане, В’етнаме, Венесуэле і Кубе.
Пераводзіць грошы на гэтую карту можна толькі з картак, выпушчаных беларускім банкам (у тым ліку плацежных сістэм MasterCard і Visa, а таксама з картак расейскай плацежнай сістэмы «Мір». З картак, выпушчаных замежнымі банкамі, зрабіць перавод на «Белкарт» немагчыма.
Карты расейскай плацежнай сістэмы «Мір» таксама працуюць у нашай краіне без абмежаванняў. Імі можна расплаціцца ў крамах і кавярнях, а таксама здымаць гатоўку ў большасці банкаматаў. Але ў банкаматах некаторых банкаў прыйдзецца заплаціць камісію. Часам таксама з’яўляюцца паведамленні пра тое, што некаторыя плацяжы могуць не праходзіць.
Адпаведна, перавесці грошы на карту сістэмы «Мір» можна з тых краін, у якіх яна працуе. На сённяшні дзень гэта Турцыя, В’етнам, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, таксама ў гэтым пераліку фігуруюць Паўднёвая Асеція і Абхазія.
І нарэшце, у Беларусі працуе таксама кітайская сістэма UnionPay, якая ў першую чаргу арыентуецца на краіны Азіі і Бліжняга Усходу. Прымаюцца такія карткі ў 181 краіне свету, у тым ліку ў ЗША і еўрапейскіх дзяржавах, але радзей, чым у азіяцкіх краінах.
Здымаць гатоўку з картак гэтай сістэмы можна ў банкаматах трох банкаў: «Белгазпрамбанк», «Белаграпрамбанк» і «Беларусбанк». Але пакуль адзначаецца, што карыстацца ў Беларусі гэтай плацежнай сістэмай не вельмі зручна – найперш у сувязі з абмежаванай колькасцю банкаматаў, з якіх можна зняць гатоўку.
Як перавесці грошы ў Беларусь
З сыходам Revolut з Беларусі адправіць грошы ў краіну з‑за мяжы стала ўсё больш праблематычна. І калі з краінамі былога савецкага лагеру (за выключэннем краінаў Балтыі і Украіны) яшчэ можна знайсці нейкія варыянты праз карткі згаданых вышэй плацежных сістэм), то спосабаў перасылкі грошай з Еўропы становіцца ўсё менш і менш.
Адзін з найбольш распаўсюджаных – гэта сэрвіс Paysend. Як адзначаецца на ягоным сайце, сістэма працуе больш як у 170 краінах. З яго дапамогай можна перавесці грошы на беларускія карты ўсяго за некалькі хвілін. Аднак трэба ўлічваць пару нюансаў.
Па-першае, сэрвіс бярэ камісію за перавод грошай (звычайна пачынаецца ад 1,5 еўра). Па-другое, на канвертацыі адной валюты ў другую таксама можна згубіць частку грошай: Paysend пераводзіць грошы ў нацыянальнай валюце краіны, з якой робіцца перавод (праверка ідзе па нумары тэлефона, прывязанага да сэрвісу). Таму, напрыклад, адправіць еўра з Польшчы не атрымаецца, сістэма іх пералічыць у долары, адпаведна больш слушна будзе пераводзіць грошы на беларускую доларавую картку.
Важна таксама, што сістэма Paysend можа даваць спецыяльныя промакоды, якія дазваляюць пераводзіць грошы без камісіі (такі, напрыклад, выдаецца для выканання першага пераводу, перыядычна сэрвіс высылае такія коды на пошту карыстальніку).
Сэрвіс Fin.do працуе ў больш як 50 краінах і, у адрозненне ад Paysend, дазваляе рабіць пераводы ў еўра і не губляць грошы на канвертацыі. Важна таксама ведаць, што пасля стварэння акаўнту карыстальніку даецца магчымасць адпраўляць да 1500 долараў за дзень або 7000 долараў у месяц на адну карту. Праз некаторы час ёсць магчымасць павысіць гэтыя ліміты. Камісія за перавод складае ад 1,5 % ад сумы пераводу.
Адным са спосабаў, якім карыстаюцца беларусы за мяжой, з’яўляецца сэрвіс MoneyGram. Ён дае магчымасць пераводу грашовых сродкаў ад фізічнай асобы да фізічнай асобы без неабходнасці адкрыцця банкаўскага рахунку і працуе ў больш як 170 краінах свету.
Для адпраўкі пераводу неабходна ведаць правільнае напісанне імя і прозвішча чалавека, якому перасылаюцца грошы (важна, каб было запісана так, як у пашпарце, памылка ў адным сімвале не дазволіць атрымаць перавод). Далей вы проста звяртаецеся ў пункт, дзе робяцца такія пераводы (напрыклад, у Польшчы гэта можна зрабіць на пошце, у Літве ёсць і асобныя пункты, і пункты пры банках), падаяце дадзеныя асобы, якой пераводзяцца грошы, і суму, а наўзамен атрымліваеце спецыяльны код, які павінны пераказаць атрымальніку грошай.
Максімальная сума такога пераводу – 8000 долараў (гэта ліміт разавай перасылкі адной асобе і абмежаванне, якое даецца на месяц). Сума камісіі можа складаць ад 2 долараў.
У якасці яшчэ аднаго спосабу беларусы, якія жывуць за мяжой, называюць сэрвіс «Альфа-банка» для пераводу грошай з карты на карту (у Беларусі гэта павінна быць карта менавіта «Альфа-банка»). Пры гэтым у рэжыме анлайн будзе паказана сума камісіі, якую возьме з вас беларускі банк. Так, з сумы ў 100 еўра камісія банка будзе складаць 1,89 еўра.
Беларус беларусу…
Акрамя таго, для беларусаў даступны і яшчэ адзін спосаб перадачы грошай. Не, гэта не асабістая перадача праз знаёмых, хаця і такога спосабу ніхто не адмяняў. У Беларусі ўсё часцей здараецца так, што перадаваць грошы праз фінансавыя сэрвісы можа быць небяспечным: усё ж падатковая ў Беларусі адсочвае такія паступленні, а гэтая інфармацыя, у сваю чаргу, можа стаць даступнай сілавікам. Сітуацыі ж, у якіх могуць спатрэбіцца грошы ў Беларусі, бываюць розныя: тэрміновая дапамога пацярпелым ад рэпрэсіяў або іхным сваякам, падтрыманне людзей, якія маюць у гэтым патрэбу, складаныя жыццёвыя абставіны ў родных ці знаёмых і г.д.
У такіх выпадках беларусы могуць звяртацца ў фонд BY_help. Працуе гэта такім чынам, што вы пераказваеце за мяжой грошы на рахункі фонду, а ўжо BY_help выкарыстоўвае ўнутры Беларусі свае кантакты, дзеля таго каб перадаць грошы таму адрасату, якога вы ўкажаце. І гэта чарговы доказ таго, што беларусы ў цяперашніх складаных умовах гатовыя дапамагаць адно аднаму.
Чытайце яшчэ:
«34. Гэта не лічбы, а нашы сябры і блізкія за кратамі». Марафон салідарнасці са зняволенымі журналістамі працягваецца
Вайна скончыцца. Калі-небудзь. У нашых фэйсбучных баталіях. Барыс Гарэцкі пра ўражанні ад паездкі ў Кіеў
«Вся страна сейчас живет так, как годами жили пострадавшие от домашнего насилия». Большой разговор с Ольгой Горбуновой