• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Узнагарода ад следкама, трэнінг на RT і паездкі на акупаваныя тэрыторыі Украіны. Чым адметныя прапагандысткі Людміла Гладкая і Ксенія Лебедзева

    Пачынаючы з 15 жніўня ў Гродне трывае так званы судовы працэс, на якім лукашэнкаўскі рэжым абвінавачвае Дзяніса Івашына ў «здрадзе дзяржаве». Гэты працэс с самога свайго пачатку прыцягвае ўвагу рознага кшталту прапагандыстаў. Адны з самых вядомых з іх — супрацоўніца «СБ. Беларусь сегодня» Людміла Гладкая і супрацоўніца тэлеканала «Беларусь 1» Ксенія Лебедзева. Абедзве яны ў дзень пачатку так званага суда забяспечвалі прапагандысцкае суправаджэнне працэсу, фактычна пераследавалі дыпламатаў заходнееўрапейскіх краін, якія прыйшлі да будынка суда, а таксама маці Дзяніса Івашына Людмілу.

    Гладкая: нагрудны знак ад СК, «наглядальная камісія» і санкцыі

    Як удалося высветліць, 17 сакавіка 2022 года Людміла Гладкая была ўзнагароджаная нагрудным знакам Следчага камітэта Беларусі «За службу і ўзаемадзеянне». Сведчанне аб узнагароджанні падпісанае старшынёй камітэта Дзмітрыем Гарой. Фактам узнагароджання Гладкая пахвалілася ў сваім акаўнце ва «Укантакце», суправадзіўшы гэта каментарыем «Спасибо, коллеги». Той факт, што яе сапраўдныя калегі — сілавікі, а не журналісты, няўзброеным вокам бачны з яе прапагандысцкай працы ў СМІ і сацсетках. А такім чынам ён атрымаў пацвярджэнне з вуснаў яе самой. 

    Апроч таго, з лістапада 2021 года Людміла Гладкая ёсць чальцом «Грамадскай наглядальнай камісіі», у паўнамоцтвы якой уваходзіць маніторынг варункаў утрымання людзей у турмах і калоніях. То бок цалкам магчымая сітуацыя, калі пасля сваёй прапагандысцкай працы, напрыклад, падчас працэсаў па справах Дзяніса Івашына ці Мікалая Аўтуховіча, яна ідзе «маніторыць варункі» ўтрымання ў турэмных камерах гэтых палітзняволеных.

    Яе «заслугі» былі адзначаныя не толькі «калегамі» са Следчага камітэта, але і атрымалі сапраўдную адпаведную адзнаку ад брытанскай структуры, якая займаецца ўвядзеннем санкцый. Са снежня 2021 года Людміла Гладкая знаходзіцца ў санкцыйным спісе Вялікабрытаніі.

    Вось такая фармулёўка прыводзіцца ў тым спісе: «Яе апублікаваныя меркаванні/артыкулы і перадачы ёсць адным з галоўных рупараў дзяржаўнай прапаганды, якая прыніжае і дыскрэдытуе незалежных журналістаў і прыхільнікаў апазіцыі, якія імкнуцца прадэманстраваць доказы сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека з боку рэжыму. Зафіксаваныя выпадкі, калі яна дапытвала асобаў, і яе журналістыка адмыслова ўхвалялася рэжымам Лукашэнкі. Такім чынам, Гладкая ўдзельнічае або ўдзельнічала ў падаўленні грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі, а таксама ў сур’ёзных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі».

    Лебедзева: трэнінгі на Russia Today і паездка ў акупаваны Марыупаль

    Ксенія Лебедзева, у адрозненні ад Людмілы Гладкай, пакуль што ў санкцыйных спісах адсутнічае. Але яна заслугоўвае апынуцца там побач са сваёй «калегай».

    У 2018 годзе Ксенія Лебедзева, якая на той момант два гады працавала на беларускім тэлеканале, ездзіла ў Маскву, дзе навучалася на занятках «па працы ў экстрэмальных варунках», якія праводзіў расійскі прапагандысцкі рэсурс «RT» (раней ён называўся «Rus­sia Today»). Самі па сябе RT — гэта апошняе месца, каб журналісту, нават з праўладных СМІ, павышаць сваю кваліфікацыю. Але варта адзначыць, што тэмай тых заняткаў на RT стала менавіта праца ў экстрэмальных варунках, то бок у так званых «гарачых кропках». Нагадаю, што на той момант Расія ўжо чатыры гады здзяйсняла ўзброеную агрэсію супраць Украіны, і шмат расіян з пасведчаннем журналіста станам на 2018 год ужо пабывалі ў зоне баявых дзеянняў, дзе выконвалі прапагандысцкую працу, а часам нават удзельнічалі ў вайне на баку агрэсара.

    А ў чэрвені 2022 года Лебедзева, дачакаўшыся зручнага для яе моманту, выкарыстала атрыманыя веды ад прапагандыстаў з «Рашы Тудэй» — паехала ў акупаваны Расіяй Марыупаль. Ніжэй бачны яе фотаздымак у кампаніі акупантаў, якія, дарэчы, хаваюць свае твары.

    Разам з Ксеніяй Лебедзевай ды іншымі прапагандыстамі на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны ездзіла і згаданая вышэй Людміла Гладкая.

    Чытайце яшчэ:

    Парушэнне аўтарскага права ці непаразуменне? Выстава Free Belarus у Празе выклікала абурэнне фатографаў 

    “За максімальнае пагружэнне”. Журналісцкія конкурсы Мінінфарма звяліся да “агратрэшу” 

    «Чужую брехню не удосуживаются проверять». Как и зачем провластные блогеры вбрасывают фейки в независимые СМИ

    “Никакого тоталитаризма не будет. А будет так, как я задумал”. Прапаганда і “гістарычны ўрок” Лукашэнкі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці