• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Никакого тоталитаризма не будет. А будет так, как я задумал”. Прапаганда і “гістарычны ўрок” Лукашэнкі

    Амаль тры дзясяткі гадоў Аляксандр Лукашэнка пазіцыянуе сябе ўніверсалам-шматстаночнікам. Залежна ад сітуацыі, ён то палітык ад Бога, то вайсковы стратэг, то буйны эканаміст, то вучоны аграном, то бесстаронні гісторык, то прафесійны хакеіст (лыжнік, раварыст і г. д). А 1 верасня традыцыйна пераўвасабляецца ў клапатлівага педагога.  

    Гэтым разам ягонае атачэнне пайшло шырокім фронтам, забяспечыўшы адначасовую прысутнасць Лукашэнкі ва ўсіх школах і вышэйшых навучальных установах краіны. Праз імітаваны “тэлемост” колішні лектар таварыства “Веды” правёў урок-прэв’ю “Гістарычная памяць — дарога ў будучыню”. Самых годных кандыдатаў з ліку адфільтраваных гледачоў запрасілі на прагляд у Палац незалежнасці. Праўладныя СМІ, якія вялі наўпроставую трансляцыю шырока разрэкламаванай “падзеі”, акцэнтуюць, што гэта “першы ўрок ад прэзідэнта”. Адпаведна, у раскладзе трэба чакаць і наступныя. 

    Справа ў тым, што сёлета набыла моц новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі, сярод іншага ўводзіцца модуль абавязковых сацыяльна-гуманітарных дысцыплін пад агульнай шыльдай “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”. Гэта “адзіна правільная” версія хронікі станаўлення сучаснага палітычнага ладу.        

    У пафасных пасылах напоўніцу піярыцца новая ідэалогія, на якую робіць стаўку ўлада: Беларусь па-сапраўднаму расквітнела з прыходам Лукашэнкі; гэта ён прынёс народу рэальную незалежнасць, пра якую папярэднікі толькі марылі; увесь свет ашчэрыўся на “бацьку нацыі” за яго бескампрамісную палітыку (ізноў паўтарыў уласны мэм пра планы нападу на Беларусь, павадзіўшы ўказкай па мапе). Нарэшце, свежы трэнд — генацыд супраць “рэспублікі-партызанкі” падчас Вялікай айчыннай вайны, за які мусіць адказаць калектыўны Захад. А хто будзе ва ўсім пералічаным сумнявацца, апрыёры трапляе ў экстрэмісты ды ворагі народу.    

    Дзяржаўная абслуга з ліку датацыйных медыя дружна падхапіла набор ідэалагічных штампаў, разабраўшы аратара на цытаты.   

    Тэлеканал СТБ, які дзякуючы апантанаму прапагандысту Рыгору Азаронку стаў у лукашэнкаўскім авангардзе, дзеля разагрэву кінуў на ідэалагічную амбразуру намесніцу міністра адукацыі Ірыну Старавойтаву. Крыху блытана — як і ўсё ў цяперашняй палітыцы Мінска:  

    «Охват будет всей страны — все ребята, педагоги будут у экранов. Кому-то посчастливится еще больше: будут находиться во Дворце независимости и участвовать в диологе, слушать президента, говорящего об истории нашей страны, о событиях, происходящих сегодня, о том, как относиться к тем или иным событиям, о позиции к этим событиям. Сейчас очень непростое время, особенно для молодежи». 

    «Как и когда-то, сегодня мир охвачен событиями, которые требуют своевременного разъяснения позиции государства. Позиции, основанной на многовековом опыте разных поколений белорусов, на их историческом выборе, на подвигах наших предков, на примерах истинной любви к своей земле», – падхоплівае тэлеканал АНТ. 

    Карыстаючыся маладой аўдыторыяй, на пачатку аўдыенцыі Лукашэнка не зусім да месца прадэманстраваў “першы беларускі камп’ютар”. Прызнаўся, што ён асабіста загадаў сваім “разумнікам з завода “Гарызонт” пашатацца па свеце” і сабраць уласны аналаг. Праўда, пакуль там толькі 12% айчынных камплектуючых.  

    Следам зрабіў рэзкі пераход да “неадназначнага чалавека” — народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

    Паказаў набор узнагарод, які яму прынёс старэйшы сын Віктар – маўляў, уратавалі ад трагічнай страты. Нібыта сваякі-нягоднікі ў свой час “прадалі на базары” за 30 долараў. На што ўдава літаратара Ірына Міхайлаўна аператыўна адказала, што пад выглядам музейных работнікаў архівы мужа дашчэнту распатрашылі махляры. Але ніхто з сямейнікаў і ў страшным сне не мог бы ўявіць, каб гандляваць рэліквіямі.    

    А далей пачаўся “ўрок з адхіленнямі”:

    Приведу одну фразу: «Разрастание культа личности Лукашенко, включая обязательство молодежи слушать его наставление в начале учебного года, — элемент тоталитаризма». Никакого тоталитаризма не будет. А будет так, как я задумал, когда мне  предложили провести этот урок, — нечакана вывернуўся ён. 

    Пахваліўся, што методыку добра ведае, бо атрымаў педагагічную адукацыю і правёў “кучу заняткаў”. Папярэдзіў, што ў яго ёсць спісы прысутных і ён не адмовіць у задавальненні “паганяць па тэме”. Праўда, астатняе аказалася не столькі агучваннем думак пра драматычны стан падзеленага беларускага грамадства, колькі спаборніцтвам на лаяльнасць.  

    «История — наставница жизни. Для того, чтобы мы могли воспитать будущее поколение, патриотов своей родины, они должны знать, какие светлые или не совсем светлые страницы истории были у нашей республики. Без исторической памяти невозможно воспитать действительно патриотов», — цытуе БелТА намесніка дэкана гістарычнага факультэта БДУ Аляксандра Бурачонка. Тут жа ў фотасправаздачы “натхнёныя” вучні, якія глядзяць анлайн-трансляцыю ў аўдыторыях.     

    «Мы из исторической Руси, единой купели восточнославянской. Мы — сердце славянской Европы. А древнеславянский язык — исходная матрица славянская — как раз из Беларуси. Вместе со своими побратимами создали древнее государственное образование. В IX‑X столетиях были три важнейших центра — Полоцк, Киев и Новгород. И мы создали свою форму государственности в виде ВКЛ. Мы должны гордиться мужеством своего народа и его духовностью», — гэта ўжо з сюжэта “Першага канала”, прысвечанага адказу гісторыка, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка.  

    — Для меня история – это история моей семьи в контексте страны. То есть это те события, которые прошли через нашу нацию и отразились на моей семье. История Беларуси – это история наших семей, — не прэтэндуючы на арыгінальнасць адказаў на лукашэнкаўскае пытанне пра “нашу гісторыю” намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута гісторыі НАН Станіслаў Юрэцкі.  

    Бадай, адзіны раз паставіў “настаўніка” ў нязручнае становішча малады хлопец-курсант Захар Аўчыннікаў: мала таго, што адказваў па-беларуску і нават прымусіў перайсці  на беларускую мову самапрызначанага лектара, а яшчэ згадаў самую вялікую трагедыю – як падчас розных войнаў беларусы ваявалі на розных баках і забівалі адзін аднаго. І, насуперак чаканням, не стаў крытыкаваць аўтараў і сцэнарыстаў развалу Савецкага Саюза. Не выключана, што маладзёну давядзецца прыгатавацца да выкліку на дыван.     

    Зрэшты, як і студэнту біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзянісу Знаку. Першакурснік канстатаваў, што пасля падзей 2020 года большая частка жыхароў Беларусі адмаўляецца «спажываць» праўладную, патрыятычную інфармацыю. Лукашэнка сышоў ад наўпроставага адказу, але прыгразіў запытаць рэктара, як той наогул прымаў іспыты. А ўжо пасля заканчэння трансляцыі разышоўся стоп-кадр з яшчэ адным парушальнікам спакою — малады чалавек трымае аркуш з выведзеным ад рукі словам «Спасите!».

    Натуральна, сярод іншага Лукашэнка закрануў тэму школьных і ўніверсітэцкіх падручнікаў. Па яго словах, апошнім часам шмат зроблена, каб “прыбраць з іх недакладнасці”. Ён звярнуўся да супрацоўніцы Нацыянальнага інстытута адукацыі Зоі Вінаградавай, каб яе калегі ў найбліжэйшы час чырвонай ніткай правялі ў дапаможніках “пытанні гістарычнай памяці”. 

    У гэтых “нітках”, здаецца, добра арыентуецца праўладны святар Фёдар Поўны. Газета прэзыдэнцкай адміністрацыі “Беларусь сегодня” цытуе яго ў той частцы, што, маўляў, у 1990‑х вельмі хутка змяніліся прадметы ў ВНУ — “падпарадкавалі ліберальным каштоўнасцям “господ”, якія вырашаюць лёс свету”. 

    «Нет и не было нейтрального образования, развивающегося вне государственных интересов. Нет и не было обществ без идеологии. Если такое вдруг случалось, это была предсмертная агония. Сейчас, когда в мире идет необъявленная третья мировая война, наша система образования просто обязана пересмотреть даже не на уровне предметов транслируемые ценности, а вплоть до создания новой науки, не просто учебников», — лічыць служка Маскоўскага патрыярхата

    Па-сутнасці сістэма адукацыі ў Беларусі ператварылася ў чарговы палігон ідэалагічнай апрацоўкі, дзе ўласна веды адыходзяць на задні план. Галоўнае, выпусціць пасля шматгадовай апрацоўкі не рознабакова развітую асобу, а паслухмяна-безгалосага слугу рэжыму. І роля настаўніка ў гэтай “місіі”, на жаль, адпаведная. А тых нязломных індывідумаў, якія яшчэ спрабуюць гнуць уласную лінію, без шкадавання пускаюць у расход…  

    Чытайце яшчэ:

    Палітвязні Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна ажаніліся ў СІЗА

    «Русский дом в Гомеле» готовит новых пропагандистов

    Гісторык, кінадакумэнталістка, ні дня не працавала ў навінах. Гісторыя Ксеніі Луцкінай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці