• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Удзельнікі з’езду БАЖ: меркаванні пра форум, бачанне дзейнасці арганізацыі, крытычныя заўвагі

    Удзельнікі з'езду ГА "БАЖ" падзяліліся меркаваннямі наконт таго, як прайшоў форум арганізацыі, а таксама распавялі пра тое, як яны бачаць дзейнасць арганізацыі. Ёсць і крытычныя заўвагі.

    Аляксандр Фядута, публіцыст

    Мне вельмі прыемна было ўбачыць на з’ездзе, што арганізацыя ўвесь гэты час працавала з рэгіёнамі. Гэта мяне, як жыхара Мінска, заўсёды турбавала, бо часта ў Мінску жыццё і сканчаецца. Аказваецца — не.

    Аляксандр Фядута, публіцыст

    Што тычыцца накірункаў працы БАЖ на бліжэйшыя гады, то ў прыярытэтах, на мой погляд, павінны па-ранейшаму заставацца рэгіянальныя праграмы і адукацыйныя курсы.

    Таксама важна працаваць над стварэннем віртуальнага музея беларускай журналістыкі. Я ўжо шмат гадоў кажу пра тое, што трэба ствараць энцыклапедыю беларускай незалежнай журналістыкі. Мажліва, гэты музей будзе формай існавання такой энцыклапедыі.

     

    Жанна Літвіна, сябра праўлення ГА «БАЖ»

    Я б хацела адзначыць грунтоўныя справаздачы пра дзейнасць арганізацыі: было што паказваць і пра што гаварыць. У гэтым плане з’езд быў вельмі змястоўным.

    Калі ствараўся БАЖ, то цяжка было да канца вызначыцца, што мусіць стаць прыярытэтам дзейнасці. Але першая заява арганізацыі была з нагоды адмовы беларускіх друкарняў у паслугах газетам “Имя”, “БДГ”, “Народная воля” і выхаду газет з “белымі плямамі” замест антыкарупцыйнага дакладу. Цяпер жа ўсведамленне неадпаведнасці часу нашага заканадаўства паказвае на тое, што мусіць быць прыярытэтам працы.

    Жанна Літвіна, сябра праўлення ГА "БАЖ"

    Трэба і надалей адштурхоўвацца ад актуальных патрэбаў. І, самае галоўнае, памятаць, што БАЖ — для журналістаў, а не журналісты для БАЖу.

    На з’ездзе шмат гаварылі пра змены ў медыяспажыванні, канвергентнасць — трэба кіравацца гэтымі тэндэнцыямі. Яшчэ я падзяляю меркаванне аднаго з нашых калег, што будучыня — за аўтарскай журналістыкай, што кожны журналіст мусіць быць асобай, таму трэба працаваць і над гэтым.

    Х з’езд Беларускай асацыяцыі журналістаў ФОТАРЭПАРТАЖ

    З’езд абраў новае кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў

    Беларуская асацыяцыя журналістаў падвяла вынікі працы за тры гады + ФОТА

     

    Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар газеты «Наша Ніва»

    Я быў прыемна ўражаны тым, наколькі гэта было беларускае і беларусацэнтрычнае па сваёй сутнасці мерапрыемства. Такой канцэнтрацыі беларускамоўных патрыятычных людзей адшукаць складана.

    Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар газеты "Наша Ніва"

    Удвая мне спадабалася тое, што ў адрозненні ад з’ездаў “Белай Русі” і падобных арганізацый, не было загадзя спланаванага сцэнару: хто ў патрэбны момант устане і што прапануе, а пасля гэтага ўсе адзінагалосна прагаласуюць. Прыемна, што ў БАЖы такога няма, і гэта было сапраўды дэмакратычна, з альтэрнатывай, з нейкімі нечаканымі крокамі. Такія былі для мяне пазітыўныя моманты.

    Што тычыцца далейшай працы, то пастараюся сказаць максімальна паліткарэктна. Сапраўды, унутры БАЖа існуюць суполкі журналістаў, якія працуюць па розных накірунках, яны ўсе — крутыя і патрэбныя. Але я б хацеў, каб кіраўніцтва арганізацыі не забывала, што гэта — меншасць. Таму важна не зводзіць асноўную дзейнасць да падтрымкі дзвюх-трох суполак, якія адстойваюць свае ўласныя інтарэсы. Важна не забываць пра большасць журналістаў, якія не ўваходзяць у суполкі, а якім проста патрэбны жывы здаровы БАЖ.

     

    Максім Хлябец, кіраўнік філіі ГА «БАЖ» у Брэсце

    Мне не спадабалася, што мы мусілі галасаваць за людзей, па сутнасці не падрыхтаваўшыся да гэтага. Я еду на з’езд і хачу ведаць загадзя, за каго я магу прагаласаваць, чаму я буду ці не буду за яго галасаваць, што гэты чалавек прапануе, якая ў яго праграма развіцця арганізацыі. Мяркую, што перадвыбарчую кампанію мусяць весці старшыня і намеснікі арганізацыі.

    Калі я запытаўся за некалькі дзён да з’езда, за каго будуць прапаноўваць галасаваць, мне адказалі, што пра гэта яшчэ рана гаварыць. Мне здаецца, такі падыход — ненармальны.

    Падчас справаздачы дзейнасці было шмат добрых прэзентацый. Распавядалі пра тое, што арганізацыя развіваецца, колькасць сябраў павялічваецца. Але, напрыклад, у Брэсце колькасць сябраў зменшылася, і не толькі таму, што людзі сышлі з прафесіі. Трэба паказваць сітуацыю з розных бакоў, каб яна была больш набліжаная да рэчаіснасці, праўдзівасці. Я бачу «свой БАЖ» і сітуацыя выглядае адваротна таму, што гаварылася. Атрымліваецца, што была агучаная няпоўная праўда. А людзі прыязджаюць з рэгіёнаў і хочуць ведаць інфармацыю цалкам.

    Цяпер арганізацыя шмат займаецца праваабарончай дзейнасцю, гэта вельмі важна. Бо сітуацыя з фрылансерамі, іх пераследам уладамі вельмі складаная. Гэтым абавязкова трэба займацца і надалей.

    Калі казаць пра адукацыйную працу, то яе сапраўды добра ацэньваюць сябры арганізацыі. Шмат хто прыходзіць у журналістыку ўвогуле з іншых прафесій, таму перакваліфікацыя, падвышэнне прафесійнага ўзроўню —  важныя кірункі.

    Яшчэ мне б хацелася, каб БАЖ заняўся “электрыфікацыяй” сваёй дзейнасці: каб унёскі можна было аплочваць праз электронную сістэму плацяжоў, каб, зайшоўшы на сайт пад сваім паролем, можна было паглядзець спіс сябраў арганізацыі па ўсёй краіне, мець іх кантакты. Гэта б дапамагала развіваць сувязі паміж людзьмі і спрыяла б умацаванню арганізацыі. Цяпер такой магчымасці ў нас няма.

    Яшчэ я мяркую, што можна браць прыклад з Прэс-клуба ў плане арганізацыі адукацыйных курсаў. Яны робяць іх на вельмі высокім узроўні, запрашаюць на адкрытыя лекцыі вядомых людзей, ладзяць медыятокі. Да іх можна прыехаць на палову дня і паслухаць практычныя парады ад экспертаў на тэму таго, як зрабіць сваё СМІ больш якасным.

     

    Алена Якжык, намесніца рэдактара інтэрнэт-газеты “Салідарнасць”

    Уражанні ад з’езду яркія. Мабыць, гэта самы запамінальны форум з усіх, на якіх я прысутнічала. Па-першае, было прыкметна, што людзі моцна засумавалі адзін па аднаму, былі радыя сустрэчы, настрой быў прыўзняты. Верагодна, у святле апошніх падзей, у тым ліку агучаных паправак у Закон аб СМІ, мы яшчэ больш маем патрэбу ў салідарнасці і адчуванні пляча аднадумца.

    Па-другое, уразілі даклады лідараў рэгіянальных філіялаў і суполак БАЖ.

    Праблемы ёсць ва ўсіх, і іх агучылі. Але ў цэлым людзі настроеныя аптымістычна і пры ўсіх сваіх цяжкасцях вядуць актыўную дзейнасць, у тым ліку асветніцкую.

    Па-трэцяе, выбары: ажыўленыя і дэмакратычныя. Так, ранейшае кіраўніцтва мае ўпэўненую падтрымку. Але мы ўбачылі, што кіруючыя пазіцыі зусім нечакана могуць заняць новыя людзі, а па рэйтынгах галасавання вымаляваліся новыя лідары. Усё гэта надае дынамічнасці арганізацыі, і хацелася б, каб гэтая дынаміка была станоўчай.

    Узрадавала тое, што «згарнулі» папраўкі ў Кодэкс па этыцы. Мяне, як рэдактара анлайн-газеты, добра дасведчанага ва «ўнутранай кухні» рабочага працэсу інфармацыйных рэсурсаў у Беларусі, вельмі турбавалі папраўкі № 3 і № 7. Яны максімальна ўскладнілі б нам жыццё, раскалоўшы частку супольнасці.

    Я падтрымліваю ўсе напрамкі дзейнасці, прапісаныя ў стратэгіі працы БАЖ на бліжэйшыя тры гады. Хацелася б толькі дадаць, што многія незалежныя журналісты сёння, па зразумелых прычынах, з трывогай глядзяць у сваё персанальную будучыню. Найперш размова пра заробкі, сацыяльныя гарантыі, пенсіі. Гэта праблема, якую трэба абмяркоўваць і нешта вырашаць.

     

    Аляксей Мінчонак, афіцыйны прадстаўнік у Беларусі тэлеканала «Белсат»

    Мне было прыемна ўбачыць, што арганізацыя дастаткова цэласна ўспрымае тыя выклікі, якія перад ёй стаяць. Няма пярэчанняў па прынцыповых пытаннях — гэта паказалі выбары старшыні. Прыемна, што было пэўнае змаганне за пасады намеснікаў. Гэта паказвае, што ў арганізацыі ёсць плюралізм.

    Аляксей Мінчонак, афіцыйны прадстаўнік у Беларусі тэлеканала "Белсат"

    Не спадабалася падрыхтоўка пытанняў пра змены ў этычны кодэкс. Не да канца было зразумела, што камісія прапаноўвала. Ну, і ў выніку адхілілі гэтыя прапановы, аправілі на дапрацоўку. Але ў цэлым у мяне — пазітыўныя ўражанні, арганізацыя разумее, што перад ёй стаіць, як гэтыя праблемы трэба вырашаць і да чаго імкнуцца.

    Што тычыцца будучай працы, то БАЖ для мяне — своеасаблівы журналісцкі прафсаюз, якога ў нас няма. БАЖ, як прафесійная арганізацыя, выконвае гэтыя функцыі і абараняе інтарэсы сваіх сябраў, у тым ліку і перад дзяржавай.

    На мой погляд, слушным было рашэнне з’езду пераабраць на пасаду старшыні Андрэя Бастунца. Зараз акурат той перыяд, калі на чале БАЖа мусіць быць моцны юрыст, які арыентуецца ў заканадаўстве, разумее, што прапаноўваць чыноўнікам, як з імі размаўляць. Таму, я думаю, БАЖу варта канцэнтравацца на заканадаўстве. Дамагацца, каб была скасавана рэгістрацыя СМІ, а журналісты, якія працуюць на замежныя медыя, маглі спакойна рабіць працу, не адчуваць пагрозаў.

     

    Вольга Корсун, кіраўніца суполкі ГА «БАЖ» у Гродне

    Для мяне гэта быў першы з’езд. Уразіла колькасць разумных людзей, была прыязная атмасфера. Увогуле засталося адчуванне вялікай журналісцкай сямі, адчуванне, што ты з’яўляешся часткай нечага большага — вялікай прафесійнай журналісцкай супольнасці.

    Справаздачы пакінулі ўражанне, што невялікімі сіламі робяцца вялікія справы: і праца рэгіянальных структур, і юрыдычная падтрымка.  І хаця некаторыя выступы былі сумнымі, усё адно ёсць аптымізм, бо ёсць шмат маладых цікавых журналістаў, жыццё ў рэгіёнах абудзілася, а гэта ўмацоўвае патэнцыял арганізацыі.

    Вольга Корсун, кіраўніца суполкі ГА "БАЖ" у Гродне

    Зразумела, што на фоне падзей — палітычныя кампаніі, змены ў заканадаўства — працаваць журналістам, якія ў авангардзе, будзе няпроста, тым больш, што многія працуюць як фрылансеры. І таму важныя праявы журналісцкай салідарнасці, важны юрыдычны складнік працы. Таксама трэба працягваць адукацыйныя праграмы па новым медыя, канвергентным СМІ, менеджарскія курсы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці